Мэты: стварыць умовы для падагульнення ведаў пра сінтаксічныя прыметы сказаў з рознымі відамі сувязі, пунктуацыйныя нормы пры іх пісьмовым афармленні; выпрацоўваць уменні вызначаць сінтаксічныя прыметы і асаблівасці будовы сказаў з рознымі відамі сувязі, правільна ставіць і тлумачыць знакі прыпынку ў такіх сказах, удасканальваць навык сінтаксічнага разбору сказаў з рознымі відамі сувязі, уменне будаваць іх схемы; выхоўваць у вучняў экалагічную дасведчанасць, грамадзянскую актыўнасць.
Тып урока: урок – практыкум.
Абсталяванне: Беларуская мова: вучэб. дапам. для 11 кл. (2016); карткі з адказамі, ілюстрацыйны матэрыял на тэму Чарнобыль, мультымедыйная прэзентацыя, тлумачальны слоўнік.
Эпіграф:
Шукаў бы зноў грыбнік баравіка,
І рыбака б удача не мінала,
Калі б не тая ноч красавіка,
Якой і ў страшным сне зямля не знала.
Віктар Ярац.”Балада Палесся”
Ход урока
І. Псіхалагічны настрой.
(Слайд 1)
(Гучыць музыка. Выявы кветак.)
Настаўнік. Добры дзень, дзеці! Сядайце. Я рада бачыць вас! Давайце падорым адзін аднаму добры настрой, я ўсміхнуся вам, а вы мне і адзін аднаму. Я хачу пажадаць вам, каб сённяшні ўрок узбагаціў вас ведамі, вы атрымалі асалоду ад працы.
ІІ.Матывацыя.
(Слайд 2)
Настаўнік. Лексічная тэма нашага ўрока змешчана на дошцы: “Ад экалогіі прыроды да экалогіі душы”, мы пазнаёмімся з вамі з экалагічнымі праблемамі нашай планеты, а значыць, і нашымі праблемамі. А вось моўная тэма “Паўтарэнне і карэкцыя ведаў”па тэме “Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак”.
(Слайд 3)
Настаўнік. Сёння мы будзем удасканальваць і паглыбляць свае веды, уменні і навыкі па тэме ўрока. Матэрыял тэмы неабходна не толькі паўтарыць, але і адкарэкціраваць.
ІІІ. Інструктаж.
Будзем працаваць на паперы і на камп’ютары.
ІV. Праверка дамашняга задання
(Слайд 4)
Франтальнае апытванне
- Якія сказы называюцца складанымі з рознымі відамі сувязі частак?
( Сказы, у якіх сэнсава – граматычныя часткі могуць звязвацца бяззлучнікавай сувяззю і злучнікавай ( злучальнай і падпарадкавальнай ) сувяззю.)
- Колькі граматычных частак можа быць у такім сказе?
( Тры і больш граматычных частак, звязаных паміж сабой рознымі відамі сувязі.)
- Колькі сэнсавых частак можа вылучацца ў складаным сказе з рознымі відамі сувязі частак?
( Дзве сэнсавыя часткі. Паміж імі робіцца працяглая паўза)
- Якія віды сувязі могуць спалучацца ў складаных сказах з рознымі відамі сувязі частак?
( Злучальная і падпарадкавальная; бяззлучнікавая і злучнікавая; бяззлучнікавая і падпарадкавальная; бяззлучнікавая, злучальная і падпарадкавальная.)
- Як вы думаеце, навошта нам вывучаць складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак, у тым ліку і складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак?
( З дапамогай складаных сказаў чалавек можа выказаць думкі найбольш поўна, дакладна і паслядоўна.)
- Якія знакі прыпынку могуць ставіцца ў сказах з рознымі відамі сувязі частак?
( Коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік)
- Праверка дамашняга задання. ( Выпісаць 2 складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак)
- V. Працяг работы над тэмай урока.
(Слайд 5)
1:23
Настаўнік. Так, усю прыродную гармонію ў 1 гадзіну 23 хвіліны 26 красавіка 1986 года парушыў наш Чорны боль - Чарнобыль – самая вялікая тэхнагенная катастрофа ХХ стагоддзя, якая, верагодна, была прадказана ў Бібліі.
