Арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці вучняў

Арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці вучняў

 

План выступлення па тэме

Уступ

1) Агульныя паняцці даследчай дзейнасці вучняў;

2) Уменні, неабходныя для даследчай дзейнасці.

І. Падрыхтоўка да правядзення навуковага даследавання

1) Вызначэнне аб’ектнай галіны, аб’екта і прадмета даследавання;

2) Выбар, фармулёўка і абгрунтаванне тэмы даследавання:

а) асноўныя крытэрыі выбару тэмы даследавання;

б) абгрунтаванне актуальнасці тэмы;

3) Вывучэнне літаратуры і іншых крыніц інфармацыі:

а) агульныя правілы па працы з літаратурай;

4) Акрэсліванне гіпотэзы:

а) патрабаванні да гіпотэзы:

5) Вызначэнне мэтаў і задач даследавання;

6) Складанне плана навукова-даследчай работы;

7) Вызначэнне метадаў даследавання:

а) атрыманне і збіранне інфармацыі;

б) апрацоўка інфармацыі;

8) Афармленне бланка-задання да навукова-даследчай работы.

ІІ. Правядзенне навуковага даследавання:

1) тэхналагічны этап;

2) рэфлексіўны этап.

ІІІ.Афармленне вынікаў даследавання:

1) Правілы афармлення навукова-даследчых работ.

ІV. Абарона навукова-даследчай работы:

1) Асноўныя памылкі пры абароне вынікаў даследавання;

2) Прыкладны план выступлення даследчыка на канферэнцыі;

3) Правілы адказу на пытанні;

4) Крытэрыі ацэнкі навукова-даследчай работы.

Заключэнне.

Уступ

Адной з формаў самастойнай творчай дзейнасці вучняў з’яўляецца даследчая дзейнасць, якая мае на мэце афармленне вынікаў даследавання ў навукова-даследчыя працы. Пад даследчай дзейнасцю ў дадзеным выпадку трэба разумець дзейнасць вучняў, якая звязана з рашэннем даследчых задач, адказы на якія загадзя не вядомыя. У такіх задачах вывучаемая праблема залежыць, як правіла, ад некалькіх фактараў, якія неабходна супастаўляць, аналізаваць, а потым рабіць самастойныя вывады.

Такім чынам, даследчая дзейнасць выступае як метад навучання, які дазваляе вучням:

-        авалодаць спосабамі навуковага пазнання;

-        сфарміраваць патрэбнасць у даследчай дзейнасці;

-        атрымаць шырокія і глыбокія веды;

-        навучыцца аператыўна і гнутка іх выкарыстоўваць.

Мэтай навукова-даследчай дзейнасці вучняў у агульнаадукацыйнай установе з’яўляецца адукацыйны вынік. Дзейнасць накіравана на навучанне школьнікаў, развіццё 

іх даследчага тыпу мыслення. Галоўнае тут не авалоданне новымі, дасюль невядомымі фактамі, а навучэнне алгарытму вядзення даследавання, навыкам, якія могуць быць выкарыстаны потым у даследаванні любой складанасці і тэматыкі. Мэта напісання навукова-даследчай работы па беларускай мове – паглыбіць і ўдасканаліць навыкі самастойнай даследніцкай працы, выявіць уменне выкарыстоўваць атрыманыя веды для рашэння пэўнай лінгвістычнай задачы, развіваць лінгвістычнае мысленне.

У працэсе працы над работай вучань павінен паказаць наступныя ўменні:

1.Абрунтаваць актуальнасць, навізну і практычную значнасць праблемы;

2.Працаваць з навуковай літаратурай, прадэманстраваць узровень лінгвістычнай дасведчанасці па праблеме, аперыраваць лінгвістычнымі тэрмінамі і паняццямі;

3.Класіфікаваць і аналізаваць фактычны матэрыял, абагульняць назіранні над ім, рабіць вывады;

4.Раскрыць змест даследуемай праблемы ў сістэматызаванай, паслядоўнай форме;

5.Выявіць культуру навуковага выкладу тэарэтычнага і практычнага матэрыялу.

Навукова-даследчая дзейнасць у агульнаадукацыйнай установе – гэта сумесная праца вучняў і настаўнікаў па выяўленню сутнасці вывучаемых з’яў і працэсаў. Мэтаю такога ўзаемадзеяння з’яўляецца стварэнне настаўнікам умоў для развіцця творчай асобы, яе самавызначэння і самарэалізацыі. Для ажыццяўлення гэтай мэты важна, каб настаўнік асэнсоўваў свой інтэлектуальны і педагагічны патэнцыял, валодаў метадамі навуковага даследавання і, галоўнае, ведаў, як навучыць свайго вучня карыстацца імі.

