Тэкст як адзінка мовы і маўлення. Прыметы тэксту (10 клас)

Тэма: Тэкст як адзінка мовы і маўлення. Прыметы тэксту  (10 клас)

Лексічная тэма: Сімволіка жытла беларусаў

Мэты: пашырыць веды пра тэкст як адзінку мовы і маўлення, прыметы тэксту (сэнсавую цэласнасць, тэматычнае адзінства, разгорнутасць, звязнасць, паслядоўнасць, завершанасць), віды і моўныя сродкі сувязі сказаў у тэксце; удасканальваць уменні вызначаць тэму і асноўную думку тэксту, даваць загаловак, дзяліць тэкст на часткі (падтэмы і мікратэмы) і абзацы, выдзяляць апорныя (ключавыя) словы, словазлучэнні і сказы, вызначаць віды і сродкі сувязі сказаў і частак у тэксце; выхоўваць цікавасць да абрадаў, звычаяў беларусаў.

Эпіграф:

Парог, высечаны з успамінаў, астаўся за мной,

Дзверы, на завесах цвыркуновай песні,

Асталіся за мной,

Вокны, зашклёныя вачамі блізкіх,

Асталіся за мной,

Хата, пакрытая крыламі ластавак,

Асталася за мной, -

Як жа мне не азірнуцца назад,

Нават калі б я застыў

Слупом солі?

М. Танк

Ход урока

Этап 1. Арганізацыйны

Настаўнік:

 - Урок наш невыпадкова адкрываецца словамі М. Танка (цытую эпіграф). Ёсць такая легенда: чалавеку сказалі, каб ён, адыходзячы з дому, не азіраўся назад, іначай ператворыцца ў слуп солі. Чалавек азірнуўся… Дый як жа не азірнешся, калі родная сядзіба – гэта цэлы свет. Наперадзе, за таямнічай мяжою гарызонта, новыя дарогі, новыя людзі, новы свет. Але на ўсё жыццё застаюцца ў памяці “парог, высечаны з успамінаў”, “дзверы, на завесах цвыркуновай песні”, “вокны, зашклёныя вачамі блізкіх”.

Часцей азірайцеся назад, у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці – у хаце з матчынай душою, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню.

Этап 2. Актуалізацыя ведаў вучняў

Карыстаючыся матэрыялам § 6 - 7 выканаць тэарэтычныя заданні:

  1. Закончы сказ:
  2. Тэкст- гэта ...
  3. Асноўныя прыкметы тэксту - …
  4. Адкажы на пытанні:
  5. З дапамогай якіх сродкаў адбываецца раскрыццё тэмы тэксту?
  6. Што забяспечвае ў тэксце набор падтэм?
  7. Што забяспечвае ў тэксце набор мікратэм?

 

Этап 3. Адпрацоўка і замацаванне практычных уменняў і навыкаў

3.1. Самастойная праца вучняў з карткамі (у парах)

Набор картак № 1

  1. Вызнач правільнае сцвярджэнне:

а) Тэкст – цэласнае, звязнае, сэнсава закончанае выказванне, падпарадкаванае адзінай тэме.

б) Тэкст – гэта паведамленне, якое даводзіцца да ўсеагульнага ведама.

в) Адна з асноўных прыкмет тэксту – граматычная сувязь паміж сказамі.

г) Тэкст уключаны ў схему:

 З якой мэтай?                         каму?

   аўтар       ®        тэкст   ®    адрасат

  1. Асноўнымі прыкметамі тэксту з’яўляюцца:

а) сэнсавая цэласнасць

б) стылёвае адзінства

в) звязнасць

г) тэматычная незавершанасць

  1. Тэкст лічыцца дэфармаваным, калі ў ім:

а) не ўпарадкавана думка

б) расказваецца пра падзеі ў розных часавых планах

в) адсутнічае сэнсавая і граматычная сувязь паміж сказамі, часткамі выказвання

г) парушаны парадак слоў, сказаў, частак тэксту

3.2. Абмеркаванне адказаў

Адказы: 1) а, в, г  2) а, б, в  3) а, в, г

3.3. Праца з падручнiкам - практыкаванне 36

3.4. Праца з карткамі  па варыянтах

Набор картак № 2

Варыянт 1. Дай загаловак тэксту. Выпішы ключавыя словы, якія адлюстроўваюць тэму тэксту.

Некалі амаль кожную хату аточвала прызба – земляны насып. Каб зямля не аплывала, прызбу апляталі лазою, бярозавымі галінкамі. Часам збоку ад сцяны гаспадар укопваў слупкі, закладваў за іх жэрдкі ці дошкі, сыпаў пясок, кастрыцу, сухую ігліцу, прывезеную з лесу. Усё гэта роўна асядала, утрамбоўвалася, і прызба надзейна ўцяпляла хату. Аберагала яе знізу ад сырасці, дажджу і снегу.

