Воспитательная работа

ДУА “Сошненская сярэдняя школа” Пінскага раёна

 

  

  Праект

“Вярнуцца да вытокаў”

 

 

 

Хандрыка Святлана Васільеўна,

намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце

Кнюх Жанна Міхайлаўна,

кіраўнік ШВМА класных кіраўнікоў

 

 

Сошна 2019

 

 

 

ЗМЕСТ

1.

Уводзіны

с. 3 - 4

2.

Мэта і задачы праекта

с. 5

3.

Інфармацыйная карта праекта

с. 6 - 7

4.

Змест праекта

с. 8 - 10

5.

Маніторынг эффектыўнасці рэалізацыі праекта

с. 11 - 12

6.

Патэнцыял развіцця праекта

с.13

7.

Спіс  выкарыстаных крыніц

с. 13

8.

Дадаткі

с. 14 - 38

 

 

  

  1. УВОДЗІНЫ
    • Актуальнасць праекта

У адпаведнасці з Канцэпцыяй бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнцкай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь у сучасных сацыякультурных умовах адным з асноўных састаўляючых выхавання з’яўляецца грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, накіраванае на фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Адным з важнейшых прынцыпаў выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі з’яўляецца сацыяльна-культуралагічны, які вызначаецца прызнаннем і асэнсаваннем нацыянальна-культурных традыцый, адраджэннем і развіццём культуры свайго народа, фарміраваннем нацыянальнай самасвядомасці.

Патрыятызм – неад’емная рыса асобы, якая пачынаецца з любові да маці і захаплення прыгажосцю родных мясцін, развіваецца ў пачуццё гонару за свой народ, Радзіму, вырастае ў рэальныя патрыятычныя перакананні, пачуцці, справы.

Выхаваць грамадзяніна-патрыёта без глыбокай павагі да нацыянальнай спадчыны, традыцый, звычаяў, культуры Беларусі немагчыма. І вельмі важна прывіць дзіцяці з самага малку пачуццё Радзімы - зямлі, на якой яно нарадзілася, якая дала яму жыццё  і ўсё тое, што набыта і адпрацавана ў мінулым яго продкамі, навучыць з пашанай ставіцца да  сям’і і роду, да сваёй малой і вялікай Радзімы.

Такі погляд раздзяляюць многія класныя кiраўнiкi нашай школы. Мы імкнемся ствараць неабходныя ўмовы для фарміравання ў выхаванцаў патрэбы ў далучэнні да традыцый беларускага народа і народнай культуры, прапагандзе і папулярызацыі іх, павагі да нацыянальнай спадчыны беларусаў, пачуцця нацыянальнага гонару і патрыятызму.             

Такім чынам, актуальнасць прадстаўленага праекта абумоўлена:

- неабходнасцю далучэння вучняў да каштоўнасцей нацыянальнай культуры, гісторыі;

- неабходнасцю выпрацоўкі ўменняў карыстацца культуразнаўчымі звесткамі з мэтай забеспячэння паўнацэннай камунікацыі;

- сацыяльнай значнасцю выхавання высокакультурнай, нацыянальна свядомай асобы;

- фарміраваннем зацікаўленасці сям’і да сумеснай дзейнасці з установай адукацыі па выхаванні дзяцей;

- павышэннем узроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагога, развіццё творчага патэнцыялу ў выхаванні на нацыянальных традыцыях.

 

1.2.   Аналітычная інфармацыя

Вучням 5 – 7 класаў былі прапанаваны заданні, накіраваныя на выяўленне ўзроўню ведаў пра народныя святы, абрады, гульні, стравы, формулы маўленчага этыкету(дадатак 1).

 

Аналіз узроўню ведаў вучняў пра народныя святы, абрады,

 гульні, стравы

 

5 клас

(10 вучняў)

6 клас

(9 вучняў)

7 клас

(7 вучняў)

Народныя святы, традыцыі, абрады

 

3 вучні

30%

6 вучняў

66,7 %

3 вучні

42,9 %

Нацыянальныя стравы

2 вучань

20 %

5 вучняў

55,6 %

1 вучань

14,3%

Народныя гульні

2 вучні

20 %

3 вучні

33,3 %

1вучань

14,3 %

 

 

 

 

  1. МЭТА І ЗАДАЧЫ ПРАЕКТА

Мэта:стварэнне адзінай выхаваўчай прасторы ў шосты школьны дзень, якая спрыяе пашырэнню і паглыбленню ведаў вучняў пра народныя традыцыі, святы, абрады, гульні, нацыянальныя стравы беларусаў; грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў праз  фарміраванне  этнакультурных і краязнаўчых кампетэнцый.

 

Задачы, якія ставяць перад сабой удзельнікі праекта:

- стварыць мадэль арганізацыі шостага школьнага дня для рэалізацыі

выхаваўчых функцый  адукацыйнага працэсу ў шосты школьны дзень;

- ствараць умовы для асабістай пазіцыі самавыхавання, самастойнай канструктыўнай арганізацыі вольнага часу;

- абудзіць цікавасць да гісторыі свайго народа, умацаваць духоўныя ікультурныя каштоўнасці, садзейнічаць развіццю цікавасці да традыцый і культуры Беларусі;

- развіць агульначалавечыя маральна-эстэтычныя каштоўнасці, уяўленніаб дабрыні, прыгажосці, працавітасці, адданасці Радзіме і свайму народу сродкамі  вуснай народнай творчасці;

- садзейнічаць нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці і павышэнню міжкультурнай талерантнасці праз вывучэнне народных традыцый, святаў, абрадаў;

- фарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю вучняў, жаданне браць практычны ўдзел у рэканструкцыі і правядзенні народных свят, абрадаў.

 

 

 

 

 

 

 

  1. ІНФАРМАЦЫЙНАЯ КАРТА ПРАЕКТА

Назва

Вярнуцца да вытокаў

 

Мэта

- стварэнне адзінай выхаваўчай прасторы ў шосты школьны дзень, якая спрыяе пашырэнню і паглыбленню ведаў вучняўпра народныя традыцыі, святы, абрады, гульні, нацыянальныя стравы беларусаў;

- грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў праз  фарміраванне  этнакультурных і краязнаўчых кампетэнцый.

Задачы

 - стварыць мадэль арганізацыі шостага школьнага дня для рэалізацыі выхаваўчых функцый  адукацыйнага працэсу ў шосты школьны дзень;

 -ствараць умовы для асабістай пазіцыі самавыхавання, самастойнай канструктыўнай арганізацыі вольнага часу;

- абудзіць цікавасць да гісторыі свайго народа, умацаваць духоўныя і культурныя каштоўнасці, садзейнічаць развіццю цікавасці да традыцый і культуры Беларусі;

- развіць агульначалавечыя маральна-эстэтычныя каштоўнасці, уяўленні аб дабрыні, прыгажосці, працавітасці, адданасці Радзіме і свайму народу сродкамі  вуснай народнай творчасці;

- садзейнічаць нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці і павышэнню міжкультурнай талерантнасці праз вывучэнне народных традыцый, святаў, абрадаў;

- фарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю вучняў, жаданне браць практычны ўдзел у рэканструкцыі і правядзенні народных свят, абрадаў.

Ініцыятыўная група

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Хандрыка С.В.

Рабочая група

Кіраўнік ШВМА класных кіраўнікоў Кнюх Ж.М., класныя кіраўнікі Чэчун А.М., Касцюк С.У., Калесніковіч Л.М., Чэчун А.С., Малашчыцкая Л.Г., Грышко Л.М., Мішчук Н.Ф., педагог-арганізатар Валчковіч І.А., бацькі.

Сацыяльныя партнёры

Парахонская ДШМ ф. Сошна

Тэрмін

01 – 28 лютага 2019 г.

Мэтавая група

Вучні 1-7 класаў, узрост 6 – 13 гадоў, дзеці з усіх катэгорый сем’яў.

Колькасць удзельнікаў

62 удзельнікі

Агульная ідэя праекта

Зацікаўленасць дзяцей і педагогаў,  сумеснае ўзнаўленне народных традыцый, святаў, абрадаў садзейнічаюць разуменню вучнямі нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці і павышэнню іх міжкультурнай талерантнасці.

Плануемы вынік

1. Фарміраванне ў дзяцей сістэмы ведаў аб жыцці свайго народа (асаблівасці быту, працы, культуры, традыцый).

2. Актывізацыя эмацыянальнай сферы асобы, выхаванне такіх пачуццяў, як павага да багатай духоўнай спадчыны, гісторыі, гонару за прыналежнасць да беларускага народа, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

3. Уключэнне дзяцей у практычную дзейнасць па прымяненні атрыманых ведаў (уменне адлюстраваць назапашаныя веды ў гульні, мастацкай і працоўнай дзейнасці, уменне прыняць  удзел у рэканструкцыі і правядзенні народных свят, абрадаў, уменне беражліва адносіцца да прыроды, вынікаў працы іншых, уменне адлюстраваць веды ў зносінах з дарослымі і аднагодкамі)

 

 

  1. ЗМЕСТ ПРАЕКТА

02.02.2019 г. Блок “Беларус гуляе”

Мэта: стварэнне ўмоў для пашырэння ведаў вучняў аб беларускіх гульнях;развіваць уменне хутка арыентавацца ў навакольных абставінах;садзейнічаць актыўнаму ўкараненню беларускіх народных гульняў у суботні дасуг.

