“Такія розныя ўрокі, а ў кожным майстра рука”
Метадычная работа ў школе – складаны працэс, які патрабуе вялікай самааддачы, творчай ініцыятывы і актыўнасці. Гэтая работа неабходная, бо з’яўляецца важнейшым сродкам павышэння педагагічнага майстэрства настаўнікаў і эфектыўнасці работы навучальнай установы ў цэлым. Прафесійнаму развіццю педагогаў садзейнічае іх уключэнне ў творчую даследчую дзейнасць, што таксама актуальна ў сучаснай метадычнай рабоце школ. Сучасны педагог павінен не толькі добра арыентавацца ў сваёй прадметнай галіне, але і карыстацца сучаснымі педагагічнымі тэхналогіямі, умець працаваць у інфармацыйнай прасторы, валодаць крэатыўнымі здольнасцямі, аналітычнай і рэфлексіўнай культурай, выкарыстоўваць ІКТ.
Для павышэння эфектыўнасці метадычнай дзейнасці неабходна прымяняць актыўныя формы работы, якія стымулююць пошукавыя, творчыя і даследчыя навыкі педагогаў і арыентаваны на зону іх бліжэйшага развіцця. Выкарыстанне гэтых форм садзейнічае праяўленню самастойнасці, творчаму пошуку, выпрацоўцы ўласнай пазіцыі, развіццю аналітычных здольнасцей, павышэнню адказнасці за свае рашэнні. Адной з цікавых форм работы з’яўляецца тыдзень педагагічнага майстэрства.
У школе 21-26 кастрычніка 2019 г. прайшоў Тыдзень педагагічнага майстэрства, мэта якога заключалася ў павышэнні якасці адукацыйнага працэсу і ўзроўню прафесійнага майстэрства педагогаў, ва ўключэнні настаўнікаў у творчы пошук і актуалізацыі метадычнай работы ўвогуле. Дэвізам тыдня сталі словы “Супрацоўніцтва, сутворчасць, дасканаласць – формула поспеху педагогаў і навучэнцаў”.
Правядзенне тыдня ажыццяўлялася паэтапна. Першы этап – падрыхтоўчы. Пад час яго метадычны савет распрацаваў план правядзеннятыдня і кожнагаканкрэтнагамерапрыемства. Быў выдадзены загад аб правядзенні тыдня педагагічнага майстэрства (№ 199 ад 18 кастрычніка 2019 г.).
Педагогі загадзя былі азнаёмлены з планам правядзення тыдня, патрабаваннямі да мерапрыемстваў, што дазволіла своечасова падрыхтавацца да іх.
Другі этап – метадычны. Ён уключаў правядзенне запланаваных у рамках тыдня мерапрыемстваў.
Заключны этап – аналітычны. Гэты этап прадугледжваў аналіз усіх мерапрыемстваў, арганізаваных і праведзеных у рамках тыдня. Па выніках тыдня быў выдадзены загад (№ 226 ад 5 лістапада 2019 г.)
Матэрыялы тыдня педагагічнага майстэрства афармлены і папоўнілі школьную метадычную скарбонку.
У першы дзень на ўрачыстым адкрыцці тыдня ўвазе калектыва быў прапанаваны план работы і дадзена кароткая інфармацыя па кожным мерапрыемстве. У адпаведнасці з планам правядзення тыдня быў складзены графік адкрытых урокаў, пазакласных мерапрыемстваў. Усяго было праведзена 4 адкрытыя ўрокі, якія наведала 12 педагогаў (54,5%). Варта адзначыць, што на працягу тыдня настаўнікі змаглі пабываць на занятках, розных па змесце, форме і структуры. Усе настаўнікі, якія праводзілі адкрытыя ўрокі, паказалі прафесійнае майстэрства і падзяліліся цікавым вопытам з калегамі. Настаўнікі Чэчун А.С., Дубойскі А.М., Чэчун А.У., Касцюк С.У. паказалі ўласныя творчыя знаходкі, уменне правільна змадэляваць урок, зацікавіць навучэнцаў і арганізаваць іх актыўную пазнавальную дзейнасць.