Прызбы былі невысокія, на два-тры вянцы. На іх любілі гуляць дзеці. Цяпер у вёсцы, каб было дзе пасядзець, робяць лаўкі. І ў двары, пад вокнамі, і на вуліцы, пры агародчыку-кветніку. Пасядзець, пагаманіць на лаўцы адвячоркам, пасля работы, збіраюцца суседзі.

(Паводле М. Маляўкі)

Загаловак –

Ключавыя словы –

 

Варыянт 2. Вызначы тэму, падтэмы  тэксту. У якім сказе выражана асноўная думка?

У вялікай сям’і калыска не гуляла: калыхала дзяцей па чарзе, з году ў год. Калыска – дзіцячы ложак. Рабілі яе з дошак і драўляных рэечак. Плялі яшчэ з дубцоў лазы і ракіты, з моцных хваёвых карэньчыкаў. Падвешвалі на чатырох почапках да столі ці да жэрдкі, якая адным канцом мацавалася да бэлькі. Лёгкі штуршок – і калыска плавала ў хаце, як чароўная лодка. Пад ветразем калыханкі плыла калыска ў  светлы сон, і дзіця спакойна, без плачу, засынала.

Рабілі калыскі і на ножках, падбітых паўкруглымі брускамі. Маці ставіла такую калыску каля свайго ложка і, калі  дзіця ўночы часам  прачыналася, ціха калыхала, не ўстаючы з пасцелі. Глядзела, каб на тварык не падала месячнае святло, бо ведала прыкмету: падсвеціць дзіця месяц – яно доўга не будзе спаць. Агульнапашыранай лічыцца забарона качаць пустую калыску – дзіця не будзе спаць па начах.

(Паводле М. Маляўкі)

Тэма –

Падтэмы –

Сказ, у якім выражана галоўная думка –

 

Варыянт 3. Уважліва прачытай тэкст. Дай загаловак. Складзі пытанні да прачытанага тэксту.

Ложкі ў хаце ставяць каля глухой сцяны, далей ад вокнаў і дзвярэй, каб цяплей было спаць дажджлівай восенню і марознай зімою. Самаробныя ложкі аздаблялі разьбою. Посцілкі гаспадыня ткала на кроснах, і на іх, калярова - ўзорыстых, прыгожа глядзеліся белыя горкі падушак. Цешыў вока на сцяне пры ложку і дыван, таксама тканы ці маляваны. Гаспадыня старалася, каб і сямейнікам падабаўся гэты кут у хаце, і каб суседкі па-добраму зайздросцілі ёй, руплівай праллі і ткаллі. Але так было не заўсёды. Некалі ложкі стаялі хіба ў панскіх палацах. А простыя людзі спалі на палку ды на палацях. Палок займаў частку хаты ад печы да кутняй сцяны. Палаці, або палаткі, таксама дашчаныя, але вузейшыя за палок. Мацаваліся адным канцом на лежаку печы, другім – на драўляным бруску, прыбітым да сцяны. Гэты спальны кут у хаце нагадваў двух’ярусны памост: першы ярус – палок, другі ярус – палаці. На высокіх, бліжэй да столі, палацях любілі спаць дзеці. Як на воблаках, ляжалі яны на сенніках – матрацах, набітых сенам ці саломаю. А яшчэ сеннікі, пашытыя з густога палатна, напаўнялі, бывала, аўсянай мякінаю. Перад гэтым мякіну старанна прасейвалі, каб не засталося пылу.

(Паводле М. Маляўкі)

Загаловак –

Пытанні –

 

3.4. Абмеркаванне выкананага задання

Варыянт 1

ЗагаловакПрызба

Ключавыя словыземляны насып, лаза, бярозавыя галінкі, слупкі, пясок, кастрыца, ігліца, два-тры вянцы

Варыянт 2

 ТэмаКалыска

ПадтэмыЗ чаго рабілі калыскі; народныя прыкметы

Сказ, у якім выражана галоўная думкаУ вялікай сям’і калыска не гуляла: калыхала дзяцей па чарзе, з году ў год.

Варыянт 3

ЗагаловакМесца адпачынку ў хаце

ПытанніДзе ставілі ложкі ў хаце? Як гаспадыні ўпрыгожвалі ложкі? Што такое палок, палаці? Чым напаўнялі сеннікі?