Абгрунтаванне выбару тэмы блока

Да старажытных і важных сродкаў народнай педагогікі можна далучыць і гульні. Гульня - гэта найлепшая зарука для спазнання маленькім чалавекам навакольнага свету.Гульня – школа жыцця. Гуляючы, дзіця знаёміцца з новымі прадметамі побыту беларусаў, адкрывае для сябе цікавыя рэчы. Гульня – гэта і першая школа вопыту. У гульні дзіця рэалізуе свае жыццёвыя назіранні, капіруе паводзіны людзей, узнаўляе бачаныя ім сітуацыі, сямейны побыт, працоўныя заняткі.

Няма ніводнае гульні, якая б не знаходзіла свайго вобразу ў нейкіх сур’ёзных занятках, які б не папярэднічаў гульні. Гульні развіваюць памяць, спрыт, фантазію. Усё жыццё беларусаў суправаджаюць народныя гульні, у якіх бяруць удзел і старыя, і малыя. Прастата, даступнасць беларускіх народных гульняў робяць іх незаменнымі памочнікамі ў выхаванні.

Гульні, якія адлюстроўваюць характар народа, старажытныя звычаі і традыцыі, з’яўляюцца неад’емнай часткай гісторыі і культуры народа. Як правіла, беларускія народныя гульні - рухавыя. Яны вызначаюцца багаццем  уздзеянняў на арганізм дзяцей, фарміруюць у іх неабходныя фізічныя навыкі. Адны з гульняў маюць пэўныя традыцыйныя нормы і моўнае афармленне, што ператварае іх у сваеасаблівыя драматызаваныя дзеянні. У другіх строга размяркоўваюцца ролі ўсіх удзельнікаў, слова ў іх з’яўляецца сігналам для нейкага дзеяння.

У гэты дзень праводзіцца:

1.Пазнавальная старонка “Беларускія народныя гульні” (1-7 класы) (дадатак 2)

  1. Правядзенне народных гульняў (1-7 класы)

09.02.2019 г. Блок  “Беларус жартуе”

Мэта:данесці да дзяцей думку, што беларусы заўсёды трапна высмейвалі асабістыя і чужыя недахопы, не прыніжаючы асобы чалавека;выхоўваць тактоўныя адносіны адзін да аднаго.

Абгрунтаванне выбару тэмы блока

У працэсе адраджэння нацыянальнай культуры і самасвядомасці важнае месца належыць фальклору - асноўнаму багаццю нашых продкаў, дзякуючы якому захоўваецца пераемнасць традыцый, ажыццяўляецца сувязь пакаленняў.

Адметнасцю традыцыйнага выхавання з’яўляецца фарміраванне ўяўленняў аб ідэальнай асобе ад супрацьлеглага, з дапамогай камічнага, метадам асуджэння і высмейвання, што патрабуе і ад дарослага, і ад дзіцяці пэўнага ўзроўню інтэлектуальнага развіцця.

З чаго смяецца беларус? Ды найперш з самога сябе, са сваіх недахопаў. З самога сябе можа смяяцца толькі разумны, мудры, упэўнены ў сабе народ. Беларусы кажуць: “Усміхніся над сваімі нягодамі – горыч знікне. Усміхніся над сваім ворагам – знікне яго злосць, Усміхніся і над сваім азлабленнем – не стане і яго”.Здаровы смех – здаровая нацыя!

У гэты дзень праводзіцца:

  1. Пазнавальная старонка “З чаго мы смяемся” (па матэрыялах кнігі Я. Сіпакова “Зялёны лісток на планеце Зямля: партрэт Беларусі”, Мінск “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2010 г.)
  2. Конкурс на лепшага расказчыка беларускіх жартаў “Беларускія рагатулькі”.

16.02.2019 г.   Блок “Беларус святкуе”

Мэта: фарміраваць цікавасць дзяцей да беларускіх народных свят і абрадаў; выхоўваць жаданне прымаць актыўны ўдзел у іх правядзенні, любоў і павагу да духоўных скарбаў свайго народа.

Абгрунтаванне выбару тэмы блока

Вялікі выхаваўчы патэнцыял маюць народныя святы і абрады. Яны задавальняюць дапытлівасць дзяцей, іх эстэтычныя патрэбы, цягу рухаў, фарміруюць творчае мысленне, пабуджаюць да супрацоўніцтва, вучаць пазнаваць беларускую культуру. Поспех засваення і рэканструкцыі народных святаў і абрадаў залежыць ад таго, наколькі яны зразумелыя дзецям і даюць магчымасць выконваць ролі адпаведных персанажаў, песень, суправаджаць спевы мімікай, рухамі. Усё гэта дае магчымасць вырашыць задачы развіцця беларускага маўлення, раскрыць творчыя магчымасці дзяцей, сфарміраваць цікавасць да народнай творчасці, нацыянальнай культуры.

У гэты дзень праводзіцца:

  1. Пазнавальная старонка “Зімовыя святы беларусаў” (1-7 класы) (дадатак 3)
  2. Свята “Стрэчанне” (1-7 класы)(дадатак 4)

 

23.02.2019 г.  Блок  “Беларус частуецца”

Мэта: асэнсаваць адметнасць культуры і традыцый беларускага народа, адносіны беларусаў да здароўя праз нацыянальную кухню, фальклор, выхоўваць захопленасць культурай беларускага народа, яго духоўнай спадчынай, пачуццё глыбокай павагі да сваіх продкаў, гонар за іх руплівасць.

Абгрунтаванне выбару тэмы блока

Шматвяковую, вельмі цікавую і багатую гісторыю мае беларуская кухня. Кухня заўсёды была цесна  звязана з бытам, культурай, звычкамі народа. Асаблівасцямі беларускай народнай кухні былі эканомнасць у расходаванні прадуктаў, высокая патрабавальнасць да чысціні і акуратнасці.Існавала паважлівае стаўленне да прадуктаў. Дзеці бачылі, адкуль бяруцца прадукты, як цяжка іх здабыць, бо самі змалку дапамагалі бацькам па гаспадарцы.

У гэты дзень праводзіцца:

  1. Гульнёвая праграма “Беларускія гаспадынькі” (1-4 класы) (дадатак 5)
  2. Вусны часопіс “Беларуская нацыянальная кухня: традыцыі і сучаснасць” (5-7 класы) (дадатак 6)
  3. МАНІТОРЫНГ ЭФЕКТЫЎНАСЦІ РЭАЛІЗАЦЫІ ПРАЕКТА

 

Мэта: ацэнка эфектыўнасці дзейнасці па рэалізацыі праекта “Вярнуцца да вытокаў”.

Сродкі маніторынгу:

- Аналіз актыўнасці ўдзелу вучняў  ў мерапрыемствах шостага школьнага дня.

- Параўнальны аналіз узроўню ведаў вучняў пра народныя традыцыі, святы, абрады, гульні, нацыянальныя стравы беларусаў (практыкаванні для вызначэння ўзроўню ведаў вучняў пра народныя традыцыі, святы, абрады, гульні, нацыянальныя стравы беларусаў пасля рэалізацыі праекта);

- Задаволенасць удзельнікаў вынікамі,  якасцю кіравання праектам (анкетаванне ўсіх удзельнікаў праекта) (дадатак 7).

 

Выніковасць:

- павышэнне ініцыятыўнасці вучняў пры арганізацыі дасугавай дзейнасці, іх грамадзянскай актыўнасці, цікавасці да здабыткаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў;

- вышэйшы за першапачатковы ўзровень ўзровень ведаў вучняў пра народныя традыцыі, святы, абрады, гульні, нацыянальныя стравы беларусаў;

- павышэнне кампетэнтнасці педагогаў у пытаннях патрыятычнага і грамадзянскага выхавання.

 

Вынікі анкетавання “Задаволенасць удзельнікаў вынікамі,  якасцю кіравання праектам”

Педагогі, бацькі

  1. Вы задаволены якасцю арганізацыі, кіравання з боку кіраўніка праекта? Задаволены 100%, не задаволены -
  2. Вы былі дастаткова матываваныя да ўдзелу ў рэалізацыі праекта?

дастаткова – 98%, недастаткова – 2%,

  1. Адзначце станоўчыя бакі ў рэалізацыі праекта.

Узаемасувязь усіх блокаў, глыбокая сэнсавая напоўненасць, высокі ўзровень арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў

Вучні

  1. Ты задаволены тым, што прымаў удзел у праекце “Вяртанне да вытокаў”?Задаволены – 100%, не задаволены -
  2. Якія з праведеных мерапрыемстваў былі для цябе асабліва цікавымі?Конкурсы “Беларускія рагатулькі”, “Беларускія гаспадынькі”, народныя гульні, “Беларуская нацыянальная кухня: традыцыі і сучаснасць”
  3. Ці будзеш ты і далей прымаць удзел у рэалізацыі праектаў на падобную тэму?Буду – 100%

 

Аналіз узроўню ведаў вучняў пра народныя традыцыі, святы, абрады, гульні, нацыянальныя стравы беларусаў пасля рэалізацыі праекта

Аналіз паказаў, што пасля рэалізацыі праекта ўзровень ведаў вучняў пра народныя традыцыі, святы, абрады, гульні, нацыянальныя стравы беларусаў стаў вышэйшы за першапачатковы.

