Тэма : Дзейнік і выказнік – галоўныя члены сказа.
Мэты: 1. Замацаваць паняцці “дзейнік” і “выказнік”;
- Фарміраваць уменне знаходзіць дзейнік і выказнік у сказе па сэнсавых пытаннях;
- Развіваць граматычны лад маўлення, лагічнае мысленне вучняў;
- Выхоўваць паважлівыя адносіны да сваякоў і знаёмых, культуру маўлення.
Абсталяванне: карткі з заданнямі, малюнкі Восені, сарокі, вавёркі, грыбоў.
Ход урока 1.Арганізацыйны этап.
-Я вельмі рада сустрэцца з вамі на ўроку беларускай мовы. Я вельмі хачу, каб вам было прыемна са мною працаваць, каб збыліся ўсе вашы пажаданні.
Псіхалагічны настрой на работу:
-Раз, два, тры! Усмешку сябру падары!
- Паведамленне тэмы ўрока.
-Давайце паспрабуем сфармуліраваць тэму нашага ўрока. Прачытайце запіс на дошцы. (Галоўныя члены сказа). Якія вы ведаеце галоўныя члены сказа? Чаму яны так называюцца? Давайце падумаем, што кожны з вас хоча даведацца і чаму навучыцца ў час нашага ўрока.
-Добра. Мы вызначылі тыя мэты, якія мы павінны дасягнуць на нашым уроку.
-А да нас сёння ў госці нехта хоча зайсці. Хто? Адгадаем:
Непрыкметна зуcім
Прыплыве павуцінкай,
Гляне жоўтым лістком
З-пад зялёнай хусцінкі. (Восень).
-Да нас у госці завітала Чараўніца Восень.
(Картка з словам восень і малюнак вывешваюцца на дошцы).
-Колькі ў слове восень літар? А падлічыце, колькі гукаў. Чаму гукаў менш, чым літар? Назавіце гукі. Чым яшчэ абазначаецца мяккасць зычных гукаў на пісьме? Падзяліце слова восень на склады.
-Назавіце восеньскія месяцы. Які месяц восені першы? Чаму ён мае такую назву? (Малюнак вераса прымацоўваецца да дошкі).
- 3. Моўная размінка.
Вырас верас і цвіце.
Восень, верасень ідзе.
-Прачытайце скарагаворку з інтанацыяй здзіўлення і захаплення.
-Якія прыкметы восені можна заўважыць у другім месяцы восені?
-Наляцеў моцны вецер і пазрываў з клёна лісцікі. Яны разляцеліся па ўсім класе. Сказ рассыпаўся. Знайдзіце па аднаму кляноваму лісціку. З кляновых лісточкаў складзіце сказ. (Калектыўная работа). Які сказ атрымаўся? Называем па аднаму слову, а Ірына на дошцы складвае з картак сказ:
Восень залатая сее радасць на зямлі.
-Прачытайце сказ, запісаны на дошцы. Падлічыце, колькі ў ім слоў. Які гэта сказ па мэце выказвання? Па інтанацыі? А як зрабіць гэты сказ клічным?
-Чаму кажуць, што восень сее радасць? (Дорыць шмат гасцінцаў).
4.Праверка дамашняга задання.
-Пра якія гасцінцы ідзе размова ў дамашнім заданні? (Грыбы)
-Зачытайце сказ, які дапоўнілі назвай гэтага грыба (Паказваю малюнак сыраежкі), г.д.
-Якім членам сказа з’яўляюцца ўстаўленыя словы? (Дзейнікам)
Успомнім тое, што ведаем пра дзейнік:
-На якія пытанні адказвае?
-Як падкрэсліваецца ў сказе? (Запаўненне схемы на дошцы)
5.Чыстапісанне.
-А мы далей падарожнічаем па прасторах роднай зямлі разам з Восенню.
-Які зараз месяц восені? (Кастрычнік). Запішам дату, класная работа.
Чараўніца Восень хоча паглядзець, як прыгожа вы пішаце ў сшытках.
Хвілінка чыстапісання:
Ш ш Ч ч Шч шч шча шчу шчы
шчасце шчупак шчыры
6.Работа над слоўнікавым словам
З мамай, татай у лес пайшлі.
Там баравічкоў знайшлі.
А баравічкі з сакрэтам,
Адгадаць яго нам трэба.
Па парадку размясціце,
Слоўнікавае слова знайдзіце.
-Вазьміце з кошыка ўсе па аднаму баравічку, паглядзіце на парадкавы нумар. Размясціце баравічкі па парадку. Якое слова атрымалі? (Атрымалі слова “блішчаць”). Запішыце яго ў сшыткі. Падзяліце слова на склады. Пастаўце ў слове націск.