Этап 4. Фізкультхвілінка ( гульня “Прыказка”)

Вучань-памочнік раздае карткі з напісанымі на іх словамі. Па сігналу настаўніка вучні становяцца так, каб можна было прачытаць прыказку. Тлумачым сэнс прыказак. Пажадана ўзяць прыказкі, звязаныя з лексічнай тэмай урока.

Чужая хата не грэе.

У сваёй хаце і качарга маці.

Хто пільнуе свята, у таго пустая хата.

Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка.

Свая стрэха – свая ўцеха.

 

Этап 5. Пазнавальная старонка “Сімволіка беларускага жытла”

Настаўнік: - Адкрываем нашу традыцыйную пазнавальную  старонку. Кожнай  групе было дадзена творчае заданне. Карыстаючыся кнігамі Я. Крука “Сімволіка беларускай народнай культуры”, М. Маляўкі “Сядзіба, або Хата з матчынай душою”, падрыхтаваць паведамленні, звязаныя з жытлом беларусаў.

1 група – “Покуць - святое месца ў хаце”

2 група – “Праз парог рукі не падавай”

3 група – “Печ – сімвал жыцця”

Прыкладны змест паведамлення  “Покуць – святое месца  ў хаце”

Чырвоны кут (покуць) выконваў у сялянскай хаце ролю невялiчкай, прыблiжанай да чалавека копii храма. З гэтай нагоды  ў верхняй частцы кута заўсёды вiсеў абраз, абавязкова пакрыты прыгожым саматканым ручнiком. Кожная святочная падзея або рытуальная сiтуацыя, звязаныя з асноўнымi этапамi чалавечага жыцця, разгортвалiся ў непасрэднай блiзасцi да чырвонага кута. Напрыклад, тры калядныя куццi падчас падрыхтоўкi святочнай вячэры стаялi на покуцi, на лаве, засланай сенам i белым ручнiком. Там жа знаходзiлася «бабiна каша» як асноўны атрыбут радзiнна-хрэсьбiннай абраднасцi, а на працягу года стаяў “гаспадар” – апошнi жытнёвы сноп чарговага ўраджаю.

Бадай самую значную ролю выконваў чырвоны кут у час святкавання вяселляў, а таксама калi спраўлялiся пахавальна-памiнальныя сталы. За вясельным сталом маладыя сядзелi менавiта на покуцi, дзе як бы сыходзiлiся, звязвалiся ў адзiнае цэлае дзве сцяны – сiмвалы двух родаў.

За ўсё жыццё чалавек меў права толькi двойчы заняць галоўнае месца ў чырвоным куце. Другi раз – адразу ж пасля смерцi. Спачатку яго клалi на лаву, а затым, калi была падрыхтавана труна, перакладвалi ў яе i зноў-такi ставiлi ў кут, галавой да абразоў.

За абразамi звычайна захоўвалiся асноўныя свяшчэнныя атрыбуты ахоўна-засцерагальнага характару: грамнiчныя свечкi, у белай хусцiнцы знаходзiлася жменька зямлi са следам хлопца, якi пайшоў войска i г. У паўсядзённым жыццi тройчы на дзень тут, за сталом, збiралася сям’я, каб падсiлкавацца не толькi фiчна, але i духоўна

(Паводле Я. Крука)

Прыкладны змест паведамлення “Праз парог рукi не падавай”

Такая звычка бытуе ў нашым народзе i цяпер. А вытокi яе – у сiвой мiнуўшчыне. У паўсядзённым i святочным жыццi сялянскай сям’i надзвычай важную ролю выконваў парог. Большасць нашых сучаснiкаў ведае аб гэтым, але не можа растлумачыць, чаму парог стаў такой незвычайнай зонай у хаце.   Раней, недзе памiж 6 i 14 стагоддзямi, пограб (падполле, склеп) быў месцам пахавання памёршых. Памёршага чалавека спальвалi на рытуальным месцы, а урну з прахам хавалi пад парогам. Значыць, гiстарычна парог – зона захавання продкаў, своеасаблiвая мяжа памiж мiнулым i будучыняй. Таму становяцца зразумелымi сiтуацыi: нельга падаваць руку праз парог, нельга вiтацца праз парог i падаваць адзiн аднаму руку, гаспадыня не мае права падаць што-небудзь праз парог. На вяселлi малады браў маладую на рукi, каб унесцi яе праз парог у сваю родную хату. Зноў  вяжам у адзiнае цэлае сiмволiку зон, атрыбутаў.