 

5 клас

(10 вучняў)

6 клас

(9 вучняў)

7 клас

(7 вучняў)

Народныя святы, традыцыі, абрады

5 вучняў

50 (30) %

8 вучняў

88,9(66,7)%

4 вучні

57,1 (42,9)%

Нацыянальныя стравы

3 вучні

20 (20) %

5 вучняў

55,6 (55,6)%

3 вучні

42,9 (14,3)%

Народныя гульні

6 вучняў

60 (20)%

8 вучняў

88,9 (33,3)%

4 вучні

57,1 (14,3)%

 

  1. ПАТЭНЦЫЯЛ РАЗВІЦЦЯ ПРАЕКТА
  2. Сістэматызацыя краязнаўчых ведаў вучняў, падрыхтоўка іх да рэалізацыі асабістых арыгінальных краязнаўчых даследаванняў;
  3. Актывізацыя дзейнасці вучняў па ўсебаковаму вывучэнню сучаснасці і будучыні, матэрыяльнай і духоўнай культуры сваёй малой радзімы;
  4. Забеспячэнне ўдзелу вучняў у розных формах грамадска карыснай краязнаўчай дзейнасці;
  5. Падтрымка вучняў, якія здольны ажыццяўляць сістэматычную пошукавую, культурна-асветніцкую работу;
  6. Абагульненне вопыту педагогаў па арганізацыі суботняга дня школьнікаў, ажыццяўленне яго трансляцыі ў адукацыйную практыку.

 

  1. СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

 

  1. Грамадзянскае выхаванне школьнікаў: вучэб.-метад. дапам. Для настаўнікаў і кл. кіраўнікоў агульнаадукац. устаноў / Адукацыя і выхаванне; А.Л.Барчук, М.У.Грудзінскі. – Мінск, 2004. – 119 с.
  2. Буткевич В.В. Патриотическое воспитание учащихся: история и современность: учеб. Пособие для педагогов общеобр. учрежд. / В.В. Буткевич. – Минск: Национальный институт образования, 2010. – 207 с.
  3. Болбас, В.С. Мадэль этнакультурнага выхавання / В.С. Болбас // Народная асвета. – 2010. – № 1. – С. 76 – 80
  4. Дубініна, Д.М. Нацыянальна-культурнае аблічча асобы: каштоўнасныя арыенціры і прыярытэты / Д.М. Дубініна // Народная асвета. – 2010. – № 1. – С. 81 – 84
  5. Кравец, А.Я. “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Перспектывы развіцця школьнага краязнаўства / А.Я. Кравец // Народная асвета. – 2011. – № 7. – С. 59 – 62

 

 

ДАДАТАК 1

Заданні для вызначэння першапачатковага ўзроўню ведаў вучняўпра народныя традыцыі, святы, абрады, гульні, нацыянальныя стравы

  1. Падкрэсліць назвы страў, растлумачыць значэнне.

Верашчака, збажына, дранікі, жорны, клёцкі, палаці, бабка, саладуха.

  1. Як бы вы прывіталі чалавека, заспеўшы пры розных занятках?

1)Сейбіт

А) З вядро качаны!

2)Агародніца

Б) Радзі, божа, на камені і пад каменем!

3)Рыбак

В) Каб з аднаго каласочка было паўрашаточка!

4) Жняя

Г)Поўны сеці! Рыбна табе!

  1. Адгадай свята.
  2. Гэта дзень ушанавання ўсіх адышоўшых у нябыт продкаў. Святкуюць у пачатку лістапада.
  3. На гэтае свята вадзілі карагоды, шукалі папараць-кветку.
  4. Свята прылёту буслоў.
  5. Даўняе земляробчае свята першага выгану кароў.
  6. Народнае свята глыбокай восені, пасля яго забаранялася чапаць зямлю.

 

  1. Пералічы беларускія народныя гульні.

_________________________________________________________

 

Заданні для вызначэння ўзроўню ведаў вучняў пра народныя традыцыі, святы, абрады, гульні, нацыянальныя стравы беларусаў

пасля рэалізацыі праекта

 

  1. Якія з беларускіх народных гульняў ты развучыш са сваімі сябрамі?

_____________________________________________________________

  1. Уяві сітуацыю: табе патрэбна прыняць замежных гасцей і пачаставаць іх беларускімі стравамі. Якія стравы будуць на тваім стале?

________________________________________________

 

Матэрыялы да блока “Беларус гуляе”

ДАДАТАК 2

Беларускія  народныя  гульні

Міхасік

Мэты: садзейнічаць развіццю хуткасці, спрытнасці. Інвентар: абручы або кольцы.

Змест гульні:

Для правядзення гульні патрэбна мець некалькі кольцаў, але па колькасці іх павінна быць на адно менш, чым ігракоў. Кольцы раскладваюцца па крузе, і вакол іх становяцца ігракі. Адзін з гуляючых гаворыць такія словы:

Ты, Міхаська, не зявай, не зявай!

Лапаточкі абувай, абувай!

Гучыць музыка, ігракі, танцуючы, рухаюцца па крузе. Як толькі  музыка заканчваецца, усе спыняюцца і стараюцца як мага хутчэй “абуць лапці” – заняць свабоднае месца ў  адным з кольцаў. Ігрок, які застаўся без “лапцяў”, з гульні выбывае. Пасля гэтага забіраецца адзін абруч і гульня працягваецца да той пары, пакуль не застанецца адзін ігрок. Ён лічыцца пераможцам. Ігракі маюць права заняць месца ў адным з абручоў толькі пасля заканчэння музыкі. Рухаюцца по крузе, састаўленым з кольцаў, дазваляецца толькі з яго знешняга боку.

Барада

Мэты: садзейнічаць развіццю спрытнасці, каардынацыі рухаў.

Змест гульні:

Гуляючыя выбіраюць вядучага і завязваюць яму рукі за спіной, або ён за спіной трымае адной рукой запясце другой, якой і ловіць ігракоў. Тыя разбягаюцца па пляцоўцы, а вядучы стараецца ўхапіць пальцамі каго-небудзь з іх. Калі гэта яму ўдаецца, то злоўлены замест яго становіцца “барадой”. Вядучы не павінен расчэпліваць рукі. Вядучаму не дазваляецца даганяць увесь час аднаго і таго ж іграка. Новаму вядучаму нельга адразу лавіць таго, хто толькі што быў “барадой”.

Браднік

Мэты: садзейнічаць развіццю спрытнасці, пачуцця прасторы, увагі.

Змест гульні:

Гуляючыя пры дапамозе лічылкі выбіраюць “рыбака” і завязваюць яму вочы. Затым пляскаючы у далоні, ходзяць вакол яго, а ён ловіць іх. Калі на шляху “рыбака” сустракаецца перашкода (яма, слуп, сцяна і да т.п.), дзеці гавораць яму: “Глыбока”; калі ён абыходзіць гэтую перашкоду, гавораць: “Мяльчэй”, а калі абыдзе – “Мелка”. Злавіўшы іграка, “рыбак” павінен назваць яго імя. Калі адгадае, то злоўлены ігрок становіцца “рыбаком” і гульня пачынаецца зноў, а калі не – дзеці крычаць: “Жабу злавіў” і рыбак адпускае іграка. У час гульні дзеці перамяшчаюцца толькі павольна.

Гусі ляцяць!

Мэты: садзейнічаць развіццю ўвагі, каардынацыі рухаў, кемлівасці.

Змест гульні:

Гуляючыя выбіраюць вядучага, а самі становяцца ў шарэнгу. Вядучы падае каманды: “Гусі ляцяць!”, затым: “Качкі ляцяць!”, “Вароны ляцяць!”, “Шпакі ляцяць!” і г.д. ігракі падымаюць рукі ўгору і махаюць імі, нібы птушкі крыламі, пры гэтым гучна гавораць: “Ляцяць!”. Потым хутка апускаюць рукі. Час ад часу вядучы спрабуе заблытаць ігракоў, кажучы: “Карасі ляцяць!”, “Зайцы ляцяць!”. Гуляючыямогуць дапусціць памылкі і памахаць крыламі. Той з ігракоў, хто памыліўся, атрымлівае штрафное ачко. Перамагае той ігрок, які ні разу не памыліўся. Праз пэўны час (по дамоўленнасці) гуляючыя мяняюць вядучага.

Лес, балота, возера

Мэты: садзейнічаць развіццю ўвагі, спрытнасці, мыслення.

Змест гульні:

Чэрціцца круг такога памеру, каб у ім маглі змясціцца ўсе ігракі, а непадалёку – тры кругі прыблізна на аднолькавай адлегласці ад першага.