Пасля самавызначэння педагога як навуковага кіраўніка можна прыступаць да сумеснай працы вучня і настаўніка над аб’ектам даследавання, у працэсе якой адбываецца не толькі прамая перадача інфармацыі ад настаўніка да вучня, але ўзнікае і зваротная інфармацыйная сувязь: ад вучня-даследвальніка да педагога – навуковага кіраўніка.

Арганізацыю навукова-даследчай дзейнасці ў школе можна ўмоўна падзяліць на этапы. Гэта неабходна ў навучальных, тлумачальных мэтах, каб максімальна дакладна і зразумела абазначыць усе складнікі гэтай дзейнасці.

 

І.Падрыхтоўка да правядзення навуковага даследавання

1.Вызначэнне аб’ектнай галіны, аб’екта і прадмета даследавання

Перш чым прыступіць да навукова-даследчай працы з вучнямі, навуковы кіраўнік павінен растлумачыць ім, што навуковае даследаванне павінна насіць сістэматычны, мэтанакіраваны характар. Вельмі важна дакладна акрэсліць сферу навукова-даследчай дзейнасці, вызначыць своеасаблівую “сістэму каардынат” даследавання (менавіта з гэтага пачынаецца праца над любым даследаваннем), якую складаюць тры элементы: аб’ектная вобласць, аб’ект і прадмет даследавання.

Аб’ектная вобласць даследавання – гэта сфера навукі і практыкі, у якой знаходзіцца аб’ект даследавання. У нашым выпадку аб’ектнай вобласцю даследавання будзе беларуская мова і літаратура, нацыянальная культура.

Аб’ект даследавання – гэта пэўны працэс ці з’ява, што спараджае праблемную сітуацыю. Аб’ект – гэта своеасаблівы носьбіт праблемы, тое, на што скіравана даследчая дзейнасць.

Прадмет даследавання – гэта канкрэтная частка аб’екта, унутры якога вядзецца пошук. Прадметам даследавання могуць быць моўныя з’явы, літаратурныя падзеі і шмат чаго яшчэ. Іменна прадмет даследавання вызначае тэму працы.

  1. Выбар, фармулёўка і абгрунтаванне тэмы даследавання

Пасля вызначэння аб’екта і прадмета даследавання ідзе вызначэнне яшчэ больш вузкай сферы даследавання – тэмы даследавання.

Тэма – гэта ракурс, у якім разглядаецца праблема. Яна ўяўляе сабой аб’ект вывучэння ў пэўным аспекце, характэрным для дадзенай працы.

Для большасці вучняў выбар тэмы з’яўляецца даволі складаным этапам. Часта яны выбіраюць занадта маштабныя або складаныя тэмы, раскрыць якія ў межах вучэбнага 

даследавання немагчыма. Іншая крайнасць – калі вучань выбірае “збітую” тэму, якая невядома толькі для пачынаючага даследчыка. Пагэтаму пры выбары тэмы вельмі важная дапамога навуковага кіраўніка.

Асноўныя крытэрыі для выбару тэмы даследавання

1) мэтазгодна, каб тэма ўяўляла інтарэс для вучня не толькі ў дадзены, бягучы момант, але і ўпісвалася ў агульную перспектыву прафесійнага развіцця вучня, г.зн.мела непасрэдныя адносіны да выбранай ім будучай спецыяльнасці;

2) выбар тэмы (у ідэале) павінен быць матываваны інтарэсам да яе і вучня, і педагога. У такім выпадку ўзаемаадносіны навуковага кіраўніка і вучня нагадваюць традыцыйныя адносіны “майстар – вучань”;

3) тэма павінна быць рэалізуемай, г.зн.па выбранай тэме павінны быць даступнымі літаратура і іншыя крыніцы інфармацыі;

4) тэма павінна быць актуальнай у сучаснай школе. Пагэтаму задача навуковага кіраўніка – зарыентаваць пачынаючага даследчыка ў ступені прапрацаванасці той ці іншай праблемы.

Вельмі важна правільна сфармуляваць тэму, бо гэта ў пэўнай ступені візітоўка даследавання. Пры гэтым першапачатковая фармулёўка тэмы можа насіць не канчатковы, а папярэдні характар. Важна памятаць аб традыцыйных патрабаваннях: тэма павінна быць сфармулявана лаканічна, а выкарыстаныя пры яе фармулёўцы паняцці лагічна ўзаемазвязаны.

Адказным этапам у падрыхтоўцы даследавання з’яўляецца этап абгрунтавання актуальнасці тэмы даследавання.

