Заданні і практыкаванні па тэме “Прыметнік” (6 клас)
Прыметнік як часціна мовы
- Выбарачнае пісьмо. Выпішыце з тэксту прыметнікі.
Нашы людзі, як і твае бацька і маці, як твае дзяды, прадзеды і прапрадзеды – шчырыя, сумленныя і мудрыя. Мы – вялікі і старажытны народ – мудры і светлы, чысты і даверлівы, зычлівы і дабрадушны, памяркоўны і разважлівы. Кожны з нас мае радасць ганарыцца, што належыць менавіта да такога народа і такой зямлі.
Паводле Я. Сіпакова
Адказ. Шчырыя, сумленныя, мудрыя, вялікі, старажытны, мудры, светлы, чысты, даверлівы, зычлівы, дабрадушны, памяркоўны, разважлівы.
- Прыгадаць назвы беларускіх зёлак, спалучыць іх з прыметнікамі, са словазлучэннямі скласці сказы.
Напрыклад, валяр’ян (заспакаяльны), першацвет (вясенні), багун (балотны), шыпшына (ружовая), крапіва (пякучая), дзьмухавец (ярка-жоўты).
- Пазнайце прадмет побыту беларусаў па прыметніках з назоўнікамі.
- Плоскія і круглыя камяні, драўляная ручка, круглая адтуліна, ручны млын. (Жорны.)
- Духмяны хлеб, шырокая бочачка, хваёвыя і дубовыя клёпкі. (Дзяжа.)
- Высокая гліняная пасудзіна, выпуклыя бакі. (Збан.)
- Паўкруглая пасудзіна-пляцёнка, гнуткія пруты, акораныя і неакораныя дубцы. (Кош.)
- Доўгае вузкае стальное палатно, металічнае кальцо, цвёрды клінок, драўляная ручка. (Каса.)
- Шырокая дошка, высокія ножкі, прамавугольная, квадратная ці круглая форма. (Стол.)
- Уставіць у прыказкі прапушчаныя прыметнікі.
Свая хатка – (родная) матка, а (чужая) – мачыха.
Няма (смачнейшай) вадзіцы, як з (роднай) крыніцы.
(Чужая) хата горш за ката.
З (роднага) боку і варона (мілая).
На (добрай) зямлі (добрая) надзея.
(Далёкая) старана без ветру сушыць.
- Фразеалагічныя загадкі.
- Пра чалавека, які сваімі паводзінамі ці знешнім выглядам непадобны да іншых, гавораць … (белая) варона.
- Пра чалавека, які маскіруе свае нядобрыя намеры ці дзеянні, крывадушны, кажуць … воўк у (авечай) скуры.
- Прытворна шкадаваць, няшчыра скардзіцца – ліць...(кракадзілавы) слёзы.
- Гаворка ідзе пра паўтор аднаго і таго ж пачатку – казка пра…(белага) бычка.
- Пра чалавека, які вельмі многа і часта плача, кажуць, што ў яго вочы на…(мокрым) месцы.
- Прыветлівы і гасцінны беларус-гаспадар заўсёды сустракае гасцей… з (распрасцёртымі) рукамі.
- Чалавек, калі ён вельмі здзіўлены, уражаны, робіць…(вялікія) вочы.
- Пра чалавека, які паўтарае тое, што ўжо сказана кім-небудзь іншым, беларусы скажуць, што ён … спявае з (чужога) голасу.
- Пра чалавека, які маскіруе сваё незадавальненне, непрыемнасці знешнім спакоем, весялосцю, у народзе скажуць…(вясёлая) міна пры (дрэннай) гульні.
Якасныя, адносныя і прыналежныя прыметнікі
З прапанаваных тэкстаў у адзін слупок выпісаць якасныя прыметнікі, у другі – адносныя, у трэці – прыналежныя.
- Беларускі ручнік адносіцца да тых прадметаў народнага мастацтва, якія належаць і мінуламу, і сучаснасці. Дык што ж гэта за незвычайная рэч, без якой нельга было і кроку ступіць? Якую таямніцу душы ўкладвалі ў яго жаночыя рукі, якія ткалі доўгімі зімовымі вечарамі? Якім зместам напаўнялі яны белую дарогу, упрыгожваючы мудрагелістым арнаментам? Што за свяшчэнныя веды перадаваліся ад бабулі да ўнучкі?
