Фарміраванне лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі вучняў на ўроках беларускай мовы на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі

Фарміраванне лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі вучняў на ўроках беларускай мовы на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі                                                                 

Адным з падыходаў навучання беларускай мове з’яўляецца лінгвакультуралагічны, які “звязаны з усведамленнем мовы як формы выражэння нацыянальнай культуры, узаемасувязі мовы і культуры, нацыянальна-культурнай спецыфікі беларускай мовы і садзейнічае фарміраванню ў вучняў лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі” [1, с. 6].

Г.М. Валочка адзначае, што “перад урокам беларускай мовы на сучасным этапе стаіць задача выхавання эстэтычнага стаўлення да самой мовы як феномена культуры (феномена чалавецтва і тварэння народа), як захавальніка ўсё духоўнай культуры народа” [4, с. 14].

Актуальнасць мэтанакіраванай працы па фарміраванні ў вучняў лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі абумоўлена неабходнасцю далучэння вучняў да каштоўнасцей нацыянальнай і сусветнай культуры, усведамлення вучнямі мовы як формы выражэння нацыянальнай культуры, узаемасувязі мовы і культуры, нацыянальна-культурнай спецыфікі беларускай мовы; неабходнасцю выпрацоўкі ўменняў карыстацца культуразнаўчымі звесткамі з мэтай забеспячэння паўнацэннай камунікацыі; сацыяльнай значнасцю падрыхтоўкі сродкамі прадмета высокаадукаванай, высокакультурнай моўнай асобы.

Рэалізацыя лінгвакультуралагічнага падыходу ў адукацыйным працэсе забяспечвае развіццё лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі – “валоданне мовай як сістэмай захавання і перадачы каштоўнасцей культуры, як сродкам спасціжэння айчыннай і сусветнай культуры; здольнасць карыстацца культуразнаўчымі звесткамі ў працэсе маўленчых зносін” [2, с. 92].

В.У. Зелянко адзначае тры метадычныя напрамкі рэалізацыі лінгвакультуралагічнага падыходу: 1) засваенне вучнямі нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай мовы; 2) спасціжэнне каштоўнасцей і рэалій нацыянальнай культуры; 3) навучанне беларускай мове ў дыялогу культур [3, с. 10].

Аб’ектам вывучэння на ўроках беларускай мовы становяцца нацыянальна маркіраваныя адзінкі зместу фарміравання моўнага кампанента лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі; моўныя адзінкі зместу фарміравання нацыянальна-культурнага кампанента лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі; моўныя адзінкі зместу фарміравання міжкультурнага кампанента лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі [3, с. 10-11].

Аптымальнае спалучэнне актыўных метадаў і прыёмаў выкладання беларускай мовы на розных этапах урока, арыентаванае не толькі на дасягненне вучнямі пэўных вынікаў вучэбнай дзейнасці, але і іх асобаснае развіццё і самарэалізацыю, фарміраванне лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі, што вызначана задачамі праграмы па вучэбным прадмеце “Беларуская мова”, дапамагае актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў, забяспечыць зацікаўленасць найбольшай колькасці вучняў.

На думку М.Г. Яленскага, “вучэбная дзейнасць па-сапраўднаму развіццёвай і асобасна значымай стане тады, калі будзе звязана з вырашэннем супярэчнасцей у выніку актыўнай сумеснай ці самастойнай дзейнасці” [5, с. 11].

Выкарыстоўваючы ў сваёй практыцы актыўныя метады навучання, прыйшла да высновы, што пры дапамозе іх можна значна палепшыць работу на розных этапах урока: зрабіць эфектыўнай і прадуктыўнай. Дыдактычны матэрыял пры гэтым павінен быць насычаны культуралагічнымі звесткамі, эстэтычны і цікавы ў плане зместу, лексікі. Часта ўвесь матэрыял да ўрока  аб’ядноўваю адной лексічнай тэмай, якая праходзіць праз усе этапы ўрока, распрацоўваю сістэму практыкаванняў, накіраваных на засваенне вучнямі нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай мовы, спасціжэнне каштоўнасцей і рэалій нацыянальнай культуры, пазнанне самабытнасці беларускай мовы і культуры на фоне іх супастаўлення з мовамі, культурамі іншых народаў.

На арганізацыйным этапе часта выкарыстоўваю метад “Пажаданне” (пажаданні павінны адпавядаць правілам маўленчага этыкету беларусаў). Этыкетныя нормы ўключаю ў змест урокаў беларускай мовы на працягу ўсяго курса навучання.