Абгрунтаваць актуальнасць – значыць растлумачыць неабходнасць вывучэння тэмы ў кантэксце агульнага працэсу навуковага пазнання. Вызначэнне актуальнасці тэмы даследавання – абавязковае патрабаванне да любой працы. Актуальнасць можа заключацца ў неабходнасці атрымання новых дадзеных, пераасэнсаванні фактаў, працэсаў і з’яў, вызначэнні іх значэння.

Асвятленне актуальнасці, як і фармулёўка тэмы, павінна быць дакладным і лаканічным. Пры гэтым варта адзначыць, чаму менавіта дадзеная тэма і іменна ў дадзены момант з’яўляецца актуальнай, коратка спыніцца на прычынах, па якіх вывучэнне гэтай тэмы стала неабходным, і што перашкаджала яе раскрыццю ў папярэдніх даследаваннях.

Паказчыкам актуальнасці з’яўляецца наяўнасць у дадзенай вобласці даследавання нейкай праблемы, г.зн. якойсьці супярэчлівай сітуацыі, што патрабуе вырашэння. З’яўленне праблемы можа быць звязана з тым, што існуючыя навуковыя веды ўжо не дазваляюць вырашаць новыя задачы, пазнаваць новыя з’явы, тлумачыць раней невядомыя факты, ці наадварот, новая сітуацыя прымушае па-новаму зірнуць на раней вядомыя факты і падзеі. Правільная пастаноўка і зразумелая фармулёўка новых праблем у даследаванні вельмі важныя: яны вызначаюць стратэгію даследавання, накірунак навуковага пошуку.

На дадзеным этапе працы не заўсёды можна дакладна вызначыць тэму даследавання, а таксама шляхі і спосабы яго правядзення. Для гэтага неабходна вывучыць літаратуру і іншыя крыніцы інфармацыі па дадзенай праблеме. Пасля гэтага тэма ўдакладняецца.

  1. Вывучэнне літаратуры і іншых крыніц інфармацыі

У складанні спісу неабходнай для вывучэння літаратуры абавязковы ўдзел самога даследчыка. Адной з самых распаўсюджаных памылак навуковых кіраўнікоў з’яўляецца тое, што яны даюць вучням ужо гатовы пералік выданняў і тым самым пазбаўляюць іх магчымасці набыць навык самастойнай працы ў бібліятэцы: працы з сістэмай бібліятэчных, у тым ліку і электронных, каталогаў, правільнага афармлення бібліяграфічных дадзеных.

Спачатку вучню можа падацца, што літаратура па тэме – гэта нейкая бязмежная прастора, у якой немагчыма знайсці хоць якія арыентыры. Каб гэтага не адбылося, навуковы кіраўнік павінен падказаць найбольш эфектыўныя спосабы працы з першакрыніцамі і іншай літаратурай. Асвоены алгарытм працы дазволіць вучню у далейшым вольна арыентавацца ў літаратуры па выбранай тэме.

Агульныя рэкамендацыі па працы з літаратурай

1) Вывучэнне навуковых публікацый па тэме пажадана праводзіць паэтапна. Лепш пачынаць з работ гэтак званага агульнага характару, г.зн.такіх публікацый, з якіх можна атрымаць агульнае ўяўленне аб асноўных пытаннях, да якіх датычная выбраная тэма, а затым ужо весці пошук вузкаспецыяльнага матэрыялу.

2) Пры працы з ужо гатовым бібліяграфічным спісам, а таксама пры яго складанні вучань павінен арыентавацца ў структуры выдання, паколькі асобныя яе элементы валодаюць пэўнымі функцыямі і з’яўляюцца носьбітамі інфармацыі:

загаловак у навуковай літаратуры ўказвае на тэму;

анатацыя, размешчаная на зваротным баку тытульнага ліста, раскрывае змест працы;

змест утрымлівае план перадачы тэмы, з’яўляецца свайго роду даведнікам па выданню. Ён знаёміць з праблематыкай работы, яе агульнай структурай і дае магчымасць хуткага пошуку інфармацыі;

прадмова вылучае задачы, пастаўленыя аўтарам, больш падрабязна характарызуе структуру выдання і арыентуе ў ёй чытача. Яна папярэднічае пераказу асноўнага матэрыялу і дае ўстаноўку на яго ўспрыманне;

пасляслоўе падводзіць вынікі, паведамляе кароткія вывады даследавання;;

даведачны матэрыял дае каментары паняццяў, тэрмінаў, фактаў, якія патрабуюць тлумачэння.

Інфармацыя, атрыманая пры працы са структурай выдання, дазваляе зразумець, наколькі неабходная для канкрэтнага даследавання тая ці іншая крыніца.