Паводле В. Фадзеевай
- Вы бачылі, як цвіце лён? Блакітным морам далёка, аж за небакрай, разліваецца ён за вёскаю. …Ткалі найчасцей з лёну. На чарадзейных кроснах ткалася ўсё: ад грубага зрэб’я да тонкага кужалю. І сёння яшчэ ў вясковай хаце можна ўбачыць скарб, вытканы на кроснах. Вочы разбягаюцца ад стракатай прыгажосці посцілак, абрусаў і ручнікоў. У іх – жыццё, натхненне, душа таленавітых майстрых.
Паводле М. Маляўкі
- Чаму ты не арэш?
- Бо малы!
- А чаму штаны кароткія?
- Бо бацькавы!
Народны жарт
Адказ.
Якасныя |
Адносныя |
Прыналежныя |
незвычайная, доўгія, белую, мудрагелістым, свяшчэнныя, блакітным, чарадзейных, грубага, тонкага, стракатай, таленавітых, малы, кароткія |
беларускі, народнага, зімовымі, вясковай |
бацькавы, жаночыя |
Ступені параўнання якасных прыметнікаў, іх утварэнне і правапіс
Выпішы прыметнікі, якія ўжыты ў форме найвышэйшай ступені параўнання.
Любая Радзіма! Вельмі шаноўная мая Беларусь! Маці наша родная – усіх нас разам і кожнага паасобку! Нізка схіляюся перад табою ў пашане ўжо толькі за тое, што ты заўсёды была, заўсёды ёсць і будзеш. І калі думаеш пра цябе, і калі часам забываешся – ты спрадвеку з намі. Твае лугі – самыя духмяныя, твае аблокі – самыя высокія, твае вятры – самыя ласкавыя, твае крыніцы – самыя чыстыя, твае лясы – самыя прыгожыя, твае людзі – самыя добрыя…
Паводле Я. Сіпакова
Адказ. Самыя духмяныя, самыя высокія, самыя ласкавыя, самыя чыстыя, самыя прыгожыя, самыя добрыя.
Скланенне якасных і адносных прыметнікаў
- Выпішы са сказа прыметнікі разам з назоўнікамі, да якіх яны адносяцца. Абазнач лік, род, склон прыметнікаў.
Ляльнік – свята заклікання вясны ў гонар багіні Лады (Лялі). Ляля ўяўляецца беларусамі ў выглядзе маладзенькай дзяўчыны.
Дзяўчаты на лузе выбіралі самую прыгожую сяброўку, апраналі ў белую кашулю, упрыгожвалі зялёнымі галінкамі, вянком з кветак і саджалі сярод малочных пачастункаў (масла, яйкі, сыр і інш.). Ля ног Лялі ляжаць вянкі з зелені, адпаведна ліку дзяўчат з карагода.
Паводле А. Лозкі
Адказ.
Маладзенькай дзяўчыны – адз.л., ж.р., Р.скл.
Самую прыгожую сяброўку - адз.л., ж.р., В.скл.
Белую кашулю - адз.л., ж.р., В.скл.
Зялёнымі галінкамі – мн.л., Т.скл.
Малочных пачастункаў – мн.л., Р.скл.
- Узнаві тэкст, падабраўшы адпаведныя прыметнікі са слоў для даведкі. Дапасуй прыметнікі да назоўнікаў у тэксце.
- Калі б мы маглі перанесціся ў Мінск …….. стагоддзя, то ўбачылі б на беразе Свіслачы …….. пляцоўку, адгароджаную ……… тынам ад …….. лесу. У цэнтры пляцоўкі пануе …….. дуб у чатыры абхваты. Дрэва лічаць ………… і называюць Волатам. На яго ……..голлі развешаны ………… стужкі і вышытыя ручнікі. Справа ад дуба з ……… камянёў слупком выкладзена вогнішча-зніч. Гэта Агонь або Жыжа. Але самая ……… ўвага тут каменю. Яго імя Дзед ці Стары. Дубу, агню і каменю нясуць людзі ахвяраванні, просяць адвесці бяду, пазбавіць ад хваробы.