У першы круг становяцца ўсе гуляючыя, а астатнія кругі абазначаюць “лес”, “балота”, “возера”. Вядучы называе звера, птушку, рыбу ці любую іншую істоту і хутка лічыць да ўмоўнага ліку. Усе бягуць, і кожны становіцца ў той круг, які, на яго думку, адпавядае месцу пражывання названага звера, птушкі і т.п. пераможцам лічыцца той, хто ні разу не памыліўся за ўсю гульню.

Мяняць круг, у які прыбег, неельга. Калі ігрок хоць адной нагой стане не ў той круг, ён выбывае з гульні або атрымлівае штрафное ачко. Той, хто не дабег да круга ці прыбег апошнім, таксама атрымлівае штрафное ачко. Набраўшы 3 – 5 штрафных ачкоў, ігрок выыбывае з гульні.

Лянок

Мэты: садзейнічаць развіццю хуткасці, спрытнасці.

Змест гульні:

Перад пачаткам гульні выбіраюць вядучага. Затым на зямлі чэрцяць кружкі – “гнёзды”, якіх павінна быць на 2 – 3 менш, чым гуляючых. Пасля гэтага ўсе становяцца ў агульны круг і бяруцца за рукі. Вядучы ходзіць па крузе і робіць розныя рухі: прысядае, падскоквае іг.д. гуляючыя не разнімаючы рук, павінны паўтараць іх. Нечакана вядучы камандуе: “Садзі лянок!”. Кожны ігрок імкнецца заняць “гняздо”. Той, хто не зойме, лічыцца “пасаджаным”, і яго “садзяць” у  “гняздо”, дзе ён знаходзіцца да канца гульні. Затым гульня паўтараецца. Перамагае той, хто зойме апошняе свабоднае “гняздо”.

Паляванне на лісаў

Мэты: садзейнічаць развіццю хуткасці, спрытнасці, хуткасці рэакцыі.

Змест гульні:

Гуляючыя выбіраюць “паляўнічага” і пяць “лісаў”. Астатнія, узяўшыся за рукі, утвараюць некалькі маленькіх кругоў, якія раўнамерна размяшчаюцца на пляцоўцы. Кожны круг – гэта “нара”, дзе жыве адзін “ліс”. Каля кругоў бегае “ліс”, у якога няма “нары”. За ім ганяецца “паляўнічы”. Як толькі “ліс”залазіць у якую-небудзь “нару”, то “ліс”, што ў ёй знаходзіцца, павінен адразу ж пакінуць яе і ўцякаць ад паляўнічага ў другую “нару”. Злоўлены “ліс” становіцца “паляўнічым”. У кожнай “нары” павінен жыць толькі адзін “ліс”. “паляўнічы” не мае права лавіць “ліса”, які схаваўся ад яго ў круг (“нару”).

 

Матэрыялы да блока “Беларус святкуе”

ДАДАТАК  3

Пазнавальная старонка “Зімовыя святы беларусаў”

Мэты: пазнаёміць вучняў з зімовымі святамі і абрадамі беларусаў, выхоўваць закікаўленасць культурай беларускага народа, пачуццё глыбокай павагі да спадчыны.

Ход мерапрыемства

Уступнае слова настаўніка:

- Беларускія абрады і святы – каларытныя, поўныя загадак, містыкі і народнай мудрасці. Нашы продкі весяліліся з размахам! Бо толькі добра адпачыўшы, можна набрацца сіл і плённа працаваць. А зімой, як вядома, што не месяц – свята!

“На Ганкі запрагай каня ў санкі” (1 вучань)

Ганкі (Ганна) – прысвятак, які адзначаецца 22 снежня ў дзень зімовага сонцастаяння. Гэта самы кароткі дзень і самая доўгая ноч года. Моладзь гурбой заскоквала ў санкі і каталася па ваколіцам. Сняжку ў гэты час было багата, таму  сані  нібы лёталі па даразе.

Лічылася, што ад 22 снежня зіма “разварочваецца” на лета. У гэты дзень  прадказвалі надрор’е, кіруючыся прыказкай “па зіме і лета”. Калі ішоў снег – да дажджу, мяцеліца – да дужага ветру, мароз – да сонейка.  Яшчэ ў гэты дзень заклікалі лета. Толькі прачнуўшыся, гаспадыні ішлі ў хлеў і “разварочвалі” авечак, кароўку, свінку да выхаду. Пасля абыходзілі клеці і свірны, гумны і пуні і там перастаўлялі кожную рэч, тым самым  “паварочвалі час да лета”.

22 снежня лічылі сваім святам пчаляры. У гэты дзень яны прамаўлялі над сваімі вуллямі замовы – на добры ўраджай мёду.

Прыйшлі Калядкі – добрыя святкі! (2 вучань)

Каляды – адно з самых містычных святаў у старажытных славян. Яно менш звязана з сельскагаспадарчым цыклам, а больш з будовай і рухам сусвету. Першы дзень калядаў – дзень, уякі даўжыня светлавога дня пачынала павялічвацца пасля зімовага сонцастаяння, звычайна прыходзіўся на 23-24 снежня па сучасным стылі, лічыўся пачаткам астранамічнага новага года. Само слова "каляды" мае паходжанне ад лацінскага calendae, "календы" - назва першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і "каляндар"), а так сама ад старажытнай назвы сонечнага дыску – Кола.Да каляд абавязкова адказна рыхтаваліся. Прыбіралі хату, убіралі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падвор’і.

Каляды – свята вясёлае. Працягваліся каляды прыкладна 2 тыдні, да Велесава дня, які прыходзіўся на 6-7 студзеня па сучасным стылі. Асаблівае месца ў святкаванні каляд адводзілася абрадаваму сталу і святочным стравам. Стол, вядома, павінен быць багатым, каб наступным годам мець добры ўраджай і здароўе дзеля людзей і жывёл. Пад абрус на стол клалі сена, каторае пасля вячэры скормлівалі каровам, што павінна было зберагчы іх ад ваўкоў і паспрыяць павелічэнню надояў малака. У кожнай, нават самай беднай, хаце на каляды даставалі з схованак мяса ды каўбасы, сала, арэхі, яблыкі, мёд. Ад галоўнай стравы калядаў – куцці (ячневая каша з дабаўленнем мёду, арэхаў, шкварак) – узялі назву тры абавязковыя святочныя вячэры.

У першы дзень ладзілася "посная куцця" - на стале былі стравы з рыбы, гародніны, грыбоў, сушанай садавіны, мёду, і, канечне, тая самая ячневая каша-куцця з мёдам. Пачынаў вячэру, як звычайна, гаспадар, акрамя таго за стол так ці інакш запрашаліся ўсе продкі. Рэшткі куцці падкідвалі пад столь, каб ячмень наступным годам урадзіў высокі. Пасля гэтага крупы скормлівалі хатнім птушкам. На асобнай талерачцы была і каша дзеля Зюзі, зімовага бога, каб улагодзіць яго, бо маразы ў перыяд каляд былі, бадай, самымі моцнымі за ўсю зіму.

Другая куцця, тоўстая, багатая, шчодрая – ладзілася праз тыдзень, па часу супадала з сучасным новым годам. Як вынікае з назвы, у гэты вечар на стале былі стравы з мяса разнастайных гатункаў – варанага, смажанага, печанага, каўбасы, вяндліны, куцця са шкваркамі.

Трэцяя куцця прыходзілася на канец святочнага тыдня, Велесаў дзень, звычайна 6 студзеня па сучасным стылі і называлася “вадзяная”. Магчыма, такую назву яна атрымала пазней, ужо ў хрысціянскія часы, таму што супадала з царкоўным святам вадохрышча.

На каляды, асабліва ў першы вечар, прынята было збірацца разам, усёй сям’ёй, прычым запрашалі на святкаванне не толькі жывых членаў радзіны, але і продкаў. Лічылася, што яны разам з усімі садзяцца за стол, і калі спадабаецца ім вячэра – абавязкова “замовяць слоўца” і дапамогуць жывым ва ўсіх істотных справах.

Нельга не ўзгадаць і пра “калядаванне” – адну з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці. Лічылася што толькі вяселле, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых з таго свету, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь збіралася разам, пераапраналіся ў строі істотных татэмных жывёл (мядзведзя – увасабленне Велеса, карову, казу, каня – сымбалі дастатку, багацця, бусла – што лічыўся талісманам удачы, ладу) і хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах. Чым часцей узгадваліся розныя магічныя формулы, тым больш дзейснымі яны лічыліся. Гаспадары ж, каторых яны наведалі, давалі ў падзяку за абарону ад нячысцікаў розныя прысмакі. Часцей за ўсё гэта былі арэхі, пернікі і печыва, сухафрукты, пазней – цукеркі. Гэтая ежа лічылася ахвярай спрыяльным да чалавека баствам, каб заручыцца іх дапамогай. Адмовіць калядоўшчыкам у пачастунках было тое самае што наклікаць на сябе няміласць усіх татэмных жывёл, пазбавіць сябе дабрабыту на ўвесь наступны год.

На працягу калядных тыдняў сярод больш старэйшага пакалення было звычайна хадзіць у госці да родных і сяброў. Частавалі гасцей звычайна каўбасамі, стравамі з мяса, птушкі, рыбы, гарэлкай.