Парог – зона продкаў, смерцi, таму, каб абсалютна выключыць магчымасць нечаканага, выпадковага дотыку да гэтай зоны той, якая прыйшла прадоўжыць жыццёвую эстафету, малады на руках пераносiў яе праз парог. Але перад гэтым яго бабуля праз той самы парог павiнна была палажыць чырвона-белы ручнiк такiм чынам, каб чырвоныя канцы былi перад парогам i за парогам, а непасрэдна над парогам ляжала яго белая частка. У гэты час прысутная моладзь абсыпала iх зернем жывога жыта.

(Паводле Я. Крука)

Прыкладны змест паведамлення “Печ – сiмвал жыцця”

Цэнтральным атрыбутам сялянскай хаты была печ – сiмвал жыцця. Па сваёй сутнасцi печ цалкам паўтарае мадэль хаты i мае трохузроўневую структуру: падпечак, загнет, дымаход (комiн).

Печы, як галоўнай захавальнiцы жыццёвай эстафеты таго цi iншага роду, аддавалася данiна пашаны падчас практычна ўс важнейшых святкаванняў. Асаблiва прыкметнае месца яна займала ў вясельнай абраднасцi. Калi ў хату прыходзiлi сваты, то дзяўчына залазiла на печ i сядзела там, пакуль гаваркiя сваты вялi перамовы з бацькамi. Саскочыўшы на падлогу, нявеста давала тым самым згоду выйсцi замуж. Рытуальным цэнтрам разгортвання вяселля ў хаце маладой таксама была печ. За ёю хавалася мацi нявесты. Увайшоўшы ў хату, жанiх тройчы звяртаўся да яе з просьбай даць канчатковую згоду на шлюб. Мацi пагаджалася толькi тады, калi малады адорваў яе грашамi.

Аднак асноўныя падзеi разгортвалiся вакол печы падчас гатавання каравая. Прыгожы, шматступенны рытуал быў багата аздоблены песнямi, у якiх апявалiся каравайнiцы i печ, у якой народзiцца новы хлеб – сiмвал новай сям’i, жыцця маладых у новым сацыяльным статусе.

Нараджэнне i першыя гады жыцця дзiцяцi таксама цесна звязаны з печчу. На працягу першай паловы года ваду пасля купання дзiцяцi вылiвалi ў падпечак.

Важнае месца займала печ i ў пахавальнай абраднасцi. Так, вяртаючыся з пахавання, родныя i блiзкiя нябожчыка збiралiся на памiнальную трапезу. Але перш чым сесцi за стол, усе прысутныя па чарзе падыходзiлi да печы i датыкалiся да яе.

Аб тым, што печ з’яўлялася сiмвалам сямейнага ачага, сведчаць мiфалагiчныя легенды, з якiх мы ведаем, што за печчу жыў дамавiк – дух-ахоўнiк хаты i сямi.

Цiкава адзначыць, што ў мiнулыя часы колькасць гаспадарак у вёсцы ўлiчвалася менавiта па колькасцi «дымоў».

(Паводле Я. Крука)

Настаўнік (звяртаецца з пытаннем да вучняў, якія выступалі):

- Што ў тваiм выступленнi было найбольш важным, каштоўным асабiста для цябе?

 

Этап 6. Рэфлексія. Падвядзенне вынікаў

Настаўнік звяртаецца да вучняў з пытаннем: “Як вы разумееце словы Я. Крука: “Перш чым схіліць галаву перад святынямі Вечнасці, трэба зрабіць гэта ж самае перад абразамі ў сваёй хаце, перад магілай свайго дзеда, перад алтаром свайго Храма.”? (адказы вучняў)

- Ранiцай, перад тым, як пераступiць парог свайго дома, затрымайцеся на хвiлiнку, падумайце пра добрае, пажадайце сабе i сваiм блiзкiм  Дабра i Здароўя – усе мары збудуцца.

 

Этап 7. Дамашняе заданне: § 6 – 7, практыкаванне 38. Творчае заданне: вуснае выказванне на адну з прапанаваных тэм:

  1. Зорныя сны маленства люлялі і маю калыску…
  2. Я хаце абавязаны…
  3. Трэба дома бываць часцей!
  4. Родная хата – цэлы свет.

 

Літаратура:

  1. Крук, Я. Сімволіка беларускай народнай культуры / Я. Крук // - Мінск: Беларусь, 2003. – С. 296 - 306
  2. Маляўка, М. Сядзіба, або Хата з матчынай душою / М. Маляўка // - Мінск: Юнацтва, 2002. – С. 6 - 22
  3. Васілевіч, У. Жыцця адвечны лад: Беларускія народныя прыкметы і павер’і / У. Васілевіч // - Мінск : Мастацкая літаратура, 1998. – С. 151-153

 

Хандрыка Святлана Васільеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сошненская сярэдняя школа” Пінскага раёна.