Як вы думаеце, якім членам сказа будзе з’яўляцца новае слоўнікавае слова? (Выказнікам)
-Успомнім, что ведаем пра выказнік:
-На якія пытанні адказвае?
-Як падкрэсліваецца ў сказе? (Запаўненне схемы на дошцы)
Практ. 111
А зараз давйце ўставім слоўнікавае слова ў сказы практыкавання 111 замест пропускаў. Запішам сказы. Падкрэслім дзейнік і выказнік.
-Які сказ з’яўляецца прыказкай, а які – народнай прыкметай? Як разумееце сэнс прыказкі.
Фізхвілінка
Раз, два, тры, чатыры, пяць…
Ясь грыбы ідзе шукаць.
Там, дзе грыб трапляецца,
Нізка нагінаецца.
А грыбоў у лесе многа
пасля дожджыку грыбнога.
Раз, два, тры, чатыры, пяць…
Назбіраў іх – не падняць. 7. Развіццё мовы.
-Слухайце, нехта стукае. Хто гэта? (Сарока). (Малюнак сарокі з канвертам).
Нешта яна нам прынесла. Паглядзім. (У канверце загадка)
Што вандруе ў канверце па ўсім свеце? (Паштоўка).
Давайце складзем сказ-адказ на гэтае пытанне, каб слова паштоўка было дзейнікам.
Запішам сказ-адказ на гэтае пытанне. (Каменціраванае пісьмо).
Разгледзьце паштоўкі ў практ. 112.
Перад якімі святамі дасылаюць кожную паштоўку?
А якую паштоўку падрыхтавалі вы? (Дэманстрацыя віншавальных паштовак, зробленых сваімі рукамі). Малайцы.
- Работа над новым матэрыялам.
А зараз паслухайце верш Паўлюка Пранузы:
— Дзе ж ты быў? Скажы, Алесь. — Па грыбы хадзіў я ў лес. — Што ж ты не набраў грыбоў — Маслякоў, баравікоў? Памаўчаў Алесь з хвіліну: — Я вавёркам іх пакінуў. -Каму пакінуў Алесь грыбы? (Малюнак вавёркі).
-Навошта вавёркам грыбы? Якія гасцінцы прыгатавала Восень вавёркам яшчэ? (Арэхі)
Практ.113.
Паслухаем тэкст “Па арэхі”.
Заданне: знайсці той абзац, у якім гаворыцца пра незвычайныя паводзіны вавёрак, які падыходзіць да малюнка. (Слухаюць тэкст, сочаць, шукаюць патрэбны абзац).
-Які гэта абзац? (Другі)
-У кожным сказе гэтага абзаца нам трэба знайсці і выпісаць толькі галоўныя члены сказа. (Калектыўная работа)
Пераказ адзін аднаму другой часткі з апорай на выпісаныя спалучэнні слоў.
- Работа ў парах.
-Вавёрачкі назбіралі арэшкаў і хочуць вас пачаставаць. Са слоў, якія запісаны на арэхах, складзіце сказы. Запішыце сказ у сшыткі, падкрэсліце дзейнік і выказнік. (Работа ў парах). Узаемаправерка.
-Дзеці зачытваюць атрыманыя сказы. Знаходзяць дзейнік і выказнік.
- Падвядзенне вынікаў урока.
-Мне вельмі спадабалася ваша праца на ўроку. А зараз я хачу, каб вы мне задалі пытанні, над якімі мы сёння працавалі.
Сёння на ўроку:
Я ўспомніў…
Мне было цікава…
Мне было цяжка…
-Малайцы! Наш урок падыходзіць да канца. Адзнакі атрымалі … 11. Рэфлексія.
-Чараўніца Восень падрыхтавала вам яшчэ гасцінец – яблыкі. Вазьміце па яблычку, намалюйце вусны: калі вам было цікава працаваць, калі вы зразумелі матэрыял урока – вясёлую ўсмешку; калі вы зразумелі не ўсё, калі ў вас засталіся незразумелыя моманты – палосачку; калі вам было цяжка, калі вы нічога не зразумелі – сумныя вусны. Пакладзіце свае яблычкі ў карзінкі: дзяўчынкі - з чырвонай стужкай, хлопчыкі - з сіняй стужкай. 12. Дамашняе заданне.
-Вось мы і даведаліся, з якім настроем вы заканчваеце ўрок? Я спадзяюся, што з такім добрым настроем вы выканаеце дамашняе заданне (практ. 116) -Урок закончаны.
Чэчун Ала Сямёнаўна