У апошні вечар каляд, на трэцюю куццю, праводзіўся абрад “запісвання” каляд. Гаспадар крэйдай маляваў крыжы на усіх дзвярах, каб нячыстая сіла, што ўцякла пад час вясёлага свята, не змагла прабрацца ў хату ці хлеў. Так заканчвалася самае вясёлае і самае любімае нашымі продкамі свята.

Не жыццё, а Масленіца! (3 вучань)

Масленіца – гэта “развітанне” з зімой, якое, на думку нашых продкаў, паскарала надыход вясны.  Кожны з сямі дзен “Масленачнага тыдню” меў сваю адметнасць. У панядзелак, які атрымаў назву “сустрэча”, ішлі ў госці адзін да аднаго сваты. Таксама ў гэты дзень, на пачатку тыдня, рабілі пудзіла. Вялікую “пані” з саломы  апраналі ў старыя адзенні і каталі яе з вясёлымі песнямі на санях па ўсёй вёсцы. У аўторак быў “зайгрыш” – агледзіны нявест. “Лакамкай” называлі сераду, у гэты дзень зяць заглядваў на бліны да цешчы. У чацвер – “разгул” – свята з гульнямі, танцамі, вогнішчам. У гэты дзень, каб дапамагчы сонцу “прагнаць” зіму, нашы продкі каталіся на коніках «па сонейку». Па вуліцах гарадоў і вёсак навыперадкі несліся каляровыя запрэжкі. Звінелі званочкі, заліваліся гармонікі ...

  Цешча ішла на бліны да зяця ў пятніцу, быў гэта “цешчын вечар”.

На наступны дзень, у суботу адзначалі “залоўчыны вячоркі” -  маладыя нявесткі запрашалі ў госці родных мужа. У апошні дзень тыдня – “даравальную нядзелю”  прасілі адзін у аднаго прабачэння, а ў адказ чулі: «Бог даруе, і я дарую».Галоўнай ежай на святочным тыдні былі, безумоўна, бліны. А да іх смачны дадатак: смятанка альбо мёд. Круглыя, румяныя блінцы нагадвалі сонца. Таму лічылася, што іх ўжыванне паспрыяе надыходу вясны.

У гэтыя дзянькі ніхто не сядзеў у хаце. Дзеці і моладзь бавілі час на горках. Вадзілі карагоды. Ды не простыя, а вакол масленічнага сімвалу - кола з рознакаляровымі стужкамі.

Настаўнік:

- Той, хто думае, што нашы продкі зімой толькі на печы ляжалі ды бакі грэлі, моцна памыляецца. Сельскагаспадарчыя работы і сапраўды былі скончаныя, але пачынаўся сезон вельмі важных для нашых бабуль і дзядуль свят. Іх адзначалі не толькі дзеля забавы. Кожны з абрадаў, а ў розных рэгіёнах яны былі свае, нёс глыбокі сэнс, накіраваны на дабрабыт, ушанаванне продкаў, задобрыванне сіл прыроды, надзею на ўраджайны год.

 

 

ДАДАТАК 4

Сцэнарый свята “Стрэчанне”

Мэта: фарміраваць цікавасць дзяцей да беларускай мовы і культуры; выхоўваць любоў і павагу да духоўных скарбаў свайго народа.

Дзеючыя асобы: скамарохі, баба Паўліна, дзед Янка, Несцерка,хлопчык, Люты,Зіма,баба Яга,Красавік,Вясна,Грамоўнік.

1-ы скамарох.

Добры дзень вам, добрыя людзі!

2-і скамарох.

Хай вам радасці прыбудзе!

1-ы скамарох.Усе госці сышліся, сабраліся?

2-і скамарох. Як, любыя, даехалі – дабраліся?

1-ы скамарох.

Усіх на свята  запрашаем!

2-і скамарох.

З вясной, Грамніцамі вітаем!

1-ы скамарох.

Ну, то слухайце аб'яву...

2-і скамарох.

Абяцаем усім забаву!

1-ы скамарох.

Цяпер мы слова сваё скажам:

Людзей паглядзім, сябе пакажам!

2-і скамарох.

А народу, глянь, багата. Значыць, будзем ладзіць свята!

Пакой у вясковай хаце. Маня робіць урокі. Баба Паўліна чытае газету. У пакой уваходзіць дзед.

Дзед Янка.Усё сядзіце над кнігамі ды газетамі, а на дварэ цёпла, са стрэх капае, вясною пахне. Сапраўды, зіма з вясною страчаюцца.

Баба Паўліна(адклаўшы газету ўбок). Ой, Яначка, трэба курэй выпусціць на двор, няхай нап'юцца веснавой вадзіцы.

Дзед Янка.Ужо выпусціў, ці я прыкмет не ведаю. Дык певень адразу ж і павёў курэй да лужынкі, што са страхі нацякла.

Маня(загарнуўшы кнігу, весела). Хоць заўтра і ў школу - гэта не жартачкі, але на сёння хопіць (складае кнігі і сшыткі).

Дзед Янка(прыслухоўваючыся). Калі так, то ідзі на свежае паветра, галаву праветрыць.

Стук у дзверы.

Маня. Чуеце, хтосьці  да нас прыйшоў! Заходзьце, калі ласка!

Уваходзіць Несцерка.

Несцерка. Добры дзень у хату! Ці пазналі вы мяне?

Дзед. Дык гэта ж Несцерка!

Несцерка.  Ой, колькі дзяцей і гасцей сабралася! Якая прыемнаякампанія!

Баба. Ведаеш, Несцерка, зараз яшчэ такаяпара, што вечары доўгія і многа вольнага часу. Людзі і ў мінулыя часы збіралісяразам, ішлі да каго-небудзь у госці. Тамяны не проста сядзелі, а неслі з сабою

якую-небудзь работу. Хто праў кудзелю,хто вышываў, хто вязаў, а хто і казкі-байкіказаў.

Несцерка. Я таксама да вас не зпустымі рукамі прыйшоў. А прынёс явам грамнічны абрад. І хачу, каб вы мнедапамагліўспомніць, як адзначалі гэтасвята на Беларусі ў даўнія часы. Хто з васведае, у якім месяцы адзначаецца гэтасвята, Грамніцы? (адказы дзяцей)

А хто ведае верш аб гэтым месяцызімы?

Хлопчык.

Чым ты багаты, люты?

Люты:— Вяселлямі ў хатах, моцнымі марозамі,

Крывымі дарогамі.

Хлопчык.А што нам прадкажаш?

Люты:— Будзе многа снегу — дам вадывясною.

Будуць снегапады — ціхую вясну дам.

Хлопчык.А што нясеш дзецям?

Люты:— Снежнае прыволле, лыжнае раздолле, ды канец зімы.

Несцерка. А хто ведае, як яшчэ можна назваць свята Грамніцы?  (адказы дзяцей)  Так, правільна, Стрэчанне.

Несцерка. А адкуль пайшлі гэтыя назвы: Грамніцы, Стрэчанне, ведаеце? Вось паслухайце.Яшчэ ў далёкім мінулым, па меркаваннях старажытных беларусаў… менавіта, 15 лютага, зіма на лета паварочвае і з вясною сустракаецца, адгэтуль і назва свята — Стрэчанне. А каб зіма на лета павярнула і назад не адвярнула, за гэтым пільна сочыць бог веснавых навальніц і дажджоў- Грамоўнік. Ад яго імя ўтварылася і другая назва свята - Грамніцы.

Гучыць фанаграма прыезду Грамоўніка — гром.

Дзед: Вось, чую — грукочуць палавіцы: гэта да нас з вамі бог Грамоўнік крочыць.

Баба: А мы яго павінны добра сустрэць. Бо, як запрыкмецілі старажытныя беларусы, Грамоўнік — бог настрою. Дрэнны настрой можа даць мароз, добры настрой — цяпло. І таму свята “Грамніцы” ў народным календары лічыцца пераломным.

Несцерка: Так, добры настрой вясне дапаможа, а дрэнны — зімачку затрымае.

Маня: І каб добра яго сустракаці, трэба песню яму заспяваці.

 Выконваецца песня “Зіма з летам сустракаецца”.

Зіма з летам сустракаецца,

Пра здаровейка пытаецца.

Ой, чалом, чалом, ды цёпла лецейка.

Ой, здарова была, да халодная зімачка.

Што цябе, лецейка, ўзвілічаюць,

Мяне, зімачку, праклінаюць,

Бо ты, зімачка, халодная,

Лугі, балоты памарозіла.

Ой, я, лецейка, да вясёлая,

Лугі, горы ўзмачыла,

Лугі, горы ўзвесяліла.

 Гучыць фанаграма грому. На кані з паходняй у руцэ пад’язджае Грамоўнік.