На арыентацыйна-матывацыйным этапе  пры вывучэнні раздзела “Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія” (5 клас) праводжу ў пачатку ўрока фанетычныя размінкі. Засваенне правіл арфаграфіі будзе больш эфектыўным, калі вучні будуць ведаць сутнасць фанетычнага прынцыпу беларускага правапісу. Таму вялікую ўвагу надаю выпрацоўцы навыкаў практычнага карыстання вуснай формай мовы, навучанне нормам літаратурнага вымаўлення.

Прапаноўваю вучням прыказкі і прымаўкі. Ім неабходна правільна вымавіць іх і назваць словы, у якіх колькасць літар і гукаў не супадае. Тлумачым сэнс прыказак.

Хто пільнуе свята, у таго пустая хата.

Хваліўся ўслон, што панскага роду ён.

Сівой барадзе месца на куце і інш.

Падбіраю да ўрока хуткамоўкі (пажадана звязаць іх з лексічнай тэмай урока), якія даюць магчымасць адпрацаваць навыкі літаратурнага вымаўлення.

Напрыклад, ткач ткаў хустку на таху і хукаў на руку (ткацтва); як чарніцы не дурніцы, так дурніцы не чарніцы (ягады); пчала ля пчаляра, а побач пчалы чмель; лянок не любіць лянот, лянот не любіць лянок; цярпення няма цяпер церці цярніцаю лён (заняткі беларусаў); каму па каму, а каму і два камы (стравы).

Цікава пачынаць урокі пры вывучэнні раздзела “Лексіка. Фразеалогія” (5 клас), актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў дапамагае метад “Адгадай”, напоўнены культуразнаўчымі звесткамі.

  1. Паспрабуйце адказаць, пра які месяц ідзе размова; ці ведаеце вы, як называўся гэты месяц раней?

- Назва месяца паходзіць ад слова “красаваць”, бо ў ім з’яўляюцца першыя кветкі-краскі. (Красавік; кветень);

- Сучасная беларуская назва месяца паходзіць ад слова “ліпа”, менавіта ў гэтую пару цвіце гэтае дрэва.  (Ліпень; липець);

- Сучасная назва месяца паходзіць ад слова “сцюдзёны”, якое яскрава характарызуе самую халодную пару года.  (Студзень; стычень);

- Сучасная назва паходзіць ад слова “верас” (менавіта ў той час расліна пачынае красаваць). (Верасень; вресень) і інш.

  1. Адгадай свята.

- Гэта дзень ушанавання  ўсіх адышоўшых у нябыт продкаў. Святкуюць у пачатку лістапада. (Дзяды);

- На гэтае свята вадзілі карагоды, шукалі папараць-кветку. (Купалле);

- Свята прылёту буслоў. (Благавешчанне);

- Даўняе земляробчае свята першага выгану кароў. (Юр’я);

- Народнае свята глыбокай восені, пасля яго забаранялася чапаць зямлю. (Пакровы).

У 8-9 класах дазваляе зацікавіць навучэнцаў тэмай урока рубрыка “Цікава ведаць”.

Напрыклад, тэма “Спосабы перадачы чужой мовы”; лексічная тэма ўрока “Валуны” (9 клас).

  1. Цікавы той факт, што ў свой час Пётр І выдаў указ: “Ежели кто найдёт в земле или в воде какие старые вещи, а именно каменья необыкновенные, а таксама какие старые надписи на каменьях…такое бы приносили, за что давана будет довольная дача…”
  2. Валуны са старажытнымі надпісамі пастаянна прыцягвалі ўвагу вучоных. З тых валуноў з надпісамі ХІІ стагоддзя, што трапілі ў поле зроку спецыялістаў, непасрэдна да полацкага Барыса Усяславіча належала пяць. Толькі на іх выбіта: “Вспоможи, господи, раба своего Бориса…”, і таму менавіта яны з’яўляюцца Барысавымі.

(Паводле Э.А. Ляўкова)

Названыя вышэй прыёмы спрыяюць развіццю цікавасці да народных свят, традыцый, звычаяў (нацыянальна-культурны кампанент лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі).

На інфармацыйна-пошукавым этапе ў 5-7 класах выкарыстоўваю лексічныя хвілінкі, пазнавальныя старонкі, граматычныя эстафеты, моўныя гульні, прыёмы “Лаві памылку”, “Чацвёртае лішняе”,  “Блытанка”, “Ланцужок”.