Паводле Э. Ляўкова
Словы для даведкі: невялікі, мінулы, глухі, высокі, ніжні, стары, свяшчэнны, вялікі, стракаты, невялікі.
Адказ. Калі б мы маглі перанесціся ў Мінск мінулага стагоддзя, то ўбачылі б на беразе Свіслачы невялікую пляцоўку, адгароджаную высокім тынам ад глухога лесу. У цэнтры пляцоўкі пануе стары дуб у чатыры абхваты. Дрэва лічаць свяшчэнным і называюць Волатам. На яго ніжнім голлі развешаны стракатыя стужкі і вышытыя ручнікі. Справа ад дуба з невялікіх камянёў слупком выкладзена вогнішча-зніч. Гэта Агонь або Жыжа. Але самая вялікая ўвага тут каменю. Яго імя Дзед ці Стары. Дубу, агню і каменю нясуць людзі ахвяраванні, просяць адвесці бяду, пазбавіць ад хваробы.
- Паўз дарогі і рачулкі, ускрай палеткаў і ў ……… гушчарах, уткнуўшыся ў зямлю, ляжаць ……….. валуны.
Гэта толькі на першы погляд здаецца, што камяні – ………. маўчуны. Аднак калі разумееш іх мову, то камяні могуць шмат паведаміць пра сваю ………. , ………… гісторыю, пра мінулае нашага краю. Валуны – часцінка ………… прыроды. Яны ж – фрагмент нашай гісторыі. Іншы раз незразумела, дзе канчаецца прырода і пачынаецца гісторыя.
Паводле Э. Ляўкова
Словы для даведкі: замшэлы, лясны, даўні, зацяты, беларускі, шматвяковы.
Адказ. Паўз дарогі і рачулкі, ускрай палеткаў і ў лясных гушчарах, уткнуўшыся ў зямлю, ляжаць замшэлыя валуны.
Гэта толькі на першы погляд здаецца, што камяні – зацятыя маўчуны. Аднак калі разумееш іх мову, то камяні могуць паведаміць шмат цікавага пра сваю даўнюю, шматвяковую гісторыю, пра мінулае нашага краю. Валуны – часцінка беларускай прыроды. Яны ж – фрагмент нашай гісторыі. Іншы раз незразумела, дзе канчаецца прырода і пачынаецца гісторыя.
Скланенне прыметнікаў у множным ліку
Спішы тэкст, раскрываючы дужкі, пастаў прыметнікі ў адпаведным склоне. Падкрэслі прыметнікі ў множным ліку.
Калыска – (дзіцячы) ложак. Рабілі яе з дошак і (драўляны) рэечак. Плялі яшчэ з дубцоў лазы і ракіты, з (моцны) (хваёвы) карэньчыкаў. Падвешвалі на чатырох почапках да столі ці да жэрдкі, якая адным канцом мацавалася да бэлькі. (Лёгкі) штуршок – і калыска плавала ў хаце, як (чароўны) лодка. Пад ветразем калыханкі плыла калыска ў (светлы) сны, і дзіця спакойна, без плачу, засынала.
Паводле М. Маляўкі
Адказ. Калыска – дзіцячы ложак. Рабілі яе з дошак і драўляных рэечак. Плялі яшчэ з дубцоў лазы і ракіты, з моцных хваёвых карэньчыкаў. Падвешвалі на чатырох почапках да столі ці да жэрдкі, якая адным канцом мацавалася да бэлькі. Лёгкі штуршок – і калыска плавала ў хаце, як чароўная лодка. Пад ветразем калыханкі плыла калыска ў светлыя сны, і дзіця спакойна, без плачу, засынала.
Прыметнікі з суфіксамі ацэнкі, сфера іх ужывання, правапіс
Праца ў групах
- З тэксту на картцы № 1 выпiшыце прыметнiкi з суфiксамi ацэнкi, пазначце гэтыя суфiксы i вызначце, якое ацэначнае значэнне яны надаюць словам.