ГРАМОЎНІК: Людзечкі, дзень добры! 15 лютага, аб’язджаю я зямліцу і пільна сачу каб зімейка на лета павярнула і не парушыла спрадвечнае кола змяненняў матухны-прыроды. Пачуў вашу прыгожую песню, да вас завярнуў. Узрушаны вашымі вельмі чыстымі галасамі, чыстымі сэрцамі, чыстымі душамі. Каб вы заўжды заставаліся такімі, ад сваёй паходні запалю вам свечку грамнічную: каб адганяла ад вас ведзьмакоў-ліхаімцаў, каб граміла яна сілу нячыстую і каб ахоўвала вашыя чыстыя душы ад усялякай напасці.(Запальвае свечку)  Гары, свечка грамнічная!

Дзед: Дзякуй, божа, за агонь!

ГРАМОЎНІК: Будзьце ўсе вы моцнымі, як вада. Багатымі, як зямля. Працавітымі, як пчала. Прыгожымі, як вясна.

Несцерка:  У наш час грамнічныя свечкі асвяшчаюць ў храмах . Лічыцца, што грамнічных свечак вельмі баіцца нячыстая сіла, таму іх падвешваюць ў хаце, а таксама ля ўваходу ў хлеў. А яшчэ свечку захоўваюць увесь год. Запальваюць пры грымотах, калі выганяюць кароў у поле вясной, сустракаючы навароджанага, у вясельных абрадах, кладуць у рукі нябожчыку. Існуе павер’е: калі ўдасца прынесці з царквы агонь грамнічнай свечкі непатухлым, то гэта пазбавіць ад любога няшчасця, што навісла над сям’ёй, напрыклад, выратуе паміраючага. А зараз хочаце пабачыць, як Вясна з Зімой сустракаюцца?

1-ы скамарох.

Пабачце, як Зімка ды з Вясною страчаюцца.

2-і скамарох.Каму царства ладзіць, каму саступіць - спрачаюцца.

Зіма (падыходзячы бліжэй да людзей). Добры дзень, паважаныя! Але гляджу на вас, людзі, ды дзіву даюся: гэта ж трэба з цёплых хат выйсці на халодны двор Вясну страчаць! Вой, дзівакі, расселіся на халодных лаўках, цяпла ды святла веснавога чакаюць (смяецца). Ці вы мяне не пазналі?

Скамарохі. Пазналі,пазналі.

1-ы скамарох. Ты - матухна-Зіма.

2-і скамарох. Царыца над мяцеліцай-круцеліцай, над марозам траскучым.

Зіма. Прызналі мяне, але навошта вы ўсе думаеце, што  ўжо цёпла стала, хутка вясна прыйдзе. Колькі дабра я вам зрабіла! Колькі снегу я на вашы  палі навеяла, столькі залацістага зерня будзеце вывозіць восенню ў засекі. А якія снежныя , калядныя вечары былі, забыліся?  Скамарохі (выбягаючы).

1-ы скамарох. Твая ласка, Зіма, не забыліся!

2-і скамарох. Дзякуй табе.

1-ы скамарох. Але ж час прыйшоў Вясне. Ой, Вясна, ты, Вёсенка, дзе падзелася?

2-і скамарох. Нам Зіма халодная ўсё ж прыелася!

Зіма(адганяе кіем скамарохаў). Я тут уладарка і пакуль не збіраюся саступаць нікому і ні ў чым! Зараз я вам пакажу, як не слухацца маці-Зіму. (Гукае.) Гэй, памочніца мая, на зямлю апусціся, перада мною хутчэй з'явіся!

Стукае кіем аб зямлю, з'яўляецца Баба Яга з мятлою.

Баба Яга(кланяецца Зіме).

Я над лесам ляцела - прытамілася, 3 горкі з'ехала - пракацілася. Па загадзе тваім з'явілася. Дык што патрабуецца ад мяне, маці-Зіма? Кажы, я слухаю.

Зіма(паказваючы на людзей). Як ні дзіва, але людзі хочуць  страчаць сястрыцу маю. 3 Вясною я разбяруся сама, а ты "замяці" людзей , нарабі ім добрай завірухі. Няхай сядзяць і носа не высоўваюць. Мяці! Мяці!

Зіма кружыцца ў "снежным" танцы, а Баба Яга пачынае "месці" снег.

Баба Паўліна (выносіць з хаты грамнічную свечку, падымае яе над галавою і кажа словы - зварот да Бабы Ягі).

Знікні, ідзі, Баба Яга,

Касцяная нага!

Ідзі за вадою,

Стань за гарою,

Холад не рабі,

Снег не мяці!

Баба Яга знікае, замятаючы за сабою снег.

Зіма. Ай-я-яй! Што робіцца?! Вы, мабыць, забыліся, які месяц на календары? То ж малодшанькі сынок мой Люты. Ён вам яшчэ і марозу дасць, падманным цяплом сагрэе і мяцеліцу-круцеліцу ўчыніць. Ды ўсё гэта ў адзін дзень зробіць. Надта ж удалы сынок, хоць і маленькі! Але чаму гэтак цёпла стала, ажно галава разбалелася? У гэты момант у веснічкі заходзіць малады, прыгожы хлопец, па-вясенняму ярка апрануты.

Красавік (кланяецца). Добры дзень, добрыя людзі! Я - месяц Красавік, адказны за ўсе расліны на зямлі.

Зіма (злосна). Ага, мы вас не чакалі, а вы прыцягнуліся насуперак усім законам прыроды.

Красавік (памяркоўна). Мы ненадоўга прыйшлі, будзеш яшчэ ўладарыць з сынам сваім Лютым.

Зіма (падазрона). А з кім гэта вы прыйшлі?

Красавік. Ды з сястрыцаю вашай Вясной-красной. Трэба ж, каб вы сёння стрэліся, павіталіся, слоўцам-другім перакінуліся.

Зіма(буркліва). Ды заві ўжо, а то ад цяпла мне штосьці не па сабе: галава баліць, у сон хіліць, яшчэ зусім захварэю.

Красавік(гукае). Вясна-красна, пакажыся, хоць на момант усміхніся!

У веснічкі заходзіць маладая прыгожая дзяўчына ў яркім адзенні. На яе галаве вянок з рознакаляровых кветак. Кланяецца Зіме, пасля людзям.

Вясна.

Добры дзень, сястрыца Зіма!

Добры дзень, усім добрым людзям!

Я сюды ісці не збаялася,

3 самім Сонейкам прывіталася.

Да сустрэчы з табой рыхтавалася:

Свята першага ледзь счакалася.

Запытаць хачу: як ты маешся,

3 працаю лядовай ці спраўляешся?

Зіма (ветліва).

Хоць і рана, сястра, ты прыехала,

Усё ж паклон табе, што наведала,

Так заўжды было, як страчаліся,

Доўга нельга быць - разбягаліся.

Пайду ў снежную пярыну, адпачну ад святла, цяпла і шуму. Бывай, Вясна-красна, да наступнага свята, бывайце і вы, людзі добрыя, ды не дужа спадзявайцеся на цяпло!

Кланяецца і выходзіць. Песня “А ў нас сёння стрэчанне ”(Карагод з Вясной)

А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне.

Зіма з летам стрэлася, стрэлася,

Лета зіму піхнула, піхнула,

Ёй ножачку звіхнула, звіхнула.

Зіма пайшла плачучы, плачучы,

Лета пайшло скачучы, скачучы.

Несцерка: Вось так Зіма з Вясною стрэліся. А якое будзе надвор’е, хто будзе ўладарыць Зіма ці Вясна нам падкажуць народныя прыкметы.

Баба. А нашы дзеці іх ведаюць шмат, вось паслухайце.

1-е дзіця. На Стрэчанне сняжок — вясной дожджык.

2-е дзіця. Кармі ў Стрэчанне курэй аўсом — вясной і летам будзеш з яйцом.

3-е дзіця. На Грамніцы можна пеўню напіцца.

4-е дзіця. Грамніцы – хлеба палавіца, а ў зімы трэцяя частка.

5-е дзіця. Грамніцы – зімы палавіцы.

6-е дзіця. На стрэчанне зіма на мароз ідзе, а сонца на лета.

А яшчэ па надвор’ю ў гэты дзень, 15 лютага, вызначалі характар усёй вясны.

Калі на Грамніцы мароз, то лічылася, што снег паляжыць нядоўга, а лета будзе сухое.

 Мяцеліца на Грамніцы прадказвала доўгую вясну, а значыць – недахоп корму для жывёлы.

 Пацяпленне сведчыла пра раннюю вясну “Калі на Грамніцы певень нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я вол пад’есць травіцы”.  

Аднак лета чакалася непагоднае, з невялікім ураджаем. І казалі “ На Грамніцы адліга – з ураджаю будзе хвіга”.

Несцерка. Ой, глядзіце, дзеці, хто гэта спіць у нас пад печчу?! Напэўна, да нас забраўся нячысцік! Я ведаю, што трэба рабіць! Успомніце, што я вам казаў пра народнае павер’е, якое дапамагае адагнаць нячыстую сілу.

Несцерка запальвае грамнічную свечку і ідзе глядзець, хто спіць ля печы.

Несцерка. Дзеці, гэта ж коцік! А мы падумалі, што нячысцік.

 Маня. Коцік, пагуляй з нашымі деткамі ў якую-небудзь гульню. (беларуская наодная гульня)

Баба. А ведаеце раней на Грамніцы маці пяклі з цеста дочкам сярпы, а сынам – косы.