“Трэці анёл затрубіў і ўпала з неба вялікая зорка, палаючы, нібы светач, і ўпала на трэцюю частку рэк і крыніц. Імя гэтай зоркі – Палын; і трэцяя частка ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі”
- Верш на памяць. Віктар Ярац. “Балада Палесся”.( Чытае вучань)
Калі б не тая ноч красавіка,
што горыччу дыхнула неспазнанай,-
як і раней, цякла б між траў рака,
як і раней, суніцы спелі б на палянах.
Як і дагэтуль, радасць птушанём
Здзіўлёна кроплі ў дзень лавіла б летні
Нябёс лагодных, што вадою гром
Астуджваюць над лугам перагрэтым.
Шукаў бы зноў грыбнік баравіка,
І рыбака б удача не мінала,
Калі б не тая ноч красавіка,
Якой і ў страшным сне зямля не знала.
1) Работа з эпіграфам. (Запісаны на дошцы)
Шукаў бы зноў грыбнік баравіка,
І рыбака б удача не мінала,
Калі б не тая ноч красавіка,
Якой і ў страшным сне зямля не знала.
Віктар Ярац.. “Балада Палесся”
Настаўнік. Звярніце ўвагу на эпіграф урока. Прачытайце яго выразна. Як вы думаеце, чаму я ўзяла гэтыя радкі Віктара Яраца?
Вучань: Вясна заўсёды нясе радасць. Вясной ажывае прырода. У гэтую пару чалавек як бы нараджаецца занава. Вясна ж 1986 года прынесла бяду. Гэты год, як калісьці ваенны 1941-шы, прайшоў пякучым болем па лёсе кожнага беларуса.
Які гэта сказ? (Складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак. Першая і другая частка звязаны злучальнай сувяззю, другая і трэцяя падпарадкавальнай, трэцяя і чацвёртая падпарадкавальнай сувяззю.
2) Графічны слыхавы дыктант.
Настаўнік двойчы чытае сказ, вучні складаюць схему сказа; адзін вучань працуе ля дошкі..
- Імя той зоркі – Палын; і трэцяя частка вод зрабілася палыном, і многія з людзей памерлі ад водаў, таму што яны сталі горкімі…
[ ]; і [ ], і [ ], (таму што.....) .
- Трэці анёл пратрубіў, і ўпала з неба вялікая зорка, якая гарэла нібыта свяцільня.
[ ], і [ ], (якая .....).
- Трагедыя моцна адбілася на свядомасці тых, хто сваім сэрцам адчуў: здарылася бяда.
[ ], хто.....) : [ ].
- Хацелася б, каб адбыўся цуд, здаецца, прыйдзе чараўнік і дапаможа вярнуць дваццаць пятага красавіка.
[ ], (каб ....) , [ ].
3) Работа з тэкстам. (Тэкст раздаецца дзецям, праца ў парах)
Выразна прачытайце тэкст. Вызначце яго тэму і асноўную думку.
Выпішыце складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак і зрабіце яго сінтаксічны разбор.
Чалавек не можа аддзяліцца ад сваёй зямлі. На гэтай зямлі жылі яго продкі. Больш за 100 тысяч назаўжды запомнілі гэтае страшнае слова – эвакуацыя. Трэба было тэрмінова пакінуць любыя сэрцу мясціны. Трэба было пакінуць утульныя кватэры і хаты, дарагія сэрцу рэчы. Нельга было нічога ўзяць з сабою: усё было атручана радыяцыяй, і ўсім было страшна пакідаць свае родныя вёскі і гарады.
Ох, як нялёгка было пакідаць людзям абжытыя вуглы, родныя падворкі, засеяныя агароды – слёзы засцілалі вочы. Ад’язджалі людзі з родных мясцін, не верылася ім, што гэта назаўсёды. Нібы вугалёк. цеплілася ў чалавечых сэрцах надзея, што не патухне жыццё ў палескім краі і надыдзе шчаслівы час вяртання. Але...
Парадак сінтаксічнага разбору (на картцы)
- Вызначыць тып сказа паводле будовы.