3) Працуючы з літаратурай па тэме, вучань павінен валодаць рознымі тыпамі чытання, якія маюць на ўвазе розную ступень пранікнення ў матэрыял (прагляднае, азнаямляльнае, вывучальнае).

4) Вучня неабходна пазнаёміць са спосабамі фіксавання неабходнай інфармацыі. Мэтазгодна параіць стварэнне своеасаблівага “банка дадзеных” па тэме работы. Трэба арыентаваць пачынаючых даследчыкаў на тое, што важна рабіць выпіскі ўсяго, што можа спатрэбіцца ў дадзенай навуковай працы: цікавыя думкі, факты, лічбы, розныя пункты погляду. Існуюць самыя розныя метады такой працы. Навуковы кіраўнік павінен дапамагчы вучню выбраць менавіта той, які лепш за ўсё адпавядае яго індывідуальным асаблівасцям: тэмпу мыслення, аб’ёму памяці, шырыні асацыятыўных сувязей. Вось некаторыя з іх:

-        чытаючы навуковыя тэксты і іншыя пісьмовыя крыніцы, можна рабіць выпіскі ў выглядзе канспектаў;

-        для некага больш зручна фіксаваць ужо перапрацаваны матэрыял;

-        нехта аддае перавагу выпісцы выключна цытат.

Акрамя таго, вучняў неабходна пазнаёміць са спосабамі афармлення інфармацыі. Гэта можна зрабіць або ў форме картак, або ў асобным сшытку. Найбольш зручным спосабам з’яўляецца падрыхтоўка спецыяльных картак, якія афармляюцца па меркаванні вучня, таму што складаюцца для яго асабістага карыстання і пагэтаму павінны змяшчаць інфармацыю ў зручнай для яго форме.

5) Неабходна растлумачыць вучням, што, па-першае, не ўся выпісаная інфармацыя можа аказацца неабходнай; па-другое, не трэба імкнуцца ўключыць у даследаванне ўвесь наяўны матэрыял, калі гэта можа пашкодзіць цэласнасці і лагічнасці даследавання; па-трэцяе, неабходна памятаць, што доказы не могуць грунтавацца толькі на адных цытатах.

6) Пры вывучэнні літаратуры не варта імкнуцца да запазычвання матэрыялу. Больш правільна будзе супаставіць, прааналізаваць знойдзеную інфармацыю, зрабіць вывады і скласці ўласнае меркаванне па выучаемай праблеме.

  1. Акрэсліванне гіпотэзы

Удакладніўшы тэму ў выніку вывучэння літаратуры, даследчык можа прыступаць да выпрацоўкі гіпотэзы. Гэта адзін з самых складаных момантаў працы над даследаваннем і, трэба адзначыць, адзін з самых няпростых як для навуковага кіраўніка, так і для даследчыка. Складанасці, што ўзнікаюць у настаўніка на дадзеным этапе, звязаны, перш за ўсё, з тлумачэннем вучням, што ад іх патрабуецца; вучням жа цяжка ўспрымаць інфармацыю з-за ўзросту і тэарэтычнай непадрыхтаванасці. Гіпотэза павінна адпавядаць шэрагу патрабаванняў:

-        быць правяраемай (на аснове гістарычнай крыніцы, вывучанай літаратуры);

-        утрымліваць меркаванне;

-        быць лагічна несупярэчлівай;

-        адпавядаць фактам.

Наяўнасць гіпотэзы надае навукова-даследчай рабоце праблемны характар, ператварае яе з простай кампіляцыі (кампіляцыя – аб’яднанне вынікаў чужых даследванняў, думак, без самастойнай апрацоўкі крыніц) у даследаванне.

Пры фармуліроўцы гіпотэзы звычайна выкарыстоўваюцца слоўныя канструкцыі тыпу калі..., то, пры ўмове, што... і інш., якія накіроўваюць даследчыка на раскрыццё сутнасці з’явы, устанаўленне прычынна-наступнасных сувязяў. Працэс фармулявання гіпотэзы не з’яўляецца аднамомантным актам. Спачатку лепш супаставіць яе рабочы варыянт – пярвічнае, часовае меркаванне. Пасля накаплення значнай колькасці фактычнага матэрыялу рабочы варыянт гіпотэзы ўдакладняецца, відазмяняецца і набывае выгляд канчатковай навуковай гіпотэзы.

  1. Вызначэнне мэтаў і задач даследавання

Услед за выпрацоўкай гіпотэзы пачынаецца наступны этап падрыхтоўкі да даследавання – вызначэнне яго мэтаў і задач. Дакладней, не пачынаецца, а працягваецца, паколькі выпрацоўка мэтаў і задач адбываецца ўжо ў працэсе распрацоўкі гіпотэзы.

