28.03.2017
                         Вярнуцца  да  вытокаў,  каб  стварыць  будучыню

     Адным з эфектыўных спосабаў развіцця цікавасці вучняў да гісторыі свайго краю, яго культурнай спадчыны  з’яўляецца арганізацыя экскурсій. Такі ўплыў маюць не толькі экскурсіі да агульнавядомых архітэктурных помнікаў, мясцін. Мноства адкрыццяў чакае дапытлівых вучняў у ваколіцах роднай вёскі, раёна.   Здзівілі, захапілі, уразілі…З такімі эмоцыямі мы пакідалі Цэнтр традыцыйнай культуры беларусаў “Спадчына Палесся” ў Мерчыцах.

     Цікава і змястоўна прайшла экскурсія па шасці залах Цэнтра. Супрацоўнікі Водчыц А.Р., Машталяр Л.У., Гузарэвіч Л.М.расказалі пра вырабы лозапляцення, ткацтва, ганчарства, гаспадарчыя прылады, прадметы побыту.

     Але гэтым наша знаходжанне ў Цэнтры не абмежавалася. Вучні пераапрануліся ў народныя касцюмы і кінуліся ў танцы. Ніхто не мог уседзець на месцы! Танцавалі не толькі ўсім знаёмую польку, але і развучылі кракавяк.

      А потым усе разам сабраліся за сталом, пілі чай з аладкамі, дзяліліся ўражаннямі.

     Так пачынаецца цікавасць да гісторыі роднага краю, зараджаецца  павага да свайго народа, нараджаюцца парастачкі нацыянальнай самасвядомасці, годнасці, патрыятызму.

      Хочацца сказаць вялікі дзякуй супрацоўнікам Цэнтра і пажадаць плёну ў такой важнай справе – захаванні і перадачы наступным пакаленням культурнай спадчыны нашага народа.

 Хандрыка С.В., настаўнік беларускай мовы і літаратуры