У рамках супрацоўніцтва класных кіраўнікоў была праведзена адкрытая інфармацыйная гадзіна ШАГ “Я – будучы выбаршчык” (Шлома Л.С., класны кіраўнік 10 класа). Класныя кіраўнікі змаглі ўпэўніцца, што такая форма правядзення, як ток-шоу, дае магчымасць вучням выказацца, абмяняцца думкамі.
Выхаваць здаровае пакаленне – адна з асноўных задач школы. Менавіта гэтаму быў прысвечаны майстар-клас “Фізкультхвілінкі па-новаму” (намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце (Хандрыка С.В.), пад час якога настаўнікі азнаёміліся з вялікай калекцыяй розных фізкультхвілінак – тэматычных (для вачэй і цела), аніміраваных, з музычным суправаджэннем і інш.
Метадычны тыдзень дазваляе правесці маніторынг прафесійнай дзейнасці педагогаў і намеціць карэкцыйныя шляхі, выявіць станоўчы вопыт педагагічнай дзейнасці і павысіць кваліфікацыю настаўнікаў, а таксама згуртаваць калектыў, адчуць сваю значнасць і неабходнасць, дзякуючы спланаванай рабоце і прафесійнаму ўзаемадзеянню.
Прафесія настаўніка – не толькі прызванне, але і заклік да бесперапыннага творчага самаразвіцця. Метадычны тыдзень з’яўляецца сапраўды эфектыўнай формай метадычнай работы, бо, з аднаго боку, у тыдні ўдзельнічае кожны педагог, а з другога – падчас тыдня ажыццяўляецца дыферэнцаваны падыход у залежнасці ад магчымасцей педагогаў, які станоўча ўплывае на якасць усёй метадычнай дзейнасці.
Усе настаўнік падчас Тыдня педагагічнага майстэрства праявілі добрыя арганізатарскія здольнасці, стварылі творчую атмасферу. Мерапрыемствы, што праводзіліся, дазволілі раскрыць творчы патэнцыял як навучэнцам, так і педагогам. Тыдзень атрымаў станоўчы водгук сярод настаўнікаў і спрыяў не толькі прафесійнаму росту калектыву, але і яго згуртаванасці.
Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце С.В. Хандрыка
План – канспект урока па гісторыі (6 клас)
Настаўнік Дубойскі Аляксей Мікалаевіч
Тэма “Краіны Заходняй Еўропы і Візантыя ў ХІV-ХV стагоддзях”
Мэты:
1) Вызначыць развіццё заходнееўрапейскіх краін і Візантыі ў Познім сярэдневякоўі; паўтарыць і замацаваць паняцце цэнтралізаваная дзяржава; выявіць асаблівасці ўтварэння цэнтралізаваных дзяржаў на Пірэнейсскім паўвостраве.
2) Садзейнічаць развіццю ў вучняў гістарычнага мыслення; фарміраваць гістарычную памяць;
3) Выклікаць у вучняў негатыўныя адносіны да войнаў.
Задачы:
1) Пазнаёміць вучняў з асаблівасцямі развіцця краін Заходняй Еўропы і Візантыі ў ХІV-ХV стагоддзях.
2) Фарміраваць уменні працаваць у групах, з картай, атласамі.
3) Выхоўваць інтарэс да падзей гісторыі ў мінулым.
Асноўныя паняцці і тэрміны: цэнтралізаваная дзяржава, таварна-грашовая гаспадарка, феадальная раздробленасць, Рэканкіста, дзяржаўная ўнія.
Асноўныя даты: 1397, 1455-1485, 1479, 1492,1498 гг.
Персаналіі: Карл Смелы, Людовік ХІ, Васка да Гама, Хрыстафор Калумб.
Абсталяванне: Сшыткі, падручнікі, карта Заходняй Еўропы і Візантыя, атласы, камп’ютар, карткі з заданнямі.
Ход урока
І. Арганізацыйны момант
- Прывітанне, праверка прысутных
- Дзяленне класа на тры групы.
- Падрыхтоўка да праверкі дамашняга задання
ІІ. Праверка дамашняга задання па тэме “Стогадовая вайна”.
Франтальны апрос аб прычынах, ходу і вынікаў Стогадовай вайны; паведамленне аб Жанне Д’Арк;
ІІІ. Пастаноўка праблемнага пытання:
Вызначыць асаблівасці развіцця краін Заходняй Еўропы і Візантыі ў ХІV-ХV стагоддзях.