  1. Прыём “Выберы слова”. Падкрэсліце тое слова (заключанае ў дужках), якое ўжываецца ў фразеалагічным звароце (Тэма “Паняцце пра фразеалагізмы, роля фразеалагізмаў у маўленні.” 5 клас):

Як пад (зямлёю, дрэвам); з (мукою, зямлёю) змяшаць; аж (зямля, неба) стогне; ад (стала,зямлі) не адрос; як праз (зямлю, балота) праваліўся.

  1. Узнаві прыказку па дадзеных словах.

Галава – рукі. (З разумнаю галавою і рукам лёгка.)

Не дагаварыць - перагаварыць.      (Лепш не дагаварыць, чым перагаварыць.)

Справа - слава. (Якая справа, такая і слава.)

З мэтай узбагачэння слоўніка вучняў нацыянальна маркіраванымі моўнымі адзінкамі даецца заданне на засваенне лексічнага значэння слоў.

  1. Знайдзіце “чацвёртае лішняе” слова ў кожным радку. (Тэма “Лексічнае значэнне слова.” 5 клас)

а) дудка, жалейка, качарга, свісцёлка;

б) гляк, збан, гарлач, кажух;

в) таўкач, зацірка, саладуха, бабка.

  1. Моўная гульня “Словы-самазванцы”. Напрыклад, на картках запісаны назвы беларускіх народных страў і словы - “самазванцы”. Падкрэсліць назвы страў, растлумачыць значэнне.

Верашчака, збажына, дранікі, жорны, клёцкі, палаці, бабка, саладуха, горыч.

  1. Прыём “Закончы фразу”.

Тэма “Назоўнікі асабовыя, зборныя, рэчыўныя” (6 клас)

У макатры церлі таўкачыкам …(мак); у гляку захоўвалі… (алей, сок, квас); у дзяжы заквашвалі … (хлеб); у ступе таўклі…(крупы); у кубельцы трымалі …(сала, мяса). 

Тэма “Часы дзеяслова, утварэнне і ўжыванне часавых форм дзеяслова” (7 клас)

 Нашы продкі цапамі … (малацілі); касой … (касілі); рагачом … (пераварочвалі сена); сахой … (акучвалі бульбу); бараной  … (баранавалі поле); плугам … (аралі).

  1. Лінгвістычныя задачы. Тэма “Амонімы” (5 клас)

Адгадайце загадкі.

 “Маміна мама, поўная ласкі, на прызбе расказвае казкі”. Здагадаліся, хто так цешыў унукаў на прызбе? (Бабка.)

“Гаспадыня абірае бульбу, дзярэ на тарцы, запраўляе рассквараным салам з цыбуляю, мясам, перамешвае ў чыгунку і ставіць запякацца ў печ.” Якую страву гатуе гаспадыня? (Бабку.)

Адкажыце,  гэта сінонімы, антонімы, амонімы ці мнагазначнае слова? (Амонімы.)

“Як называецца прылада для збівання масла з вяршкоў малака, са смятаны. (Бойка.)

“Сварка, сутычка з узаемнымі пабоямі; бой. (Бойка.) (Амонімы.)

Такія прыёмы дазваляюць пашырыць лексічны запас вучняў, спрыяюць засваенню вучнямі нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай мовы (моўны кампанент лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі).

Практыкаванні, звязаныя з вывучэннем формул маўленчага этыкету, іншамоўных лексем, беларускай безэквівалентнай лексікі (у адносінах да рускай мовы) накіраваны на фарміраванне міжкультурнага кампанента лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі.

  1. Моўная гульня “Падарунак”. Тэма “Запазычаныя словы ў беларускай мове” 5 клас.

 Мовы, як i людзi, абменьваюцца падарункамi: яны дораць адна адной словы. Падбярыце да слоў-падарункаў беларускiя адпаведнiкi: антракт - ..., факел - …, хобi - … і інш.

  1. Гульня “Падбяры пару”. (Тэма “Сінонімы” 5 клас)

1) Не хваліся сеўшы, а хваліся з’еўшы.

А) Знай сверчок свой шесток.

2) Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі сын.

Б) Цыплят по осени считают.

3) Знай каток свой куток.

В) Яблоко от яблони недалеко падает.

4) Не сунь носа ў чужое проса.