Мэты даследавання – гэта канчатковы вынік, якога хацеў бы дасягнуць даследчык пры завяршэнні сваёй працы.

Навуковаму кіраўніку неабходна дапамагчы вучню ў вызначэнні мэты. Для гэтага мэтазгодна выдзеліць найбольш тыповыя з іх.

Фармулёўку мэты даследавання таксама можна прадставіць рознымі спосабамі, выкарыстоўваючы традыцыйна ўжываемыя ў навуковай мове клішэ:

-        выявіць;

-        устанавіць;

-        абгрунтаваць;

-        удакладніць;

-        вывучыць;

-        разгледзець і інш.

Мэта працы вызначае задачы. Фармуляваць задачы неабходна вельмі ўважліва, паколькі яны наўпрост звязаны са зместам частак навукова-даследчай работы. Назвы частак нараджаюцца менавіта з фармулёўкі задач.

Задача даследавання – гэта выбар шляхоў і сродкаў для дасягнення мэты ў адпаведнасці з высунутай гіпотэзай. Неабходна растлумачыць вучням, што задачы лепш за ўсё фармуляваць у выглядзе сцвярджэння таго, што неабходна зрабіць, каб мэта была дасягнута. Пастаноўка задач грунтуецца на драбленні мэтаў даследавання на падмэты. Пералічэнне задач будуецца ад найменш складаных да найбольш складаных, а колькасць іх вызначаецца глыбінёй даследавання.

  1. Складанне плана навукова-даследчай работы

Пасля таго, як былі вызначаны аб’ект і прадмет даследавання, удакладнена тэма, сфармуляваны мэта і задачы работы, неабходна скласці план, па якому будзе весціся навукова-даследчая дзейнасць. Назвы глаў цесна звязаны з задачамі працы. Патрабаванні да фармулёвак назваў адпавядаюць патрабаванням фармулявання тэмы: яны павінны быць лаканічнымі, лагічна ўзаемазвязанымі адна з адной. У аб’ёмных главах могуць выдзяляцца падглавы.

Дэталёвы, прадуманы план адлюстроўвае сістэму і паслядоўнасць у выкладзе матэрыялу, канкрэтызуе напрамкі даследавання, аб’ядноўвае сузалежныя часткі, якія дапаўняюць, узаемаабумоўліваюць ход і логіку разважанняў.

Першапачатковы план работы акрэсліваецца ў працэсе знаёмства з літаратурай па тэме і класіфікацыі фактычнага матэрыялу. Канчатковы варыянт плана шліфуецца падчас напісання чарнавога варыянту. Трэба памятаць, што фармуліроўка назвы раздзелаў, параграфаў з’яўляецца сэнсавым ядром даследавання. Назва дэманструе як самастойнасць, лагічную завершанасць кожнай часткі, так і яе суаднесенасць са зместам усяго даследавання.

  1. Вызначэнне метадаў даследавання

Наступным этапам у падрыхтоўцы і правядзенні навуковага даследавання з’яўляецца вызначэнне метадаў даследавання.

Як паказвае практыка, на пачатковым этапе авалодвання навыкамі навуковай працы школьнікам не хапае як вопыту яе арганізацыі, так і вопыту выкарыстання розных метадаў навуковага пазнання і прымянення традыцыйнай для навуковай практыкі лагічных заканамернасцей і правілаў. Задача настаўніка – узброіць вучняў гэтым неабходным для даследавання інструментарыем.

Метад – гэта спосаб дасягнення мэты даследавання. Ад выбару метаду залежыць магчымасць рэалізацыі даследавання – яго правядзенне і атрыманне пэўнага выніку. Метад, па сутнасці, – гэта “здабытчык” навуковай інфармацыі. Метады даследавання выкарыстоўваюцца ў пэўнай сістэме.

Сістэма метадаў – гэта ўпарадкаваная сукупнасць аперацый (дзеянняў), з дапамогай якіх у адпаведнасці з пастаўленай мэтай вывучаюцца крыніцы даследавання, з якіх здабываюцца новыя веды. Каб стварыць такую сістэму, адпаведную мэтам даследавання, неабходна мець уяўленне аб усёй сукупнасці метадаў даследавання.

Традыцыйна метады падраздзяляюцца на два самастойных класы: атрыманне і збіранне інфармацыі і метады яе апрацоўкі.

У сваю чаргу збіранне інфармацыі падраздзяляецца на тэарэтычныя і практычныя метады. Тэарэтычныя: аналіз і сінтэз; абстрагаванне; узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага; інтэграцыя; мадэляванне; тэорыі, вучэнні і падыходы.