ІV. Вывучэнне новага матэрыялу.
План урока:
- Паняцце цэнтралізаваная дзяржава, яе прызнакі.
- Цэнтралізаваныя дзяржавы – Англія і Францыя.
- Свяшчэнная Рымская імперыя. Германія і Італія.
- Іспанія і Партугалія.
- Падзенне Візантыі
П.1. Настаўнік напамінае вучням пра тое, што ў Познім сярэдневякоўі ў адных краінах фарміраваліся цэнтралізаваныя дзяржавы, а другія заставаліся раздробленымі. Давайце ўспомнім паняцці “феадальная раздробленасц” і “цэнтралізаваная дзяржава” і некалькі іх прыкмет:
Прызнакі феадальна раздробленай дзяржавы:
- Кароль мае не поўную ўладу над краінай
- Кароль распараджаецца толькі сваёй зямлёй
- Адсутнасць рэгулярнай арміі
- Міжусобныя войны паміж феадаламі
Прызнакі цэнтралізаванай дзяржавы:
- Уся ўлада належыць манарху
- Краіна упрўляецца з аднаго цэнтра
- Наяўнасцьрэгулярнай арміі
- Адсутнасць міжусобных войн
Фізкультхвілінка.
П. 2-4. Работа ў групах.
1-я група. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, атласы, карту Заходняй Еўропы выконвае заданне па пытанні 2.
2-я група. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, атласы, карту Заходняй Еўропы выконвае заданне па пытанні 3.
3-я група. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, атласы, карту Заходняй Еўропы выконвае заданне па пытанні 4.
П.5. Прагляд відэаматэрыялу па пытанні. (Падзенне Візантыі)
- V. Абагульненне і сістэматызацыя вывучанага матэрыялу.
Вучні расказваюць падрыхтаваныя паведамленні. Настаўнік прапануе адказаць на пытанні:
- Якія краіны Позняга Сярэдневякоўя сталі цэнтралізаванымі, а якія засталіся раздробленымі?
- Якія асноўныя падзеіадбываліся у Англіі і Францыі пасля Стогадовай вайны?
3.Чаму Свяшчэнная Рымская імперыя засталася раздробленай?
- Як звязаны Рэканкіста і ўтварэнне дзяржавы Іспанія?
- Чаму Візантыйская імперыя перастала існаваць, Якія прычыны гэтаму садзейнічалі?
VІ. Рэфлексія.
- Сёння вы працавалі ў групах на ўроку.
- Ці спадабалася вам так працаваць?
- Што вам не спадабалася ў рабоце груп?
VІІ. Падвядзенне вынікаў уроку. Выстанаўленне адзнак.
Дамашняе заданне: Параграф 14, пытанні с.83
План – канспект урока па беларускай мове (9 клас)
Настаўнік Касцюк Святлана Уладзіміраўна
Тэма: Складаназлучаныя сказы з супраціўнымі злучнікамі
Мэта: пашырыць веды пра складаназлучаны сказ, сродкі сувязі частак у складаназлучаных сказах; выпрацоўваць уменні правільна пунктуацыйна афармляць складаназлучаныя сказы, вызначаць супраціўныя сэнсавыя адносіны паміж часткамі; будаваць схемы, утвараць складаназлучаныя сказы, выкарыстоўваючы супраціўныя злучнікі. Удасканальваць уменні знаходзіць складаназлучаныя сказы ў тэкстах; вызначаць іх ролю, межы частак і сродкі сувязі паміж часткамі. Актуалізаваць веды вучняў пра цвёрдыя, мяккія і зацвярдзелыя зычныя, іх вымаўленне і правапіс. Выхоўваць пачуццё павагі і ўдзячнасці да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Тып урока: урок-практыкум
Абсталяванне: Бел. мова; вуч. дап. для 9-га класа; карткі, тэсты, заданне для арфаграфічнай хвілінкі, муз. суправаджэнне.
Эпіграф:
Многа год пад сцягам крылатым
Крочыць мір па роднай зямлі,
Прынясіце кветкі салдатам,
Што свабоду для нас здабылі!
Леанід Дайнека
Ход урока
І. Арганізацыйны момант.1.Стварэнне спрыяльнага псіхалагічнага настрою вучняў.