- З набору картак выберыце тую, змест якой суадносiцца з тэкстам карткi № 1. Выкарыстоўваючы матэрыял картак, падрыхтуйце паведамленне пра тое свята цi абрад, пра якiя iшла размова ў тэкстах.
Картка № 1 (для групы № 1)
Ой, па мосціку, па залатому, Каляда!
Ой, стучаць, бяжыць калядоўнічкі,
Ой, пытаюцца да новага двору:
- А ў каго, у каго ты, двор новенькі,
- Двор ты новенькі, сад вішнёвенькі?
Картка № 1 (для групы № 2)
А ўзяў ён ключы залатыя,
Адамкнуў зямлю сырусенькую,
Пусцiў расу цяплюсенькую.
На Белую Русь i на ўвесь свет…
Картка № 1 (для групы № 3)
Павядзём куста
Пад гай зеляненькi.
Сустрэне нас казак,
Казак маладзенькi…
Набор картак (аднолькавы для ўсіх груп)
Тэкст № 1
Сёмуха
Сёмуха – язычнiцкае свята, у якiм праглядаецца культ продкаў i раслiннасці. Звычайна на другi дзень Сёмухi на Пiншчыне адзначалi свята Куста, вадзiлi «куста». «Апраналi» дяўчыну ў зялёныя галiнкi дрэў i вялi па вёсцы з песнямi. Абрад i песнi былi накiраваны на садзейнiчанне ўрадлiвасцi зямлi i лепшай долi чалавека. На выгане ўкопвалi зялёнае дрэва з рознакаляровымi стужкамi, ладзiлi гульнi, танцы.
Паводле А. Лозкі
Тэкст № 2
Юрый
Юрый – даўняе земляробчае свята першага выгану кароў. Юрый – апякун жывёлы, земляробства. Статак выганялi вербнай галiнкай на “юраўскую расу”, шапталi замовы, абкурвалi кароў купальскiмі зёлкамi. З пастухамi праводзiлi абрадавыя частаваннi. Вечарам спявалi песнi пра тое, як Юрый адмыкае зямлю ключамi, выпускае расу i вясну, вадзiлi карагоды. Са святам звязана шмат прыкмет: як дождж на Юр’ я, то будзе хлеб, як на Юр’я пагода, то на грэчку няўрода.
Паводле А. Лозкі
Тэкст № 3
Калядаванне
Звычай калядаваць існуе ў нашым народзе спрадвеку і заключаецца ў тым, што моладзь і мужчыны сярэдніх гадоў збіраюцца групамі, бяруць з сабою музыканта і, пераходзячы з хаты ў хату, распяваюць песні, выказваюць пажаданні кожнаму гаспадару. У кожнай сялянскай сям’і для калядоўшчыкаў пякуць асобныя невялікія булкі хлеба, пірагі, даюць сала, каўбасу, а падчас і грошы. Адпусціць іх без нічога ніхто не адважваецца, і кожны гаспадар абавязкова павінен што-небудзь даць, інакш калядоўшчыкі нагавораць яму вострых жартаў і стануць пець з’едлівыя песні.
Паводле А. Лозкі
Адказы.
Група № 1. Новенькі, вішнёвенькі (значэнне ласкальнасці); тэкст № 3.
Група № 2. Сырусенькую, цяплюсенькую (значэнне ласкальнасці); тэкст № 2.
Група № 3. Зеляненькі, маладзенькі (значэнне ласкальнасці); тэкст № 1.
Прыметнікі з суфіксам -ск-, іх правапіс
Спішы сказы. Пры гэтым замест назоўнікаў, што ў дужках, запішы ўтвораныя ад іх з дапамогай суфікса – ск- прыметнікі.
- Хваліўся ўслон, што (пан) роду ён.
- У (беларус) вёсках з дзяцінства выхоўвалася пачуццё павагі, беражлівасці да хлеба.
- Адной з жамчужын (беларус) архітэктуры па праву лічаць (Нясвіж) замак, які цудоўна захаваўся і да нашага часу.
- Людзі прыкмячалі: калі ў першы (чэрвень) дзень лье дождж – увесь месяц будзе сухі.