- Вызначыць тып сказа па мэце выказвання.
- Абазначыць лічбамі сэнсава – граматычныя часткі.
- Вызначыць від сувязі частак.
- Назваць сродкі сувязі частак.
- Пабудаваць схему сказа.
- Разабраць па членах сказа.
Сінтаксічны разбор сказа:
1)Нельга было нічога ўзяць з сабою: усё было атручана радыяцыяй, і ўсім было страшна пакідаць свае родныя вёскі і гарады.
[ ]: ( ....), і [ ].
Гэта складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак. Апавядальны.
Сказы звязаны бяззлучнікавай і злучальнай сувяззю. Першая і другая часткі звязаны інтанацыяй, другая і трэцяя звязаны злучальным злучнікам і.
2) Ад’язджалі людзі з родных мясцін, не верылася ім, што гэта назаўсёды.
[ ], [ ], (што....).
Гэта складаны сказ з рознымі відамі сувязі. Апавядальны. Сказы звязаны бяззлучнікавай і падпарадкавальнай сувяззю. Першая і другая часткі звязаны інтанацыяй, другая і трэцяя звязаны падпарадкавальным злучнікам што.
4) Лексічная работа.
Прыём “Апрані слова”. ( Праца з тлумачальным слоўнікам)
- Растлумачце лексічнае значэнне слова “радыяцыя”.
( Радыяцыя – выпрамяненне электрамагнітных хваль.)
- Назавіце марфалагічныя прыметы гэтага слова.
(Назоўнік неадушаўлёны, ж. р.; адз. л.; Н. скл.
- Падбярыце сінонімы. ( Выпраменьванне).
- Назавіце гукі ў гэтым слове.
[р] [ а] [ д ] [ ы] [ й] [ а] [ ц ] [ ы] [ й ] [а]
- Складзіце словазлучэнне з гэтым словам.
Сонечная радыяцыя
- Складзіце сказ.
( Сонечная радыяцыя – рэч небяспечная і для зямлі і для чалавека.)
6) Работа з падручнікам.
- Пр. 213. (Назваць складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак)
(Слайд 6)
7) Фізкультхвілінка
Музычная паўза. На слайдзе – трэнажор для гімнастыкі вачэй.
8) Арфаграфічная хвіліна
Гульня “ Рэшата”
Словы з літарай я замест кропак размясціце ў левы слупок, з е – у правы.
Хто хутчэй прасее, той і пераможа.
Радыебіялогія, радыеактыўнасць, радыеметрычны, радыяхімія, радыяграфія, радыялогія, радыяфобія, радыевымярэнне
я е
радыяхімія радыебіялогія
радыяграфія радыеактыўнасць
радыялогія радыеметрычны
радыяфобія радыевымярэнне
(Слайд 7)
9) Падрыхтоўка да ЦТ.
Пастаўце адпаведныя знакі прыпынку.
Вецер гнаў па небе абрыўкі хмар і калі месяц хаваўся за імі рабілася цёмна.
(Слайд 8)
Каментарый рэпетытара:
У складаных сказах са злучальнай і падпарадкавальнай сувяззю побач могуць аказацца злучальны і падпарадкавальны злучнікі.
Коска ставіцца тады, калі пасля даданай часткі няма другой часткі парнага падпарадкавальнага злучніка (то, дык). Таму ў прапанаваным сказе паміж злучнікамі і і калі трэба ставіць коску.
Параўнайце: Вецер гнаў па небе абрыўкі хмар, і калі месяц хаваўся за імі, то рабілася цёмна.
(Слайд 8-9)
10) Карэктар
Спішыце, расстаўляючы знакі прыпынку. Падбярыце адпаведную схему, прымацуйце на дошцы.
1.Першы раз сказалі што ў нас радыяцыя дык мы думалі гэта хвароба нейкая.(Святлана Алексіевіч)
- Першы раз сказалі, што ў нас радыяцыя, дык мы думалі: гэта хвароба нейкая. (Святлана Алексіевіч)
[ ], ( што... ), дык [ ] : [ ].