Настаўнік: Добры дзень! Вельмі рада бачыць вас у добрым настроі. Старажытныя грэкі казалі” “Добры настрой – гэта палова перамогі.” Усміхніцеся адзін аднаму. Пажадайце добрых адзнак і плённай працы, а я вам жадаю поспехаў.
ІІ. Актуалізацыя апорных ведаў.
- Арфаграфічная размінка (запіс слоў пад дыктоўку з тлумачэннем арфаграм)
- Работа з эпіграфам. (Эпіграф на дошцы, ілюстрацыі на тэму вайны)
Настаўнік: Звярніце ўвагу на эпіграф урока. Прачытайце яго выразна. Якая тэма гэтага вершаванага ўрыўка? (Тэма вайны) Чаму мы пастаянна звяртаемся да тэмы вайны?
ІІІ. Праверка дамашняга задання.
Настаўнік: Прапаную разгарнуць сшыткі для праверкі дамашняга практыкавання 81 (вучань чытае тэкст, называе знакі прыпынку і сэнсавыя адносіны)
ІV. Актуалізацыя ведаў па тэме.
1.Метад белых плям.
Настаўнік: Давайце ўспомнім, што вы ведаеце пра складаназлучаныя сказы. А дапаможа нам у гэтым метад белых плям.
У вас на сталах ляжаць карткі з заданнямі. Вазьміце картку №1. Вам патрэбна замест белых плям уставіць прапушчаныя словы.
Картка №1
1.__________________ называецца такі складаны сказ, у якім граматычныя часткі звязаны ____________ _______________.
2.Складаназлучаныя сказы могуць мець ____________ або ______________часткі.
3.Часткі, якія ўваходзяць у складаназлучаны сказ, могуць звязвацца пры дапамозе ____________ , _______________ і _____________ злучнікаў.
- Гэтыя злучнікі паказваюць на ___________________ паміж часткамі складаназлучанага сказа.
5.Знакі прыпынку, якія могуць ставіцца паміж часткамі ў складаназлучаным сказе: ______________ , ______________ , __________________ . (Самаправерка)
Картка №1
1.Складаназлучаным называецца такі складаны сказ, у якім граматычныя часткі звязаны злучальнымі злучнікамі.
2.Складаназлучаныя сказы могуць мець аднатыпныя або разнатыпныячасткі.
3.Часткі, якія ўваходзяць у складаназлучаны сказ, могуць звязвацца пры дапамозе спалучальных, супрціўных і размеркавальных злучнікаў.
4.Гэтыя злучнікі паказваюць на сэнсавыя адносіны паміж часткамі складаназлучанага сказа.
5.Знакі прыпынку, якія могуць ставіцца паміж часткамі ў складаназлучаным сказе: коска, кропка з коскай, працяжнік .
- “Тэарэтычная лабараторыя” (у вучняў сімвалічнае сонейка з пяццю праменьчыкамі). Праца ў парах.
Настаўнік: Напішыце на прамянях пункты правіла, калі коска паміж часткамі складаназлучанага сказа не ставіцца.
Адказы: Коска не ставіцца:
Калі ў сказе ёсць агульны даданы член, які адносіцца да кожнай частак;
Ёсць агульнае пабочнае слова ці агульная часціца;
Калі часткі маюць форму пытальных. Пабуджальных ці клічных сказаў.
- V. Матывацыя.
- Самастойная работа.
Настаўнік: Вазьміце картку №2. Адзначце складаназлучаныя сказы і расстаўце знакі прыпынку.
Картка №2
Адзначце складаназлучаныя сказы і расстаўце знакі прыпынку.
1.Калісьці каля нашай вёскі спыніліся салдаты.
2.Была спёка і адзін салдат захацеў папіць .
3.Ён дастаў з чахла лапатку і пачаў расчышчаць крынічку.
- Вада адстаялася і салдат напіўся і пайшоў сваёй дарогай.
5.Назаўтра салдаты прынеслі да крынічкі бярвенцы і зрабілі зруб.
- Адзін з іх змайстраваў коўшык з бяросты а праз тыдзень паехалі і ніколі больш у нашу вёску не вярталіся.