Г) Мягко стелет, да жёстко спать.

5) На вуснах - мёд, а на сэрцы - лёд.

Д) Не лезь не в свое дело.

Адказы:  1 – Б; 2 – В; 3 – А; 4 – Д; 5 – Г.

  1. Прапаную практыкаванні, звязаныя з вывучэннем формул маўленчага этыкету. Напрыклад, заданне на падбор беларускіх адпаведнікаў да рускамоўных этыкетных формул:

 

Вітаю Вас! Прывітанне!

Добрый день!

 

До свидания!

 

 

Усяго добрага! Усяго найлепшага!

До встречи!

 

 

  1. Як бы вы прывіталі чалавека, заспеўшы пры розных занятках?

1) Сейбіт

А) З вядро качаны!

2) Агародніца

Б) Радзі, божа, на камені і пад каменем!

3) Рыбак

 

В) Каб з аднаго каласочка было паўрашаточка!

4) Жняя

Г) Поўны сеці! Рыбна табе!

Адказы: 1 – Б, 2 – А, 3 – Г, 4 - В

  1. Вучымся размаўляць афарызмамі! (Падабраць беларускія адпаведнікі.)

Шутки в сторону

 

Шутки плохи

 

Смех да и только

 

Адказы: Шутки в сторону - смешкі (жарты, жарцікі) на бок; годзе жартаваць; досыць (даволі) жартаў; без жартаў. Шутки плохи - жарты (жарцікі) кароткія; да трох не гавары. Смех да и только - смех дый годзе; смеху варта; пацеха дый годзе; пацеха з меха.

Пры вывучэнні сінтаксісу ў 8-9 класах шмат увагі надаецца выпрацоўцы ўменняў, неабходных для таго, каб тая ці іншая моўная з’ява выкарыстоўвалася ў маўленчай практыцы. З мэтай фарміравання лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі пры вывучэнні сінтаксісу і пунктуацыі выкарыстоўваю прыёмы “Рэстаўрацыя”, “Блытанка”, “Дапоўні тэкст”, “Пазнавальная старонка”. У якасці дыдактычнага матэрыялу выкарыстоўваюцца культуразнаўчыя тэксты, якія знаёмяць вучняў з гісторыяй і культурай Беларусі.

  1. Прыём “Блытанка”. (У тэксце пераблыталіся сказы. Размясціце абзацы так, каб атрымаўся тэкст.)

Велікодная гульня “Яйка пад шапкай”

У адваротным выпадку ён аддае сваё.

Другі паверх шапкі кладзе палачку, стараючыся размясціць яе ў такім кірунку, у якім, на яго думку, пад шапкаю ляжыць яйка.

Адзін бярэ яйка і кладзе яго пад шапку ўдоўж або ўпоперак – гэту тайну трэба адгадаць.

Калі палачка будзе размешчана правільна, загадка адгадана, і той, хто адгадаў, атрымлівае яйка.

(Паводле А. Лозкі)

(Адзін бярэ яйка і кладзе яго пад шапку ўдоўж або ўпоперак – гэту тайну трэба адгадаць. Другі паверх шапкі кладзе палачку, стараючыся размясціць яе ў такім кірунку, у якім, на яго думку, пад шапкаю ляжыць яйка. Калі палачка будзе размешчана правільна, загадка адгадана, і той, хто адгадаў, атрымлівае яйка. У адваротным выпадку ён аддае сваё.)

  1. Прыём “Дапоўні тэкст”.
  2. Дапоўніце тэкст, раскажыце, у якіх абрадах у сучасны час выкарыстоўваецца ручнік?

У беларускай этнаграфічнай літаратуры даецца даволі шмат апісанняў выкарыстання арнаментаванага саматканага ручніка ў традыцыйных абрадах і рытуалах.

Дык што ж гэта за незвычайная рэч, без якой нельга было і кроку ступіць? Якую таямніцу душы ўкладвалі ў яго жаночыя рукі, якія ткалі доўгімі зімовымі вечарамі? Якім зместам напаўнялі яны белую дарогу, упрыгожваючы мудрагелістым арнаментам? Што за сакрэты светаўспрымання хаваліся і хаваюцца за крыжамі, ромбамі, палоскамі, елачкамі, што за свяшчэнныя веды перадаваліся ад бабулі да ўнучкі?