Дзед. Дык давай і мы пачастуемнашых дзяцей. Хлопчыкі, падыходзьце да мяне, частуйцеся смачнымі пернікамі – косамі.

Баба. А дзяўчынак пачастую я пернікамі-сярпамі.

Несцерка. Добра з вамі, алепрыйшоў час развітвацца. 

Баба. Спадзяёмся, што Стрэчанне прыйшлося вам да спадобы.

Дзед. І што яно кранула вашы сэрцы.

Маня. І не пакінула вас абыякавымі да нашай роднай спадчыны з яе хараством і непаўторнасцю.

 

 

 

 

Матэрыялы да блока “Беларус частуецца”

ДАДАТАК 5

Гульнёвая праграма “Беларускія гаспадынькі” (1-4 класы)

Мэта: арганізаваць правядзенне конкурснай гульнёвай праграмы “ Беларускія гаспадынькі”, стварыўшы для гэтага неабходныя ўмовы, пазнаёміць дзяцей з беларускімі народнымі стравамі, прадметамі хатняга побыту.

Ход праграмы

 На сцэну выходзіць вучаніца (ці мама аднаго з вучняў) ў народным убранні, пад музыку “Лявоніха” прытанцоўваючы.

- Добры дзень, мае даражэнькія! Як многа вас сёння сабралося! Ці пазналі вы мяне? (дзеці адказваюць)

- Не, завуць мяне бабка Настачка. А прыйшла я да вас, каб пагуляць. А ці ведаеце, што ў мянеў гэтай торбачцы?

- Падарункі! Пачастункі!

- Так, правільна, любыя мае. А яшчэ тут у мяне вельмі цікавыя рэчы (дастае па чарзе і паказвае дзецям: збаночак, гаршчочак, лыжку, пугу, хвартушок, місачку, капялюшык і іншыя рэчы, пытаючы, як яны называюцца па-беларуску).

- А яшчэ ў торбачцы гульні. І зараз мы пагуляем. А ў якія гульні вы любіце гуляць. Якія ўжо ведаеце? (адказы дзяцей).

- Малайцы, дзеці. А цяпер я вас пазнаёмлю з новымі гульнямі. Запрашаю вас прыняць удзел у гульні “ ГАРАЧЫЯ ГАРШЧОЧКІ”. Слухайце ўважліва :

На стульчыках стаяць гаршчочкі, вісяць ручнічкі. Узяўшы анучкай гаршчочак з стравай патрэбна аднесці яго на стульчык насупраць каманды, што стаіць на адлегласці. Прыбегшы з анучкай, гулец перадае яе наступнаму гульцу з кананды, які з анучкай бяжыць за гаршчочкам і прыносіць яго назад. Перамагае тая каманда, якая раней закончыць гульню.

(Журы і бабка Настачка падводзіць вынікі.)

- Малайцы, дзеці, бачу, што вы ўмееце ўважліва слухаць, а самае галоўнае цікава гуляць. А зараз я запрашаю вас на наступную гульню. І называецца яна “БУЛЬБА”.

Бульба рассыпана насупраць кожнай каманды. Яе колькасць адпавядае колькасці гуляючых. Трэба па камандзе з завязанымі вачыма знайсці адну бульбіну, пакласці яе у кошычак і пры-бегчы да каманды, перадаўшы кошычак з бульбай наступнаму іграку. Гульня заканчваецца, калі адна з каманд хутчэй збярэ ў кошычак усю бульбу.(Падводзяцца вынікі двух гульняў)

Наступная гульня называецца “ЛЯВОНЫ”.

- Лета... Якая цудоўная пара! Які спякотны сёння дзень. Для беларуса ў такую спякоту найлепшым ратункам ад сонца быў саламяны капялюшык. Я апранаю капялюшык двум гульцам. Яны выходзяць на сярэдзіну сцэны і ў руцэ трымаюць пугу. Стаўшы адзін супраць аднаго, руку з пугай трымаюць за спінаю. Стоячы на адной назе стараюцца зняць з суперніка шляпу. Перамагае тая каманда, гульцы якой большую колькасць разоў знялі капялюш з галавы суперніка.

(Падводзяцца вынікі трох гульняў. Бабка Настачка хваліць дзяцей і гаворыць):

  • Запрашаю вас паслухаць умовы наступнай гульні, яна называецца “ПАСТУШКІ”.

На стульчыках, на разасланай хусцінцы ляжаць розныя прадметы ежы : сухарыкі хлеба, бутэлечка з малаком, гурочкі, яйкі, місачка, кубачак, лыжка. Побач стаіць пуга. Падышоўшы да стульчыка, першы ўдзельнік завязвае вузельчык, (бабка Настка паказвае як гэта зрабіць) бярэ яго ў руку назад, перадае яе наступнаму ўдзельніку. Той бяжыць з пугай да вузельчыка, бярэ яго, а пугу пакідае на стульчыку. Наступны бяжыць з вузельчыкам, пакідае яго на стульчыку, а вяртаецца з пугай назад. Апошні ўдзельнік павінен прынесці і пугу, і вузельчык, развязаць яго, паказаўшы, што ўсе рэчы на месцы. Тая каманда, якая развяжа вузельчык першай, з,яўляецца пераможцай. Гульня патрабуе вялікай увагі і спрыту. І так, пачынаем.

   Пасля падвядзення вынікаў бабка Настачка аб’яўляе заключную гульню. Яна так і называецца “Беларускія гаспадынькі”.

- На стульчыку ляжаць касынка, хвартушок і стаіць збаночак: удзельнікі па чарзе павязваюць хвартушкі, завязваюць касынкі і нясуць збаночак, трымаючы яго дзвюма рукамі. Абабягаюць стульчык, які стаіць на адлегласці ад каманды, прыносяць яго і ставяць на стульчык  побач з камандай. Перадаюць убранне іншаму ўдзельніку, дапамагаючы таму апрануцца. Гульня працягваецца, пакуль апошні ўдзельнік не завяршыць яе першым.

(Бабка Настачка выходзіць на сярэдзіну сцэны, дзякуе ўсіх удзельнікаў праграмы, а таксама балельшчыкаў. Журы падводзіць вынікі апошняга конкурсу і ўсёй гульнёвай праграмы. Яна ўручае падарункі і пераможцам, і прайграўшым.) А пасля гаворыць:

- Вось і заканчваецца наша свята.

Не заўсёды мне вось тут

Жартаваць, смяяцца.

Трэба зараз мне, сябры,

З вамі развітацца.

- Да новых сустрэч!

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ДАДАТАК  6

Вусны часопіс “Беларуская нацыянальная кухня: традыцыі і сучаснасць” (5-7 класы)

Мэты: асэнсаваць адметнасць культуры і традыцый беларускага народа, адносіны беларусаў да здароўя праз нацыянальную кухню, фальклор, выхоўваць захопленасць культурай беларускага народа, яго духоўнай спадчынай, пачуццё глыбокай павагі да сваіх продкаў, гонар за іх руплівасць.

Ход мерапрыемства

Настаўнік:

- Добрага Вам здароўя! – гавораць адзін аднаму беларусы. І пажаданне добрага здароўя невыпадковае. Сёння мы пагаворым з вамі на гэту тэму, паспрабуем асэнсаваць адносіны беларусаў да здароўя праз нацыянальную кухню, фальклор. Прапануем вашай увазе вусны часопіс “Беларуская нацыянальная кухня: традыцыі і сучаснасць”. Адкрываем нашу першую старонку “З гісторыі беларускай нацыянальнай кухні (выходзяць два вучні, іх паведамленне можна праілюстраваць мультымедыйнай прэзентацыяй).

1 вучань:

- Шматвяковую, вельмі цікавую і багатую гісторыю мае беларуская кухня. Асобая ўвага надавалася хлебу. Па наяўнасці хлеба меркавалі аб дабрабыце сям’і. У беларускіх вёсках з дзяцінства выхоўвалася пачуццё павагі, беражлівасці да хлеба. З ім шлі на радзіны, у сваты, на вяселле. Хлебам-соллю сустракалі гасцей, выкарыстоўвалі ў народных абрадах. Але селяніну-бедняку сапраўдны хлеб даводзілася есці рэдка. У муку дамешвалі ячменную, аўсяную муку. Калі было асабліва цяжка, пяклі мякінны хлеб (бралі мякіну грэчкі, аўса і дабаўлялі трошкі мукі). “З мякінаю лёгка хадзіць, ды цяжка ногі валачыць,”- гаварылі пра такі хлеб. Здаралася, хлеб у галодныя гады пяклі з жалудоў, кары, шчаўя, лебяды. “Не бяда яшчэ, калі ў хаце лебяда”.