- У школе я ўсім хваліўся што мой тата прыехаў з Чарнобыля ён – ліквідатар а ліквідатары – гэта тыя хто дапамагаў ліквідаваць аварыю.(Святлана Алексіевіч)
- У школе я ўсім хваліўся, што мой тата прыехаў з Чарнобыля, ён – ліквідатар, а ліквідатары – гэта тыя, хто дапамагаў ліквідаваць аварыю.(Святлана Алексіевіч)
[ ], ( што... ), [ ], а [ ], (хто... ).
3.Мы будзем чытаць з ім разам я буду чытаць шэптам сваю
чарнобыльскую малітву а ён будзе глядзець на свет дзіцячымі вачыма.
(Святлана Алексіевіч)
3.Мы будзем чытаць з ім разам, я буду чытаць шэптам сваю
чарнобыльскую малітву, а ён будзе глядзець на свет дзіцячымі вачыма.
(Святлана Алексіевіч)
[ ], [ ], а [ ].
11) Работа ля дошкі.(Запісваецца сказ пад дыктоўку)
Аналіз складанага сказа з рознымі відамі сувязі частак
Усе мы добра ведаем, што ў час Другой сусветнай вайны загінуў кожны трэці беларус, але не ўсе ведаюць, што чарнобыльская трагедыя закранула практычна кожнага жыхара краіны.
- Гэта складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак: з падпарадкавальнай і злучальнай сувяззю.
- Складаецца з дзвюх сэнсавых частак, якія звязваюцца злучальнай сувяззю.
- Першая сэнсавая частка па сваёй будове – складаназалежны сказ з даданай дапаўняльнай часткай , якая знаходзіцца пасля галоўнай ( Усе мы добра ведаем, што ў час Другой сусветнай вайны загінуў кожны трэці беларус); другая сэнсавая частка (Але не ўсе ведаюць, што чарнобыльская трагедыя закранула практычна кожнага жыхара краіны) – складаназалежны сказ з даданай дапаўняльнай часткай, якая знаходзіцца пасля галоўнай часткі.
Ён так выпростваў крылы, нібы закрыць хацеў свет белы, а вёска ўся была магілай нязвыкла чорнай, апусцелай.
- Гэта складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак: з падпарадкавальнай і бяззлучнікавай
Першая сэнсавая частка –складаназалежны сказ з даданай акалічнаснай часткай (Ён так выпростваў крылы, нібы закрыць хацеў свет белы).
Другая сэнсавая частка – Вёска ўся была магілай нязвыкла чорнай, апусцелай).Гэта просты сказ.
12) Творчая работа (па картцы)
1 група. “Збяры сказ”
Уявіце, што вы рэдактар раённай газеты “Палеская праўда”. Адрэдагуйце тэкст, замяніўшы яго адным складаным сказам з рознымі відамі сувязі частак. Прачытайце і параўнайце інтанацыю ў першым і другім варыянтах.
Ён не лічыць сябе героем. Працаваў дзеля людзей і дзеля будучага жыцця на зямлі. Менавіта ліквідатары ў мірны час падалі чалавецтву ўрок мужнасці.
- Якія віды сувязі вы выкарысталі? (Падпарадкавальная і злучальная)
Ён не лічыць сябе героем, бо працаваў дзеля людзей і дзеля будучага жыцця на зямлі, але менавіта ліквідатары ў мірны час падалі чалавецтву ўрок мужнасці.
(Слайд 10)
2 група. “Прэзентацыя кнігі”
( на дошцы партрэт Святланы Алексіевіч. Лічба – 70)
Настаўнік. 31 мая – 70 гадоў з дна нараджэння Святланы Алексіевіч. Гэта беларуская пісьменніца. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі)
( На слайдзе партрэт і кніга Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”)
Прэзентуйце адным складаным сказам з рознымі відамі сувязі частак кнігу Святланы Алексіевіч “ Чарнобыльская малітва” па схеме:
Адказ: Раім усім прачытаць кнігу Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”, якая прысвечана трагічным падзеям: яна раскрывае сутнасць трагедыі праз невымернасць людскіх страт, вялікі чалавечы боль.