(Вучні чытаюць тэкст, называюць складаназлучаныя сказы і знакі прыпынку)
Адказы:
Картка №2
Адзначце складаназлучаныя сказы і расстаўце знакі прыпынку.
1.Калісьці каля нашай вёскі спыніліся салдаты.
2.Была спёка, і адзін салдат захацеў папіць .
3.Ён дастаў з чахла лапатку і пачаў расчышчаць крынічку.
- Вада адстаялася, і салдат напіўся і пайшоў сваёй дарогай.
5.Назаўтра салдаты прынеслі да крынічкі бярвенцы і зрабілі зруб.
- Адзін з іх змайстраваў коўшык з бяросты, а праз тыдзень паехалі і ніколі больш у нашу вёску не вярталіся.
2.Гульня “Трэці лішні”.
Настаўнік: З трох складаназлучаных сказаў назавіце лішні і патлумачце чаму.
(Адзін з іх змайстраваў коўшык з бяросты, а праз тыдзень салдаты паехалі і ніколі больш у нашу вёску не вярталіся)- гэта складаназлучаны сказ з супраціўным злучнікам.
3.Фізкультхвілінка.
Настаўнік: Сядзьце зручней, расслабцеся і атрымайце асалоду ад прыгажосці нашай Радзімы. (Гучыць спакойная музыка)
VІ. Мэтавызначэнне. Паведамленне тэмы ўрока.
Настаўнік: Тэма нашага ўрока “Складаназлучаныя сказы з супраціўнымі злучнікамі”. І, адпаведна, мэта нашага ўрока: паглыбіць веды пра складаназлучаны сказ.
Як вы думаеце, якія задачы сённяшняга ўрока?
(Мы будзем выпрацоўваць уменні правільна афармляць складаназлучаныя сказы з супраціўнымі злучнікамі, тлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку, будзем будаваць схемы)
Звярніце ўвагу на лексічную тэму ўрока?
А зараз звернемся да падручніка (с.62, пр.85)(каля дошкі працуюць два вучні: выпісваюць сказы з супраціўнымі злучнікамі, называюць сэнсавыя адносіны)
VІІ. Замацаванне ведаў.
1.Графічны слыхавы дыктант.
(Сказ чытаецца два разы, вучні складаюць схему сказа; адзін вучань працуе каля дошкі)
1)Успомнім пра родныя мясціны – і сэрца напаўняецца радасцю.
2)Зямля Беларусі паціху вяртала сабе свае жыццядайныя сілы, а салдаты ішлі здабываць Перамогу.
3)Толькі зрэдку даносіцца разарваны пошчак жаваранка да раздасца флейтавы покліч івалгі.
4)Узмах вясла – і сонны бераг адразу пачынае жыць.
5)У лянівага страха цячэ і печ не пячэ.
6)Сашы было не да гэтага хараства, аднак яна звярнула ўвагу на такі цуд прыроды.
7)Мір будуе, а вайна руйнуе.
- Творчае заданне “Збяры сказ” (праца ў парах).
Настаўнік: Уявіце, што вы рэдактар раённай газеты “Палеская праўда”. Перабудуйце простыя сказы ў складаназлучаныя з дапамогай адпаведных злучнікаў. Вызначце сэнсавыя адносіны паміж часткамі. Вазьміце картку №3.
Картка №3
Перабудуйце простыя сказы ў складаназлучаныя з дапамогай адпаведных злучнікаў. Вызначце сэнсавыя адносіны паміж часткамі.
1)Звоняць званы Хатыні. Звон іх зліваецца з Бухенвальдскім набатам.
2)Байцы з дня на дзень чакалі наступлення. Загаду наступаць не было.
-Зачытайце сказы, якія ў вас атрымаліся. Вызначце сэнсавыя адносіны паміж часткамі.
Адказы:
1)Звоняць званы Хатыні, і звон іх зліваецца з Бухенвальдскім набатам.(Спалучальныя адносіны)
2)Байцы з дня на дзень чакалі наступлення, але загаду наступаць не было. (Супраціўныя адносіны)
- Зачытайце сказы, якія ў вас атрымаліся. Вызначце сэнсавыя адносіны паміж часткамі.
3.Лексічная работа.
- Звернемся да першага сказа. Растлумачце, калі ласка, лексічнае значэнне выразу Бухенвальдскі набат.