У беларусаў былі распаўсюджаны такія стравы, як талакно, жур (аўсяны кісель), крупнік, пячона (каша з пшоннай крупы, запраўленая здорам і запечаная), калатуха, поліўка, верашчака. Вялікае распаўсюджванне ў беларускай кулінарыі мелі сачні, драчоны, скавароднікі. Іх пяклі з ржаной, ячменнай, зрэдку - з пшанічнай мукі. З лепшых сартоў пшанічнай мукі пяклі хрусты, каржы, пернікі, з квашанага цеста пяклі пампушкі,  пірагі (з грыбамі, капустай, яйцамі і г.д.). З мучных страў найбольш папулярнымі былі клёцкі, зацірка, кулеш, лапша, наліснікі, ламанцы, з крупяных – панцак, гушча і інш. Іх рыхтавалі з мясам, салам, малаком, маслам.

2 вучань:

- Асабліва разнастайнымі на Беларусі былі стравы з бульбы. Бульбяная бабка, комы, дранікі, запяканкі, калдуны, клёцкі. З мясных страў рыхтавалі верашчаку, вантрабянку, студзяніну, паляндвіцу, каўбасу. Вялікае месца займалі малочныя прадукты. Масла і смятану падавалі да бліноў, аладкаў, дранікаў, бабкі. З тварагу рабілі сыр. Многа рабілі страў з гародніны: халаднік, капуста, грыжанка (з бруквы). Агародніну елі сырую, даваўлялі ў іншыя стравы. Капусту, агуркі, буракі квасілі і салілі. У вялікай пашане былі грыбы – свежыя, сушаныя, салёныя, марынаваныя, а таксама ягады – чарніцы, суніцы і інш. Адной з характэрных рыс беларускай кухні з’яўляецца наяўнасць вегетэрыянскіх страў: кулага (з чарніц з дабаўленнем пшанічнай мукі і цукру), саладуха – каша з пшанічнай мукі і соладу. Многа ў беларусаў ёсць абрадавых страў. Самы багаты стол – вясельны. У канцы вяселля падавалі каравай – сімвал нашчадкаў і сямейнага дабрабыту. Для беларускіх радзін заўсёды рыхтавалі бабіну кашу. Яе варылі ў гліняным гаршчку з пшанічнай мукі з дабаўленнем яек, масла, цукру. Упрыгожвалі кветкамі.

Для прыгатавання ежы выкарыстоўваўся розны посуд – лыжкі, кадушкі, дзежкі, макатры, міскі, гладышы, хлебніцы, маслабойкі і інш.

1 вучань:

 - У вялікай пашане ў беларусаў была зацірка – мучная страва. Елі яе гарачай, звычайна раніцай, на сняданак. Бо, пастаяўшы і астыўшы, гэта рэдкая страва гусцела і траціла свой смак. Варылі яе хутка. Гаспадыня брала муку, жытнюю ці пшанічную. Сыпала яе ў гаршчок з кіпенем, памешваючы лыжкаю, і варыла. Іншы раз муку спачатку замочвалі або густа, з камячкамі, замешвалі ў місцы, а потым ужо варылі ў кіпені. Для смаку такую зацірку забельвалі малаком, заскварвалі  або закрашвалі алеем. Варылі зацірку і на малацэ.

2 вучань:

 - І будні дзень быў святам, калі на стале з’яўлялася верашчака - страва сытная і духмяная. Сала, свіную рабрынку, кавалачкі каўбасы гаспадыня варыла ў гаршчку, потым  улівала туды падкалотку – муку, рэдка разведзеную вадою. Для смаку і паху дабаўляла прыправы: цыбулю, перчык, лаўровы ліст. І зноў варыла. Верашчака паступова даспявала ў гарачым духу печы. 

1 вучань:   

 - Бабка – страва, прыгатаваная з бульбы. Буйную бульбу гаспадыня абірае, дзярэ на тарцы. Запраўляе рассквараным салам з цыбуляю, мясам. Перамешвае ў чыгунку і ставіць запякацца ў печ, прыгарнуўшы чыгунок жарам.  Бывае, дабаўляе ў бабку сушаных грыбоў. Смачная бабка з малаком, свежаю смятанаю.

2 вучань:

- З бульбы беларусы гатавалі сотні страў. Адна з іх – клёцкі. Гаспадыня дзярэ бульбу на тарцы, адціскае сок. І рукамі качае з цеста галушкі. Кідае ў чыгунок і варыць у малацэ або ў вадзе. Клёцкі, звараныя ў вадзе, потым забельваюць малаком. А спажываюць іх па-рознаму: як рэдкую страву, з поліўкаю,  ці са смятанаю.

1 вучань:

 - Да нашай сустрэчы мы прыгатавалі  хрусты (па-мясцоваму іх яшчэ называюць хвораст). Частуйцеся, калі ласка! (частуюць прысутных)

Настаўнік:

-  Адкрываем другую старонку нашага вуснага часопіса - “Вучыся ў народа”

(На каляровых лістах надрукаваны прыказкі і прымаўкі аб здароўі, ежы. Вучні па чарзе агучваюць іх і вывешваюць на дошку.

- Здаровы будзеш – усё здабудзеш;

- Госць, не дзьміся, еш, што ў місе;

- Ад верашчакі не шукай прысмакі;

- Бабка з-пад таркі любіць скваркі;

- Якая скібка, такая і сілка;

 - Які ў ядзе, такі і ў хадзе;

- Шырокая лыжка рот дзярэ і інш.

(дзеці з дапамогай настаўніка тлумачаць сэнс прымавак)

- Звернемся да яшчэ адной старонкі нашага вуснага часопіса “Народны этыкет”. (выходзяць 2 вучні)

1 вучань:

- Народны этыкет рэгуляваў распарадак працоўнага дня, вызначаў час, калі ўставаць раніцай, снедаць, абедаць, вячэраць. Строга прытрымліваліся застольнага этыкету. Ніхто не пачынаў есці раней галавы сямі. За ядой не прынята было размаўляць. За скінуты на падлогу хлеб або крошкі прасілі прабачэння. Чарговую страву пачыналі есці па камандзе гаспадыні. Зядалі ўсё, што было ў місцы. Шэраг правіл адносіўся да абрадавага застолля: вясельнага, хрэсьбіннага, памінальнага і інш.

Раней дзіця не магло падесці тады, калі яму ўздумаецца, не прынята было, каб яно само ўзяло хлеб і адрэзала сабе кавалак.Ды і разважаць пра харчовыя густы дзецям не было калі, калі яны раслі ў вялікай сям'і. Нікому на талеркі асобна не накладалася. На стол ставіўся чыгунок з ежай для ўсіх, раздаваліся лыжкі - і кожны стараўся як мог. Калектыўнае харчаванне, калі лыжкі стукалі па пасудзіне, стымулявала апетыт.

Існавала паважлівае стаўленне да прадуктаў. Дзеці бачылі, адкуль бяруцца прадукты, як цяжка іх здабыць, бо самі змалку дапамагалі бацькам па гаспадарцы.

Беларусы былі вельмі гасціннымі. Калі да іх прыходзілі госці, яны выстаўлялі ўсё лепшае. Лічылася: "Госць - гэта Бог у дом". У нас быў асаблівы этыкет. Напрыклад, калі дзецям, што прыйшлі ў чужую хату, прапануюць пачастунак, трэба адмаўляцца, узяць можна было, калі гаспадыня надта ўжо настойвае, як быццам прымушае.

2 вучань:

- Якія могуць быць забавы падчас ежы? Размаўляць за сталом лічылася непрыстойным, гэтак жа як і размахваць рукамі ў час гутаркі. Калі раптам падчас ежы хтосьці з дзяцей пачынаў "гулі", за гэта можна было без усялякіх папярэджванняў атрымаць лыжкай па лбе.Беларусы заўсёды былі гасціннымі, добразычлівымі людзьмі. Правілы народнага этыкету перадаваліся з пакалення ў пакаленне, праяўляліся ў розных звычаях, абрадах, табу, адлюстроўваліся ў казках, прымаўках, прыказках і іншых фальклорных жанрах. Давайце і мы будзем іх не толькі ведаць, але і прытрымлівацца!

Настаўнік:

- Народная педагогіка надае здароўю асаблівае месца. "Здароўе за грошы не купіш", "Здаровы будзеш - ўсё здабудзеш", - вучаць нас продкі. Лістаючы наш часопіс, мы ўпэўніліся, што спрадвеку здароўе лічылася ў беларусаў галоўнай каштоўнасцю. І здароўе не толькі фізічнае, але і духоўнае.

 

ДАДАТАК  7

Анкета “Задаволенасць удзельнікаў праекта вынікамі,  якасцю кіравання праектам”(для педагогаў)

  1. Вы задаволены якасцю арганізацыі, кіравання з боку кіраўніка праекта)
  2. Вы былі дастаткова матываваныя да ўдзелу ў рэалізацыі праекта?
  3. Адзначце станоўчыя і адмоўныя бакі ў рэалізацыі праекта.

Анкета (для вучняў)

  1. Ты задаволены тым, што прымаў удзел у праекце “Вяртанне да вытокаў”?
  2. Якія з праведеных мерапрыемстваў былі для цябе асабліва цікавымі?
  3. Ці будзеш ты і далей прымаць удзел у рэалізацыі праектаў на падобную тэму?

ДАДАТАК 8

Імгненні праекта “Вяртанне да вытокаў”

 

 

   

 

  

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Ещё в этом разделе