Практычныя (эмпірычныя) метады даследавання звязаны з дзеяннямі даследчыка, накіраванымі на правядзенне практыкі. Да эмпірычных метадаў можна аднесці: 1)назіранне; 2) параўнанне; 3) эксперымент; 4) інтэрв’ю і гутарка; 5) фатаграфаванне (кіназдымка, відэаздымка).

Другі клас метадаў датычыць апрацоўкі інфармацыі. Яны падзяляюцца на колькасныя і якасныя.

Група колькасных метадаў звязана з вымярэннем і абстрагаваннем ад глыбінных і змястоўных пластоў інфармацыі. Іх часта называюць фармальнымі. Колькасныя метады патрэбныя далёка не заўсёды. Яны выкарыстоўваюцца там, дзе даследчык сутыкаецца з вялікай колькасцю фактаў і меркаванняў.

Якасныя  (змястоўныя) метады апрацоўкі дадзеных звязаны з тлумачэннем сэнсу, выяўленнем паходжання, знешняй структуры выяўленых з’яў, фактаў.

Выбар таго ці іншага метаду ажыццяўляецца вучнямі пры абавязковым кіраўніцтве педагога.

Пры выбару метада даследавання трэба памятаць, што ён павінен адпавядаць наступным фактарам::

-        мэце даследавання;

-        крыніцы;

-        навуковым магчымасцям даследчыка.

  1. Афармленне бланка-задання да навукова-даследчай работы

Завяршаючым этапам да правядзення навуковага даследавання з’яўляецца афармленне бланка-задання па навукова-даследчай працы. Гэты этап не менш важны, чым усе астатнія, паколькі дазваляе вучню асэнсаваць сур’ёзнасць работы, якую ён будзе выконваць. Уручэнне гэтага свайго роду дакумента абазначае, з аднаго боку, што ў вучня ўзнікаюць пэўныя абавязкі ў адносінах да навуковага кіраўніка, а з другога – дазваляе педагогу паэтапна арганізаваць працу з вучнямі, а таксама кантраляваць яе выкананне.

ІІ. Правядзенне навуковага даследавання

  Правядзенне даследавання ўключае ў сябе два паслядоўныя этапы: тэхналагічны (уласна правядзенне) і аналітычны (рэфлексіўны).

  1. Тэхналагічны этап

Гэты этап пачынаецца ўжо на стадыі вывучэння літаратуры і іншых крыніц інфармацыі. Пасля таго, як была вывучана літаратура і створаны банк дадзеных па тэме, неабходна правесці сістэматызацыю назапашанага матэрыялу. Для гэтага можна параіць вучням скампанаваць карткі (выпіскі ў сшытках і т.п.) па главах, улічваючы лагічную паслядоўнасць і тыя пытанні, якія будуць разгледжаны ў главах. Тут жа мы рэкамендуем скласці і разгорнуты план даследавання па кожнай главе. Такі план павінен прадугледжваць усе пытанні, якія можна прадбачыць ужо ў самым пачатку даследчай працы, а таксама змяшчаць метады даследавання, якія будуць выкарыстоўвацца ў працы. Канечне, у навуцы магчымыя і выпадковыя адкрыцці, аднак нельга будаваць навуковае даследаванне, арыентуючыся на выпадковасці. Толькі планавае даследаванне можа дазволіць надзейна, крок за крокам пазнаць новыя факты і заканамернасці.

На гэтым жа этапе адбываецца і назапашванне практычных матэрыялаў: правядзенне інтэрв’ю, гутарак, статыстычных апытанняў, мадэляванне сітуацый, назіранне, параўнанне, фатаграфаванне, кіназдымка і г.д. Пазней увесь практычны матэрыял таксама групуецца па главах, праводзіцца падбор метадаў яго апрацоўкі (напрыклад, аналіз, параўнанне і г.д.).

  1. Рэфлексіўны этап

Услед за правядзеннем тэхналагічнага этапу працы неабходна “адрэфлексаваць” атрыманыя вынікі: прааналізаваць, наколькі яны дазваляюць пацвердзіць вылучаную ў пачатку даследавання гіпотэзу, удакладніць іх адпаведнасць пастаўленым мэтам. Пасля правядзення рэфлексіўнай часткі можна прыступаць да планавання наступнага этапа работы – афармлення вынікаў даследавання.

 

ІІІ. Афармленне вынікаў даследавання

У многіх вучняў ёсць меркаванне, што афармленне вынікаў даследавання – гэта нязначны, чыста фармальны этап друкавання. Пагэтаму неабходна арыентаваць іх на тое, што афармленне вынікаў навуковага даследавання – адзін з самых працаёмкіх і адказных этапаў працы, які патрабуе ўвагі і часу.