(Бухенвальдскі набат – гэта песня, якая стала сімвалам барацьбы народаў за мір)
- Зрокавая фізкультхвілінка.
(Трэнажор для гімнастыкі вачэй)
- Праца з тэкстам.
Настаўнік: Цяпер нас чакае работа з тэкстам. Звярніце ўвагу на картку №4. Пазнаёмцеся з тэкстам, устаўце прапушчаныя літары і знакі прыпынку.
Картка №4
Прачытайце тэкст. Устаўце прапушчаныя літары. Расстаўце неабходныя знакі прыпынку. Адным-двума складаназлучанымі сказамі прадоўжыце тэкст.
… Гэта было на досвітку два..аць другога чэрв..ня тыс..ча дзевяц..сот сорак першага года. Гітл..раўскія войскі раптоўна напалі на Брэс..кую кр..пасць і на горад абруш..ўся агонь варожай арт..лерыі. З неба пасыпаліся бомбы але авалодаць крэпас..ю з ходу ворагу (не) ўдалося.
Мужна абаранялася Брэс..кая кр..пасць і гітл..раўцы прымянілі тут сама.. нова.. ў той час узбрае..е.
-Давайце паслухаем тэкст. (Тлумачэнне пунктуацыі і некаторых арфаграм)
-Вызначце тэму тэксту. (Малюнкі з выявамі Брэсцкай крэпасці)
-Калі адбываліся падзеі, апісаныя ў гэтым творы?
-Хто з вас ведае, колькі дзён трымала абарону Брэсцкая крэпасць?(болей 30 дзён)
-Якую знамянальную дату, звязаную з апісанымі падзеямі, адзначала наша краіна ў гэтым годзе?(75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў)
-Якая лексічная тэма нашага ўрока? (Тэма Вялікай Айчыннай вайны)
-А як мы ўшаноўваем памяць пра герояў вайны, якія здабылі для нас Перамогу?
(Мы выказваем падзяку ветэранам, якія здабылі мір на нашай зямлі.
Слухаем паведамленне Насці Капытка пра свайго прадзеда. Насця паказала ўзнагароды, якія атрымаў прадзед)
- Сінтаксічны разбор сказаў.
Настаўнік: Наступны этап нашага ўрока – сінтаксічны разбор сказаў. Будзем працаваць з карткай №5 па варыянтах (два вучні каля дошкі).
Картка №5
Выканайце сінтаксічны разбор сказа.
Варыянт 1
Як сімвал жывых, шумяць тры бярозкі ды гарыць Вечны агонь над магіламі кожнага чацвёртага.
Варыянт 2
Гады праходзяць, а бярозы забыць не могуць партызан.
(Пасля выканання задання праводзіцца самакантроль)
Адказы: Варыянт 1: Апавядальны, няклічны, складаны, складаназлучаны са спалучальнымі адносінамі
Варыянт 2: Апавядальны, няклічны, складаны, складаназлучаны з супраціўнымі адносінамі.
VІІІ. Падвядзенне вынікаў урока.
Настаўнік: На вялікі жаль, час ідзе хутка. Наш урок падыходзіць да завяршэння.
-На вашу думку, ці рэалізавалі мы задачы, пастаўленыя на ўроку?
-Ці былі эфектыўнымі віды заданняў, прапанаваныя вам?
(Заданні былі цікавыя, разнастайныя, звязаныя са знамянальнымі падзеямі…)
ІХ.Дамашняе заданне.
Пр. 86; паўтарыць тэму “Правапіс мяккага знака і апострафа”
Х. Рэфлексія.
Настаўнік: Давайце яшчэ раз звернемся да мэт нашага ўрока. Як вы лічыце, ці справіліся мы з імі?
-Падыміце рукі тыя, хто можа сказаць, што зразумеў тэму і можа дапамагчы сябру.
-А ў каго былі цяжкасці пры выкананні заданняў? (не хвалюйцеся, у нас яшчэ будзе час адпрацаваць гэту тэму)
Настаўнік: Мы заканчваем урок з добрымі ведамі і ў добрым настроі. Дзякую за працу.
Хай сонца яснае свеціць,
Хай песня разліваецца,
Хай сум ніколі вас не стрэціць,
Жыццё вам усміхаецца.