Беларускі ручнік адносіцца да тых прадметаў народнага мастацтва, якія належаць і мінуламу, і сучаснасці. Ён - адвечны спадарожнік чалавека.

Папулярнасць яго нязменная, патрэба ў ім  адчуваецца і ў нашы дні…

(Паводле В. Фадзеевай)

  1. Ці чулі вы пра Спарыша? Што гэта за істота? Дапоўніце тэкст, раскажыце, у якіх міфічных істот яшчэ верылі беларусы?

Спарыш уяўляўся чалавеку міфічнай істотай, якая ўвасабляла сілу ўрадлівасці. Спарышовыя (ад “спорны”, “спараны”, які знаходзіцца ў пары; спарыш - гэта здвоеныя слівы, бульбіны, арэхі або жытнёвыя каласы) песні ўтваралі ў жніўным цыкле абрадавых песень асобны падраздзел са сваёй тэматыкай, скіраванай на павелічэнне ўрадлівасці нівы, дабрабыту сям’і, спору ў вядзенні гаспадаркі.

(Паводле А. Ліса)

  1. Работа ў групах. “Калі б прадмет умеў гаварыць?” Кожная группа атрымоўвае прадмет побыту беларусаў (збанок, ручнік, верацяно і інш.). Патрэбна ад імя гэтага прадмета скласці тэкст. Напрыклад, ад імя ручніка.

Я адвечны спадарожнік чалавека. Шмат стагоддзяў карыстаюцца беларусы мною. Абавязкова прысутнічаў і па-ранейшаму прысутнічаю ў найбольш важныя, пераломныя этапы жыццёвага шляху чалавека. Мяне можна пабачыць там, дзе святкуюцца радзіны і вяселле, сустрэць і на праводзінах у апошнюю дарогу. І сёння я здольны шмат паведаць аб народзе, радзіма якога - зямля Беларусь.

На кантрольна-рэфлексійным этапе ў 5-7 класах выкарыстоўваю прыём “Моўная скарбонка” (вучням прапануецца адказаць, на якія словы пабагацела сёння на ўроку іх моўная скарбонка).

Пры такой сістэме работы  згодна патрабаванняў вучэбнай праграмы вучні 5-9 класаў авалодваюць  уменнямі і навыкамі, якія сведчаць аб сфарміраванасці лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі: вызначаць лексічнае значэнне слова, выяўляць фразеалагізмы ў тэксце, тлумачыць значэнне прыказак, прымавак, фразеалагізмаў, ведаць асноўныя нормы сучаснай беларускай мовы і захоўваць іх ва ўласным маўленні, расказваць пра самабытнасць беларускай мовы, ведаць правілы маўленчага этыкету.

 

Спіс  выкарыстанай літаратуры

  1. Вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах для устаноў агульная сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання. – Мінск : Нацыянальны інстытут адукацыі, 2017. – 346 с.
  2. Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Беларуская мова”. // Роднае слова. – 2009. –  № 8. – С. 91 - 95.
  3. Зелянко, В. У. Методыка навучання беларускай мове на аснове лінгвакультуралагічнага падыходу (10-11 класы) : аўтарэф. дыс. … к-та пед. навук : 13.00.02 / В.У. Зелянко; НМУ “Нац. ін-т адукацыі” М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://elib.bspu.by. – Дата доступу: 04.11.2015.
  4. Валочка, Г.М. Асноўныя характарыстыкі сучаснага ўрока беларускай мовы / Г.М. Валочка // Беларуская мова і літаратура. – 2008. – № 12. – С. 2 - 14.
  5. Яленскі, М.Г. Лінгвадыдактычная парадыгма асобасна арыентаванага навучання мове ў сучаснай школе. – Мінск : НІА, 2002.
  6. Маляўка, М.А. Сядзіба або Хата з матчынай душою: абразкі, вершы / М.А. Маляўка . – Мінск : Юнацтва, 2002. – 143 с.
  7. Лозка, А.Ю. Беларускі народны каляндар / А.Ю. Лозка. – Мінск : Полымя, 1993. – 205 с.
  8. Барыс, С.В. Сцежкамi дзядоў: народны быт беларусаў / С.В. Барыс. – Мiнск : Беларуская навука, 2015. – 294 с.
  9. Ляўкоў, Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны / Э.А. Ляўкоў. – Мінск : Навука і тэхніка, 1992. – 207 с.

Хандрыка Святлана Васільеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі  ДУА “Сошненская сярэдняя школа” Пінскага раёна.