Адказ.
- Хваліўся ўслон, што панскага роду ён.
- У беларускіх вёсках з дзяцінства выхоўвалася пачуццё павагі, беражлівасці да хлеба.
- Адной з жамчужын беларускай архітэктуры па праву лічаць Нясвіжскі замак, які цудоўна захаваўся і да нашага часу.
- Людзі прыкмячалі: калі ў першы чэрвеньскі дзень лье дождж – увесь месяц будзе сухі.
Правапіс -н-, -нн- у прыметніках
Спішы сказы, раскрываючы дужкі. Растлумач выбар н ці нн.
- Грымоты з маланкаю на Іллю тлумачылі тым, што гэта сам прарок у вогне(н,нн)ай калясніцы раз’язджае па небе.
- У некаторых хатах даўней мясцілася на покуці бажніца – драўля(н,нн)ая шафка або палічка.
- Вадзя(н,нн)ы млын будавалі на беразе ракі.
- Багач адзначаўся ў дні, якія стаяць блізка да асе(н,нн)яга раўнадзенства.
- Беларусы заўсёды былі гасці(н,нн)ымі людзьмі.
- Збан – высокая гліня(н,нн)ая пасудзіна для малака, смятаны, маслёнкі, сыроваткі.
- Некалі амаль кожную хату аточвала прызба – земля(н,нн)ы насып.
- Песе(н,нн)ая спадчына беларусаў надзвычай багатая.
Адказ.
- Грымоты з маланкаю на Іллю тлумачылі тым, што гэта сам прарок у вогненнай калясніцы раз’язджае па небе.
- У некаторых хатах даўней мясцілася на покуці бажніца – драўляная шафка або палічка.
- Вадзяны млын будавалі на беразе ракі.
- Багач адзначаўся ў дні, якія стаяць блізка да асенняга раўнадзенства.
- Беларусы заўсёды былі гасціннымі людзьмі.
- Збан – высокая гліняная пасудзіна для малака, смятаны, маслёнкі, сыроваткі.
- Некалі амаль кожную хату аточвала прызба – земляны насып.
- Песенная спадчына беларусаў надзвычай багатая.
Правапіс не (ня) з прыметнікамі
Выпішыце нумары сказаў, у якіх не (ня) з прыметнікамі пішацца: а) разам № … ; б) асобна № …
- Вечна сонцу купацца ў лясных беларускіх крыніцах і (не, ня) ўрымслівай песні ў вечным паходзе звінець!
- Шмат гора зведаў беларускі селянін на сваёй роднай (не, ня) ўрадлівай зямельцы, шчодра ўсеянай валунамі.
- Чужбіна (не,ня) родная матка: хлеба не дасць.
- Чырвоны кут (покуць) выконваў у сялянскай хаце ролю (не, ня) вялiчкай, прыблiжанай да чалавека копii храма.
- Гора таму чалавеку, які трапіць у Кадукава балота — пагібель (не, ня) пазбежная.
- У асяроддзі беларусаў да нашых дзён захавалася (не, ня) пісанае правіла абавязкова закрываць нанач калодзежы і посуд з вадой.
Адказ. а) разам № 1, 2, 4, 5, 6; б) асобна № 3.
Спіс выкарыстанай літаратуры
- Сіпакоў, Я. Зялёны лісток на планеце зямля. Партрэт Беларусі / Я. Сіпакоў. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2010. – 362 с.
- Маляўка, М.А. Сядзіба або Хата з матчынай душою: абразкі, вершы / М.А. Маляўка . – Мінск : Юнацтва, 2002. – 143 с.
- Лозка, А.Ю. Беларускі народны каляндар / А.Ю. Лозка. – Мінск : Полымя, 1993. – 205 с.
- Барыс, С.В. Сцежкамi дзядоў: народны быт беларусаў / С.В. Барыс. – Мiнск : Беларуская навука, 2015. – 294 с.
- Ляўкоў, Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны / Э.А. Ляўкоў. – Мінск : Навука і тэхніка, 1992. – 207 с.
Хандрыка Святлана Васільеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі ДУА “Сошненская сярэдняя школа” Пінскага раёна.