Афармленне вынікаў пачынаецца з кампаноўкі падрыхтаваных тэкстаў па главах у адпаведнасці са структурай працы (што праводзіцца ўжо на этапе правядзення даследавання). Пасля таго, як главы сфарміраваны (напісаны), трэба іх уважліва прачытаць і адрэдактаваць як з пункту гледжання арфаграфіі, так і па змесце (зверыць лічбы, даты і факты, зноскі, цытаты і інш.). Пасля прачытання кожнай главы і ажыццяўлення праўкі трэба прыступаць да напісання высноў да кожнай главы. Вывад па главе звычайна ўтрымлівае кароткі пераказ сутнасці пытання, разгледжанага ў ёй, і абагульненне вынікаў зробленага аналізу.

Далей рыхтуецца заключэнне да ўсёй працы. Толькі пасля гэтага прыступаюць да напісання ўступу. Затым складаецца спіс літаратуры, які ўяўляе сабой пералік кніг і артыкулаў у перыядычных выданнях, размешчаны або ў алфавітным парадку (па прозвішчах аўтараў ці па назвах калектыўных прац без указання аўтараў на тытульным лісце), або ў той паслядоўнасці, у якой ідуць зноскі на кнігі і артыкулы ў тэксце самой працы.

Каб папярэдзіць памылкі пры афармленні навукова-даследчых работ, кіраўнік павінен пазнаёміць вучняў з правіламі іх афармлення.

Навуковы кіраўнік павінен звярнуць увагу вучняў на тое, што, акрамя фармальных асаблівасцей прадастаўлення матэрыялаў, даследчык павінен удзяліць асаблівую ўвагу мове падачы вынікаў даследавання. Удалая перадача, пісьменная, навуковая мова, а таксама дакладнасць і лагічнасць пабудовы матэрыялу з’яўляюцца важнай вартасцю працы і здольныя падкрэсліць найбольш удалыя яе моманты.

Работа, незалежна ад характару даследаванага матэрыялу, змяшчае тры арганічна звязаныя элементы: уводзіны, асноўную частку, заключэнне. Ва ўводзінах абгрунтоўваецца актуальнасць тэмы, робіцца агляд літаратуры па абранай праблеме, фармулююцца мэта і задачы працы, акрэсліваецца матэрыял даследавання і аб’ём картатэкі. Асноўная частка працы ўтрымлівае класіфікацыю матэрыялу ў адпаведнасці з задачамі даследавання, апісанне і аналіз. У заключэнні даецца тэарытычнае абагульненне, вывады па ўсіх раздзелах працы.

Пасля заканчэння афармлення вынікаў даследавання можна параіць вучням скласці рэферат. Гэта сціслы пераказ працы з указаннем ключавых слоў навукова-даследчай работы, аб’екта і прадмета даследавання, метадаў даследавання, мэтаў і задач работы, вывадаў і прапаноў, якія ўзніклі ў вучня падчас распрацоўкі тэмы. Рэферат падшываецца да працы пасля тытульнага ліста, улічваецца ў скразной нумарацыі, але не нумаруецца.

Складанне такога рэферата, па-першае, дапаможа вучню ў канчатковым асэнсаванні свайго даследавання, у пабудове дакладнай лініі выступлення падчас абароны работы; па-другое, дасць магчымасць атрымаць дастаткова поўнае ўяўленне аб характары выкананага даследавання членам журы на навуковай канферэнцыі.

 

ІV. Пасля заканчэння даследавання і афармлення яго вынікаў у навукова-даследчую працу яна здаецца навуковаму кіраўніку для рэцэнзавання. Затым наступае апошні этап – абарона. Калі важнасць гэтага этапу недаацэньваецца вучнем і педагогам, дык нават якасна праведзенае даследаванне выглядае пры публічным прадстаўленні непераканаўча. Да асноўных памылак, якія дапускаюцца пры абароне вынікаў даследавання, можна аднесці: 1) празмерны, складаны для ўспрымання аўдыторыі і журы аб’ём інфармацыі; 2) пераказ усёй працы; 3) спробы выбудаваць логіку пераказу з ходу; 4) няздольнасць зацікавіць аўдыторыю. Каб пазбегнуць такога роду памылак, неабходна параіць вучням загадзя падрыхтаваць выступленне-даклад.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на мову дакладчыка. Яна павінна быць зразумелай, граматычна дакладнай, упэўненай, выразнай. Калі дакладчык гаворыць хутка, ціха, невыразна, глытаючы канчаткі слоў, то якасць яго выступлення зніжаецца. Спакойны, паслядоўны і добра аргументаваны пераказ матэрыялу імпануе слухачам. Аднак выкарыстанне навуковага стылю не азначае, што падчас выступлення неабходна грэбаваць вобразнымі параўнаннямі, кантрастамі, незвычайнымі фактамі, якія дазваляюць утрымліваць увагу аўдыторыі.