Настаўнік. Успомнім хвілінай маўчання ўсіх тых, хто загінуў у час аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі: пажарнікаў і салдат. Успомнім ўсіх тых, хто загінуў пасля Чарнобыля. Ад хваробаў і душэўных пакут. Успомнім усіх тых, хто хацеў любіць, кахаць і жыць для Будучыні.
Сёння ўсе мы разам і кожны паасобку адказваем за тое, што адбываецца на Зямлі. Мы павінны захаваць цудоўны прыродны скарб для нашых нашчадкаў. Але і праз гады, у новым і шчаслівым жыцці, як напамін, маленькім чырвоным сцягам будзе пульсаваць зорка Чарнобыля.
(Слайд 11)
(На слайдзе дэманструецца фота Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Гучыць песня “Малітва”, муз. Э. Ханка, словы Г. Бураўкіна.)
VІ. Падагульненне.
Выкананне тэставага задання з наступнай самаправеркай.
( Слайд 12)
- Адзначце складаныя сказы з рознымі відамі сувязі.
А) Андрэй акінуў вокам ваколіцы: цесна, цёмна, пуста.
Б) Поле было засеяна азімінай, сняжок сышоў амаль увесь, і жыта ярка зазелянела.
В)Нам здавалася, што лета будзе доўжыцца бясконца – дні паляцелі з касмічнай хуткасцю.
Г) Я шчаслівы, што ў суджаны час нарадзіўся на гэтай зямлі, дзе такія густыя лясы і такія спакойныя рэкі.
(Слайд 13)
- Вызначце, колькі сэнсава – граматычных частак мае складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак.
Калі ўзнікае ветрык, ён чапляецца за збажыну і гуляе ў ёй, а поле здалёк у такі час нагадвае мора, што злёгку хвалюецца.
А) Дзве; В) чатыры;
Б) тры; Г) пяць.
(Слайд 14)
- Адзначце правільнае заканчэнне наступнай фармулёўкі.
У складаных сказах з рознымі відамі сувязі частак могуць спалучацца наступныя віды сувязі...
А) злучальная і падпарадкавальная;
Б) бяззлучнікавая і падпарадкавальная;
В) падпарадкавальная і падпарадкавальная
(Слайд 15)
- Адзначце схему, якая адпавядае сказу.
Сад не шуміць_ бо не ўзняць галін_ яны сагнуты цяжкімі пладамі.
А)
Б)
В)
(Слайд 16)
Адказы:
1 – б, в
2 – а
3 – а, б
4 – б
VІІ. Дамашняе заданне
Запісаць тры складаныя сказы з рознымі відамі сувязі з твораў сучасных пісьменнікаў.
ПАА
VІІІ. Выстаўленне адзнак.
ІХ. Рэфлексія.
Настаўнік. Вось і закончыўся наш урок, прысвечаны 32 гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Вучні:
- Мне сумна, што мы гаварылі пра трагедыю беларусаў – Чарнобыль. Але пра гэта трэба казаць, каб трагедыя не паўтарылася зноў.
- Мне сумна, што многія беларусы забываюць Чарнобыль як пра трагедыю ў іх жыцці, якая адбылася 26 красавіка 1986 года і працягваецца зараз.
- Мы зразумелі, што такое Чарнобыль. Што Чарнобыль бывае экалагічны і духоўны. І духоўны Чарнобыль больш страшны. Мы зразумелі, што трэба з любоўю ставіцца да беларускай прыроды, берагчы яе багацці.
- Мы зразумелі, што заўсёды патрэбна заставацца чалавекам.
( Слайд 17)
Верш Алеся Ставера
Любіце травы, дрэвы, рэкі,
Прастор палёў, блакіт нябёс,
Цаніце Працу, Чалавека,-
І Бог вам дасць спагадны лёс.
А каб цанілі вас у свеце,
(Я лепшых слоў не падбяру),
Шануйце дзіва на планеце,-
Святую Нашу Беларусь.
І мову Коласа, Купалы
Вы беражыце з роду ў род,
Каб наша воля не прапала,
Каб не загінуў наш народ.
Настаўнік. Ацаніце сваю работу за ўрок. ( Прымацаваць стыкеры ў адпаведны сектар)
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Касцюк С.У.