 

Прыкладны план выступлення школьніка-даследвальніка на канферэнцыі:

  1. Тэма даследавання.
  2. Мэта.
  3. Навуковы кіраўнік.
  4. Характарыстыка даследуемых з’яў.
  5. Методыка правядзення даследавання.
  6. У супрацоўніцтве з кім праводзілася праца.
  7. Выкарыстаныя прыборы, абсталяванне, матэрыялы.
  8. Агляд атрыманых дадзеных.
  9. Методыка іх апрацоўкі.
  10. Вынікі даследавання, прадстаўленыя ў нагляднай форме (табліцы, графікі, схемы і г.д.).
  11. Аналіз вынікаў працы.
  12. Вывады.

 

Пасля таго як дакладчык скончыў выступ, члены камісіі задаюць пытанні. Пытанні можа задаць і любы з прысутных на абароне, і вучань павінен быць да гэтага гатовы. Задача навуковага кіраўніка – растлумачыць, што пытанняў не трэба баяцца, што адказ на пытанне дае яшчэ адну магчымасць прадэманстраваць грунтоўнасць і глыбіню вывучэння тэмы. Акрамя таго, у асяродку вучняў існуе меркаванне, што пытанні задаюцца выключна з мэтаю “патапіць” дакладчыка. Кіраўнік павінен пераканаць у памылковасці гэтага меркавання. Калі дакладчыку задаюць пытанне, дык гэта азначае, што тэма зацікавіла, прыцягнула ўвагу слухачоў.

 

Пры адказе на пытанні вучні павінны памятаць шэраг простых правілаў:

  1. Калі зададзенае пытанне выходзіць за межы даследавання, не варта прыдумляць адказ, не падмацаваны вынікамі даследавання. Цалкам дапушчальна сказаць, што гэта не было прадметам вашага даследавання ці гэта плануецца даследаваць на наступным этапе. Так вы толькі падтрымаеце вобраз удумлівага даследчыка.
  2. Вельмі важнай умовай удалага адказу на пытанне з’яўляецца правільнае разуменне таго, што іменна пытаецца апанент. Пагэтаму, калі нешта незразумела, трэба ўдакладніць пытанне і толькі потым адказваць на яго. У адваротным выпадку ёсць небяспека таго, што вы адказваеце не на пытанне, якое вам задалі, а на сваю версію гэтага пытання. Не варта кідацца і ў іншую крайнасць – пачынаць удакладняць відавочныя і зразумелыя рэчы.
  3. Згодна з этыкай правядзення навуковых дыскусій, перш чым адказваць па сутнасці на зададзенае пытанне, прынята дзякаваць яго аўтару, бо той праявіў цікавасць да вашай працы. Акрамя таго, пытанні часта дазваляюць убачыць новыя накірункі для далейшага даследавання.

Паколькі вусны выступ з’яўляецца ў пэўнай ступені сцэнічным мастацтвам, г.зн. уключае ў сябе валоданне голасам, мімікай, жэстамі, навуковаму кіраўніку неабходна арганізаваць папярэдняе выступленне даследчыка перад невялікай аўдыторыяй, напрыклад, перад класам. Гэта дапаможа яму падчас выступлення на навуковай канферэнцыі адчуваць сябе больш упэўнена, дазволіць выпрацаваць адчуванне часу пры выступленні.

 

Крытэрыі ацэнкі навукова-даследчых работ:

  1. Актуальнасць праблемы, заяўленай у тэме даследавання.
  2. Навізна.
  3. Аб’ём эксперыменту. Арыгінальны, самастойна сабраны матэрыял даследавання.
  4. Асваенне метадаў, прыёмаў і падыходаў, якія адпавядаюць мэтам даследавання.
  5. Знаёмства з літаратурай па мэце даследавання.
  6. Уменне аналізаваць атрыманыя вынікі з прыцягненнем літаратурных дадзеных.
  7. Правільнае афармленне работы.
  8. Выступленне-абарона.
  9. Уменне адказваць на пытанні па тэме даследавання.

У заключэнне хацелася б адзначыць, што прапанаваныя метады арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці вучняў не прэтэндуюць на статус адзіна правільных і носяць хутчэй за ўсё рэкамендацыйны характар. Пытанні метадалогіі арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці на сённяшні дзень не распрацаваныя ў поўнай ступені і, адпаведна, з’яўляюцца полем для творчага пошуку.

С.В. Хандрыка, намеснік дырэктара па ВВР

Ещё в этом разделе